14 795
23 июля 2018 в 8:00
Автор: Виталий Олехнович. Фото: Максим Тарналицкий

Інтэрв'ю з бадай што адзіным беларускамоўным CEO IT-кампаніі Паўлам Ганчаром: пра мову, паглынанне «Гаранта» і перагрэты рынак працы

Автор: Виталий Олехнович. Фото: Максим Тарналицкий

Павел Ганчар — даволі незвычайная для беларускага бізнесу персона. Не толькі ў дамашніх, але і ў прафесійных стасунках ён прытрымліваецца беларускай мовы, чым здзіўляе і новых калег, і новых знаёмых. Адносна нядаўна ён скончыў доўгі шлях у тэлекам-індустрыі («Белтэлекам», «Велком», «Деловая сеть», «Белорусские облачные технологии», «Гарант») і перайшоў на пасаду выканаўчага дырэктара групы кампаній ActiveCloud. Пра беларускую мову, стаўленне калег, нюансы паглынання «Гаранта» і перагрэты IT-рынак працы чытайце ў нашым інтэрв'ю.


— Па-першае, віншую вас з новай пасадай. Спадзяюся, вопыт кіравання тэлекам-кампаніямі дапаможа вам на новым месцы і з новай спецыфікай працы.

— Дзякуй вялікі, ужо напоўніцу дапамагае, бо я працую ў ActiveCloud з пачатку года, пачаў у пазіцыі аперацыйнага дырэктара і першага ліпеня атрымаў падвышэнне.

— Чаму вы вырашылі прытрымлівацца беларускай мовы ў зносінах і як гэта ўспрымалі вашы калегі ў розных кампаніях?

— Вы будзеце смяяцца, але ў школе ў Беларусі я быў вызвалены ад беларускай. Мой тата быў вайскоўцам. Ва ўзросце 11 месяцаў бацькі звезлі мяне на Таймыр, і мы жылі ў Нарыльску. А вярнуліся ў Беларусь, калі мне ўжо было 11 гадоў. Гэта быў трэці клас, я быў ні ў зуб нагой у беларускай мове.

Але потым нагнаў і ў сталым узросце перайшоў цалкам. Па шчырасці, я ўжо пачаў забываць, калі і чаму, для мяне гэта проста натуральна. І прызвычаіўся, што пра гэта пытаюцца. Вось і ад вас гэта прагучала першым пытаннем, хаця беларуская мова не самая ключавая мая кампетэнцыя і дакладна зараз не ў персанальным фокусе.

Калегі, як і іншыя беларусы, у абсалютнай большасці ставяцца да беларускай мовы з сімпатыяй і нават замілаваннем. І так, у залежнасці ад колькасці персанала, частка пераходзіць: там чалавек дваццаць, тут пяць. Што праўда, звычайна для калег, якія пераходзяць, гэта не першыя спробы, а развіты навык. Свае першыя крокі да мовы людзі звычайна робяць у сям'і, там, дзе большая падтрымка і меншы цяжар сацыяльных чаканняў.

— А вас дома падтрымліваюць?

— Так, абсалютна. У нас з жонкай білінгвічныя дзеці (сын нават квадры-, бо мае цудоўныя англійскую і літоўскую), яны не задумваюцца, якую мову выкарыстоўваюць у пэўны момант. Гэта нармальна і вельмі па-беларуску, мы заўжды ведалі мовы суседзяў. Памятаеце чатырохмоўную БССР 20-х гадоў мінулага стагоддзя?

— Як-небудзь стымулюеце сваіх калег да пераходу на беларускую мову?

— Я на гэтым не засяроджваюся. Але ведаю, што шмат каму гэта падабаецца. У беларусаў ёсць сантымент да сваёй мовы. У ActiveCloud я наёмны менеджар, і мае задачы іншыя, чымся выпраўленне хіб дзяржаўнай моўнай палітыкі за кошт акцыянераў. Апрача таго, пытанне мовы не стаіць у камунікацыях.

Ёсць, можа, 5% людзей, у якіх беларуская маецца ў актыве, і ў іх з’яўляецца нагода ёй скарыстацца. Відаць, што гэта ім прыемна.

— Ці можа як-небудь IT-бізнес дапамагаць у папулярызацыі нашай мовы?

— ІТ-бізнес, як і любы іншы, перш за ўсё зацікаўлены ў прыбытку. Калі маецца плацёжаздольны попыт, ён, як правіла, задаволены. А папулярызацыя беларускай мовы — гэта больш пра нацыянальную бяспеку, мова важная як семіятычная (знакавая) сістэма, якая цэментуе грамадства, дазваляе асобным цаглінкам адчуваць сябе адным цэлым, можа нават апеляваць да падсвядомасці. Адсюль, прыкладам, поспехі белмоўнай рэкламы, якая пачынае пазітыўна працаваць на аўдыторыю. Хай сабе не ў сферы падвышэння продажаў, але магчымасці зачапіць кліента, падштурхнуць станоўча паставіцца да твайго брэнда. Вы можаце проста сустрэцца з чалавекам аднойчы па бізнесе, а потым ён памятае вас (і вашу кампанію!) гадамі. Пры чым тут ІТ? No idea. Але гэта працуе.

— Наколькі проста размаўляць на беларускай мове ў прафесійнай сферы, дзе шмат сваіх тэрмінаў, запазычаных з англійскай? Не давялося нешта выдумваць самому?

— Калісьці, калі камп’ютары былі вялікія, на livejournal.com актыўна працавала суполка энтузіястаў, якія зрабілі пераклады ІТ-тэрмінаў на беларускую, мадэраваў яе тады вядомы філолаг і даследчык мовы Зміцер Саўка, які не з намі ўжо некалькі гадоў. Там быў слоўнік на некалькі тысяч слоў. З таго часу і Google, і Microsoft лакалізавалі свае прадукты ў Беларусі на вельмі высокім узроўні, таму праблемы ў тэрміналогіі няма наогул, шукаць даўно нічога не трэба.

— Да пераходу ў ActiveCloud вы працавалі ў тэлекаме. Ці моцна адрозніваецца спецыфіка працы з пункту гледжання топ-менеджара і як вы яе спазнавалі?

— Спецыфіка, безумоўна, маецца. Больш складаны прадукт, больш складаны рынак, больш высокія патрабаванні да экспертызы персаналу. Тэлекам нагадвае канвеер, ён працэсны, продажы транзакцыйныя. Тут кампанія будуецца вакол ІТ-падраздзялення, у той час як у тэлекаме яно звычайна выконвае другасныя функцыі. На шчасце, на новым месцы я знайшоў шмат цудоўных людзей, адкрытых і гатовых дапамагчы. Дапамагаюць і па сённяшні дзень, я далёкі да таго, каб усё ведаць, і гэта нармальна для ІТ-рынку, тут усё ў стане continuous learning, інакш не выжыць.

Трэба адзначыць, што рынак працы ў беларускім ІТ моцна перагрэты. Кожную сесію свайго назіральнага савета ПВТ выпускае па 50 новых кампаній, рэкрутары выходзяць на рынак, пачынаюць бамбаваць людзей прапановамі. Найлепшыя спецыялісты носяць у кішэнях па два-тры оферы. З такімі людзьмі цяжэй працаваць. Не толькі матэрыяльна, усё павінна быць адпаведна чаканням: атмасфера, нішцякі, кухня з кавай і печывам. Гэта залаты стандарт.

— Такі перагрэты рынак не правакуе з’яўленне кадраў, якім бракуе ведаў, жадання вучыцца?

— У рэальнасці такое рэдка адбываецца. Нягледзячы на тое, што сёння айцішны рынак працы — гэта рынак прэтэндэнта, а не наймальніка, усе роўна абы-каго не бяруць, ідзе паляванне на лепшых. Сказаць, што ўчорашні выпускнік акадэміі ПВТ можа разлічваць на гіперзарплату, — нельга. Хутчэй будзе ўваходны ўзровень, работа ў тэхпадтрымцы. Але гэта нармальны вопыт, за якім ідзе рост у кампаніі.

— Чаму вы сышлі з velcom? Скончыўся пераходны перыяд па перадачы спраў у «Гаранце»? Што было самае складанае на пазіцыі кампаніі, якую паглынаюць?

— Я прыйшоў туды займацца інтэграцыйным праектам на другі дзень пасля набыцця. Важна было максімальна хутка падрыхтаваць кампанію да зліцця, і за паўгода праект быў скончаны, мая праца зроблена. Самым складаным для былых падначаленых была пэўная агорафобія пры змене маштаба кампаніі. Яшчэ ўчора ўсё было міла і па-сяброўску, а тут — карпаратыўныя прынцыпы, культура, англамоўныя топы, новая іерархія. Няцяжка адчуць сябе кінутым, сысці ў глыбокую абарону, настальгуючы па мінулых часах. Таму нашай тагачаснай інтэграцыйнай камандзе важна было працаваць «у людзей», дапамагаць адаптавацца, разам будаваць агульнае заўтра. Ведаеце, літаральна на мінулым тыдні атрымаў ліст удзячнасці ад былога «гарантаўца», вартага чалавека і класнага спецыяліста. Гэта было вельмі кранальна. І павучальна, бо праца кіраўніка, кожнае тваё рашэнне пакідае выразны след, нават калі не ты пішаш код і кабелі цягаюць іншыя рукі.

— Экспансія velcom на рынку фіксаванага доступа ў інтэрнэт прывяла да ўніфікаціі прапаноў. У асноўным гэта безальтэрнатыўныя «ТБ+інтэрнэт». Бізнэс любіць казаць пра рознабаковыя прапановы на любы густ, але гэта больш падобна на хітрасць. Як былы топ-менеджар тэлекам-кампаній, ці бачыце вы будучыню ў тарыфаў выключна пад доступ у інтэрнэт? Ці гэта невыгадная правайдарам опцыя, ад якой праз пару гадоў адмовяцца ўсе?

— Давайце я пачну з апошняга пытання. Не, не бачу. Чысты інтэрнэт, як і галасавая мабільная сувязь, ужо не мае былой каштоўнасці ў вачах спажыўца. На сваім жыццёвым цыкле гэтыя тавары — далёка за пікам, на ўзроўні «вады з-пад крана». Яе можна адфільтраваць, разліць па бутэльках рознага памеру, паставіць на шляху да касы і прызначыць невялікую цану. Менавіта невялікую, бо маюцца лёгка дасягальныя альтэрнатывы. І там маем бясплатны Wi-Fi і мэсэнджары адзін аднаго зручней. Пры гэтым любы бізнес заўжды шукае ўнікальную прапанову, як кажуць маркетолагі, ці манапольны рычаг, як кажуць эканамісты. Таму цікаўнасць рынка да якога-небудзь новага сегмента, будзь яно відэакантэнтам ці якім іншым VAS’ам (value added service), будзе скарыстана дзеля працягу жыцця традыцыйным паслугам. Пры гэтым у згаданай вамі сітуацыі і кліент застаецца ў выйгрышы, бо атрымлівае зніжку на паслугі ў складзе пакета. Не было б апошняга, не было б і прапановы, таму ўсё справядліва.

— Пра «аблокі» шмат казалі напачатку гэтага дзесяцігоддзя. Як за гэты час яны эвалюцыяніравалі, якія выгоды прыносяць бізнесу і кліентам?

— Галоўная змена ў тым, што тады пра іх больш гаварылі, а зараз у іх жывуць і працуюць шмат якія бізнесы. Эвалюцыя ідзе натуральным шляхам, заказ і пакупка дрэйфуюць у бок самаабслугоўвання, глабальныя гульцы на сусветным рынку ўзбуйняюцца, дробныя прадаюцца. У развітых  краінах попыт дэманструе паступовае зніжэнне цікаўнасці да інфраструктуры (IaaS) і павелічэнне — да софтавых падпісачных сэрвісаў (SaaS). У нас гэта ўжо відаць па расійскім рынку, на якім наша кампанія прысутнічае ўжо больш за 7 гадоў — большасць нашых кліентаў ужо мульціклаўдныя і добра ведаюць, што ім неабходна.

Што да пераваг «аблокаў», то яны ўсё тыя ж.

Па-першае, гнуткасць: напрыклад, вы дырэктар і ў вас маецца інтэрнэт-партал, на якім вы вядзеце бізнес. І тут вашы маркетолагі прыносяць ідэю акцыі, якая, паводле іх ацэнак, павялічыць трафік у 5 разоў. У выпадку «жалезнай» інфраструктуры ваш айцішнік пачынае набіраць нумар вендара, браць рахунак на дадатковы сервер, а потым вы дружна чакаеце пастаўкі… Калі кампанія скончыцца, выдаткі на закупку дадатковых рэсурсаў застануцца ў вашым P&L мёртвым грузам. У выпадку ж «аблокаў» вы проста часова павялічваеце абаненцкую плату за інфраструктурную паслугу, потым гэтак жа зніжаецеся.

Другая перавага тычыцца складу работ, якія бярэ на сябе ваша ІТ-падраздзяленне, калі вы ІТ-дырэктар. Альбо вы кіруеце штатам, дзе шмат спецыялістаў, якія выконваюць руцінныя функцыі адміністравання і эксплуатацыі, думаеце пра рамонты кандыцыянераў летам і перыядычную чыстку фільтраў кулераў ад пылу, альбо аддаяце руціну на аўтсорс правайдэру, а на зэканомлены фонд аплаты працы наймаеце паўбагоў-архітэктараў і разам з імі думаеце больш пра стратэгію і далейшую аўтаматызацыю вашага бізнесу.

Трэцяя перавага — якраз такі бяспека. Паверце, каб забяспечыць параўнальны з правайдэрскім узровень інфабяспекі свайго рэсурсу, вам прыйдзецца развітацца не з адным месячным бюджэтам ІТ-падраздзялення.

— Якія беларускія кампаніі ахвотней пераходзяць у «аблокі»? Якімі цікавымі кейсамі з беларускай практыкі вы можаце падзяліцца?

— Добрая навіна, што гэтае размеркаванне на беларускім рынку з часам становіцца больш плоскім. І на сёння ў лідарах «воблачнага» чарта мы па-ранейшаму з доляй 18% маем кампаніі, чый бізнес звязаны з распрацоўкай софта, сайтаў і камп’ютэрнай тэматыкай увогуле. На другім месцы — кампаніі, якія аказваюць даведачна-інфармацыйныя паслугі, на трэцім — маркетолагі, дыджытал-агенцтвы. Як бачыце, лідары даволі прадказальныя. Больш цікава бачыць аўтамабілістаў на пятым месцы ці вытворцаў харчовых прадуктаў у дзясятцы. Гэта да пытання пра «лянотны» беларускі бізнес, распаўсюджанае меркаванне, з якім я абсалютна не згодны.

Што да цікавых кейсаў, то яны для ActiveCloud знаходзяцца ў галіне ІТ-кансалтынгу: мы не выпадкова ўжо 15 гадоў у гэтым бізнесе, і прадмет нашага гонару — экспертыза, засяроджаная ў падраздзяленні R&D. Там працуюць спяцы найвышэйшага ўзроўню, і на рынку, пэўна, няма задач у вобласці распрацоўкі «воблачных» сістэм, якім рабяты не далі б рады. Вы, можа, будзеце здзіўленыя, але ў сістэме электроных рахункаў-фактур (так званай «АИС УСФ») Міністэрства па падатках і зборах уся віртуалізацыя зроблена нашымі спецыялістамі. Яшчэ адзін выразны прыклад, які паказвае ўзровень распрацоўкі, — праектаванне і запуск публічнага «воблака» для Oman Data Park у Аманскім султанаце. Што праўда, беларускай практыкай гэта не назавеш, але мы застаемся адкрытымі і дапамагаем сваім «воблачным» заказчыкам незалежна ад геаграфіі. І надалей будзем дапамагаць.

Чытайце таксама:

Фотаапараты ў каталозе Onliner.by

Нейкае шаленства ў нашым Telegram-канале

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by