Ілан Маск — адзін з тых людзей, каго ці не больш за іншых абмяркоўваюць у свеце. На працягу многіх гадоў вакол яго стваралася аўра ледзь не ўсемагутнага чалавека, здольнага пакласці канец эры выкапнёвага паліва і адправіць чалавецтва на іншыя планеты. Аднак за вялікім поспехам хаваюцца не менш гучныя правалы Маска як кіраўніка. І пра іх не прынята ўспамінаць.
Складана сказаць, як менавіта склаўся б лёс знакамітага бізнесмена без гэтых няўдач. Цалкам магчыма, што без іх сёння ён бы не быў такім багатым і знакамітым. Ці, не выключана, ён стаў бы яшчэ багацейшым і знакаміцейшым (хоць, здаецца, куды ўжо больш). Як бы там ні было, але ўсё ж самі па сабе згаданыя ніжэй падзеі несумненна можна назваць праваламі Ілана Маска як прадпрымальніка.
У канцы мінулага стагоддзя Ілан Маск інвеставаў грошы, атрыманыя ад продажу свайго першага стартапа пад назвай Zip2, у фінансавы сэрвіс X.com. А праз год аб'яднаў яго з канкурэнтам Confinity, які прапаноўваў паслугі грашовых пераводаў пад брэндам PayPal. Назва аб'яднанай кампаніі засталася X.com, а Маск стаў яе гендырэктарам.
Па словах шматлікіх супрацоўнікаў, часы Ілана Маска былі найгоршымі за ўсю гісторыю кампаніі. Яго называлі эгаістычным і ўпартым дырэктарам, які раз-пораз прымаў няправільныя рашэнні. Больш за тое, многія казалі, што ён паводзіў сябе неэтычна ў бізнесе і быў вельмі злосным у зносінах. А калі паўстала пытанне аб перабудове тэхнічнай інфраструктуры карпарацыі, фактычна толькі адзін Маск настойваў на выкарыстанні рашэнняў Microsoft, у той час як абсалютная большасць выступала за Linux.
На чале з Іланам Маскам X.com атрымала моцны рост кліенцкай базы. Разам з тым пад яго ж кіраваннем кампанія літаральна развальвалася. Сэрвіс рэгулярна быў недаступны пад хакерскімі нападамі, а лепшыя супрацоўнікі звальняліся, таму што не маглі выносіць стылю зносін і кіраўніцтва Маска.
У выніку топ-менеджмент кампаніі вынес Ілану вотум недаверу і вымусіў яго падаць у адстаўку. Пасля яго сыходу X.com перайменавалі ў PayPal, а пазней прадалі eBay за рэкордныя па тых часах паўтара мільярда долараў. Пры гэтым нават паплечнікі Ілана Маска кажуць, што калі б ён застаўся кіраваць кампаніяй на працягу яшчэ хаця б некалькіх месяцаў, то гэта прывяло б карпарацыю да краху: памылкі Маска былі вельмі дарагімі, ён дрэнна кіраваў тэхналагічнай інфраструктурай, дрэнна процідзейнічаў махлярам і дрэнна разумеў асновы брэндынгу.
Гэта быў велізарны рэпутацыйны ўдар для бізнесмена. У далейшым пра эпізод выгнання з PayPal Ілан Маск лічыў за лепшае не ўспамінаць.
Сёння гэтыя два брэнды — доказ паспяховасці Ілана Маска. У той жа час з-за яго Tesla і SpaceX ледзьве не збанкрутавалі.
У перыяд ад сярэдзіны 2017-га да сярэдзіны 2019 года Tesla магла абанкруціцца ў любы момант. Вытворчасць аўтамабіляў практычна спынілася. Ілан Маск ва ўсім вінаваціў «вытворчае і лагістычнае пекла», якое, зрэшты, у немалой ступені ён сам і арганізаваў.
У 2021 годзе ў такім жа складаным становішчы знаходзілася кампанія SpaceX, у якой вельмі цяжка праходзілі выпрабаванні ракетнага рухавіка Raptor. Ілан Маск пісаў, што калі кампанія не зможа як мага хутчэй наладзіць вытворчасць рухавіка, прыдатнага для рэальнага выкарыстання, то рызыка банкруцтва будзе вельмі вялікай.
У выніку і Tesla, і SpaceX пераадолелі праблемы. Немалая заслуга ў гэтым Маска. Аднак ён жа мог і прадухіліць рызыку банкруцтва дзвюх кампаній.
Адна з найменш вядомых, але найбольш паказальных для Ілана Маска гісторый адбылася ў 2018 годзе. Тады Марцін Трып, рабочы на фабрыцы Tesla, падзяліўся з Іланам сваімі заўвагамі наконт арганізацыі вытворчасці аўтамабіляў. Маск ад яго адмахнуўся. Тады Трып разаслаў СМІ некаторыя ўнутраныя дакументы, адзначыўшы, што пры вытворчасці Tesla выкарыстоўваюцца бракаваныя акумулятары, якія парушаюць экалагічныя нормы.
У адказ Ілан Маск звольніў Трыпа, падаў на яго ў суд і запатрабаваў спагнаць сотні мільёнаў долараў. Ён наняў прыватных дэтэктываў, якія кругласутачна сачылі за Трыпам і нават узламалі яго тэлефон. З падачы Маска служба бяспекі Tesla звярнулася ў паліцыю, сцвярджаючы, што Трып збіраецца ўчыніць стральбу на фабрыцы. Дадому да экс-супрацоўніка кампаніі прыбыла група спецназа, якая знайшла бяззбройнага, у слязах Марціна.
Трып і Маск загразлі ў судах, абвінавачваючы адзін аднаго. Былога супрацоўніка хочуць засудзіць за выдаванне камерцыйнай тайны, а Марцін абураецца паклёпам і абразамі з боку Маска. Увогуле, сітуацыя не на карысць аднаго і другога, аднак ва ўсёй гэтай гісторыі менавіта Ілан Маск — кіраўнік, які не толькі праігнараваў асцярогу свайго падначаленага, але і арганізаваў яго цкаванне.
Тым больш, згодна з даследаваннямі амерыканскіх навукоўцаў, у доўгатэрміновай перспектыве карпаратыўныя скандалы, якія выраслі са скаргаў работнікаў, дапамагаюць кампаніям стаць больш прыбытковымі. Але толькі ў тым выпадку, калі топ-менеджмент не ігнаруе гэтыя скаргі, а прымае іх да ўвагі.
• 108 Мп система из четырех камер с ИИ;
• 90 Гц экран AMOLED DotDisplay FHD+;
• аккумулятор 5000 мАч, быстрая зарядка 33 Вт в комплекте;
• высокопроизводительный MediaTek Helio G96.
На версию Redmi Note 11S 6 ГБ + 128 ГБ в mi.by действует скидка в 100 рублей.
І ўсё гэта зноў на фабрыцы Tesla. У 2019 годзе СМІ выявілі, што на працягу апошніх пяці гадоў у дачыненні да Tesla праводзіліся 24 расследаванні, звязаныя з парушэннем тэхнікі бяспекі. Паведамлялася, што кампанія схавала сотні вытворчых траўмаў, у тым ліку цяжкіх.
Былі і скандалы, выкліканыя расавай дыскрымінацыяй. Цемнаскурыя работнікі скардзіліся, што на фабрыцы іх абражаюць, адпраўляюць на самую фізічна складаную працу і не прасоўваюць па службе. Некаторым нават удалося адсудзіць у кампаніі мільёны долараў.
Калі на заводах Ілана Маска такі хаос, становіцца зразумела, чаму мы дагэтуль не бачым на дарогах даўно абяцаных Cybertruck і Tesla Roadster.
Ілан Маск — вядомы жартаўнік, асабліва калі справа тычыцца траўкі ці акцый. Аднак тое, што часам дазволена «простаму смяротнаму», для крутога бізнесмена можа абярнуцца маштабнымі непрыемнымі наступствамі. У 2018 годзе Маск ці то пажартаваў, ці то не, але напісаў твіт пра тое, што збіраецца прыватызаваць Tesla па цане $420 за акцыю. Судовыя разборы з-за гэтага твіта працягваюцца да гэтага часу.
Пазначаная Іланам цана была вышэйшай за актуальную цану каштоўнай паперы Tesla. Пасля яго паведамлення людзі кінуліся скупляць акцыі, яны рэзка падаражэлі. А потым гэтак жа рэзка патаннелі, калі стала зразумела, што Маск нічога не збіраецца выкупляць.
У справу ўмяшалася Камісія па каштоўных паперах, якая абвінаваціла Ілана Маска ў махлярстве з акцыямі. Адначасова ў суд падалі акцыянеры, пакрыўджаныя «загадзя ілжывымі заявамі». Адзначым, адным твітам не абышлося, бізнесмен і далей публікаваў паведамленні, якія ліхаманілі рынак каштоўных папер у цэлым і кошт акцый Tesla ў прыватнасці.
Маск нават быў вымушаны пайсці на згоду з Камісіяй, пагадзіўшыся выплаціць штраф у памеры $20 млн і аддаваць свае твіты перад публікацыяй на праверку юрыстам. Праўда, потым Маск скасаваў пагадненне, заявіўшы, што яго пазбаўляюць свабоды слова. Зараз ідуць судовыя разборы. Ад Ілана патрабуюць не толькі грашовых кампенсацый, але і сыходу з пасады кіраўніка Tesla.
«Калі гендырэктар публічнай кампаніі хлусіць пра яе і тым самым чыніць шкоду акцыянерам, вельмі важна, каб ён панёс пакаранне», — упэўненыя істцы. І, вядома, усе згодны, што кіраўніку такога рангу не прыстала рабіць «няскладныя і бязглуздыя» заявы, якія маніпулююць цаной каштоўных папер.
Адна рэч, калі твой твіт спусташае нечыя кішэні (набіваючы твае ўласныя). Зусім іншае — калі твае заявы здольны прывесці да куды больш жудасных наступстваў.
Два гады таму нават у Tesla прызналі, што паведамленні Ілана Маска пра магчымасці беспілотнага ваджэння перабольшаныя. Паводле яго слоў, аўтапілот на аўтамабілях Tesla водзіць больш бяспечна, чым чалавек. Пакуль Маск разважаў пра тое, як класна катацца на аўтаномнай «тачцы», інжынеры кампаніі папярэджвалі: ні пра якую поўную аўтаномнасць не можа ісці і гаворкі, рукі трэба ўвесь час трымаць на рулі, у любы момант кіроўца павінен быць гатовы ўзяць кіраванне на сябе.
Але хто слухае нейкіх інжынераў ці чытае інструкцыі, калі сам Ілан Маск усяляк правакуе на беспілотнае кіраванне? У выніку толькі з чэрвеня 2021 года па чэрвень 2022-га на аўтапілоце ў аварыі патрапілі больш за 270 аўтамабіляў Tesla, у тым ліку з ахвярамі сярод кіроўцаў.
Не выключана, што праз год ці два Twitter стане самай дарагой і паспяховай кампаніяй у свеце. Але пакуль тое, што робіць з ёй Ілан Маск, шмат у каго выклікае здзіўленне. Адно дакладна ясна: у выніку здзелкі з Twitter бізнесмен імгненна перастаў быць усімі любімым дзіўным мільярдэрам.
Спачатку была доўгая і дзіўная гісторыя з «куплю / не куплю». Потым, калі сацсетка ўсё ж апынулася ў руках Маска, услед рушыла чарада хаатычных рашэнняў і каманд. Ілан аб'явіў амністыю для Трампа і некаторых іншых адыёзных знакамітасцяў і ў той жа час заблакіраваў акаўнты, якія публікуюць адкрытую інфармацыю пра пералёты яго прыватнага самалёта.
Нельга сказаць, што Twitter быў звышпаспяховым бізнесам. Аднак з Іланам Маскам, здаецца, усё ідзе да таго, што сацсетка ў рэшце рэшт можа закрыцца, стаўшы самым вялікім правалам Маска. Згодна з прагнозамі, у гэтым годзе платформа страціць каля 32 мільёнаў карыстальнікаў, а моцна скарочаная каманда тэхнічных спецыялістаў не зможа падтрымліваць сэрвіс у тонусе. А тут яшчэ і санкцыі з боку ЕС замаячылі.
Аднак калі Twitter усё ж здолее выжыць і ператворыцца ў нешта большае, чым з'яўляўся дагэтуль, гэта таксама будзе заслугай такога неадназначнага, спрэчнага, але і таленавітага бізнесмена.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by