Керамічны прэміум. Агляд разумнага гадзінніка Huawei Watch GT 3 Pro

Источник: Зміцер Адашкевіч. Фото: Улад Барысевіч
8852
18 июля 2022 в 9:00
Ослепительные скидки в Каталоге Onlíner

Гадзіннік Huawei Watch GT 3 Pro выпускаецца ў чатырох мадыфікацыях. Дзве больш танныя зроблены ў тытанавым 46-мм корпусе, а больш даражэйшыя — у 43-мм корпусе з керамікі. Да нас на агляд патрапіла самая дарагая версія гадзінніка — Huawei Watch GT 3 Pro у керамічным корпусе, з керамічным бранзалетам і сталёвым безэлем залацістага колеру. Мадэль відавочна жаночая, але гэта не перашкодзіла нам яе патэсціць на працягу некалькіх дзён.

синхронизация с Android/iOS, экран AMOLED 1.47", поддержка SIM-карты: нет, пульсометр, измерение кислорода в крови, Bluetooth 5.0, корпус: пластик, ремешок: силикон
синхронизация с Android/iOS, экран AMOLED 1.64", поддержка SIM-карты: нет, пульсометр, измерение кислорода в крови, AOD, GPS, Bluetooth 5.0, корпус: металл, ремешок: силикон

Вонкавы выгляд

Паўгода таму ў нас ужо быў на аглядзе гадзіннік Huawei Watch GT 3. Версія з прыстаўкай Pro моцна адрозніваецца ад папярэдніка, аднак ёсць і аднолькавыя рысы. Далей не забудземся параўнаць Pro і не-Pro.

Наш Huawei Watch GT 3 Pro выкананы ў белым керамічным корпусе з такім жа белым керамічным бранзалетам. Ніякага пластыка, у адрозненне ад звычайнага Watch GT 3. І адчуваецца, і выглядае кераміка багата. Гладкі матэрыял проста прыемна памацаць, пакруціць у руках. Пры гэтым гадзіннік умерана цяжкі.

Дысплей абараняе сапфіравае шкло. У Huawei адзначаюць, што яго цвёрдасць складае 9 балаў па шкале Моаса. Для разумення, максімальны бал — 10, і ён толькі ў алмаза. Увогуле, такое шкло не павінна драпацца. Мы сапраўды не ўбачылі на ім нават маленькай драпіначкі. Дарэчы, такое ж шкло выкарыстоўваецца ў сэнсарнай частцы керамічнай задняй панэлі. Зноў жа — усё багата.

А вось органы кіравання засталіся ранейшымі. Зрэшты, тут складана прыдумаць нешта новае. Ёсць кнопка-колца для запуску меню праграм і пракруткі спісаў, а таксама даўгаватая фізічная кнопка для вызаву спіса трэніровак.

Ёсць ахова ад вады па стандарце IP68. Можна ныраць у ваду на глыбіню да 30 метраў, калі ў вас гэта атрымаецца. А вось у душы гадзіннік выкарыстоўваць не рэкамендуецца з-за моцных патокаў вады.

У цэлым Huawei Watch GT 3 Pro з’яўляецца прыкладам таго, як можа выглядаць разумны гадзіннік у класічным фармаце. Выдатныя матэрыялы, круглы дысплей, звыклае двухкнопкавае кіраванне. Усё зроблена так, каб не адпудзіць прыхільнікаў звычайнага гадзінніка.

Залаты безэль бянтэжыць не павінен. У рэшце рэшт, можна выбраць варыянт з серабрыстым. Акрамя таго, ёсць брутальныя тытанавыя версіі гадзінніка, нацэленыя выключна на мужчынскую аўдыторыю. Але кераміка ў якасці матэрыялу корпуса і бранзалета вельмі спадабалася.

Экран

Дысплей меншы, чым у разгляданага намі раней Watch GT 3. Там было 1,43 цалі, а тут — 1,32. Матрыца AMOLED, выразнасць высокая, на якасць карцінкі скардзіцца не прыходзіцца. Адзінае, мы не знайшлі рэжым Always On. Магчыма, ад яго адмовіліся, каб зберагчы аўтаномнасць прылады.

Шмат цыферблатаў, ёсць некалькі, прыдуманых спецыяльна для гэтай мадэлі.

Функцыянальнасць

Гадзіннік можа вымяраць тэмпературу, але не цела, а скуры. Нармальны паказчык — ад 32 да 34 градусаў, плюс-мінус яшчэ пару градусаў у абодва бакі. Напэўна, калі будзеце знемагаць ад ліхаманкі, то па гадзінніку гэта можна будзе вызначыць. Дарэчы, гавораць, што так будуць працаваць і Apple Watch Series 8. Так што амерыканцаў з гэтай функцыяй апярэдзілі.

Пра адсочванне фаз сну, узроўню стрэсу, падлік калорый і колькасці кіслароду ў крыві не гаворым — стандартная функцыя для многіх гадзіннікаў. Тое ж датычыцца вялізнай колькасці спартыўных трэніровак. З незвычайнага — накіраванасць на дайвінг і гольф. Плыўцам і нырцам прылада пакажа дадзеныя аб апусканні ў ваду і нагадае пра тэхніку бяспекі. Гальфістам, напэўна, будзе цікавы час замаху і маху клюшкай.


З дапамогай гадзіннікаў можна прымаць і здзяйсняць выклікі. Для гэтага неабходна падключэнне да смартфона. У кватэры, дзе працуе тэлевізар, чуваць нядрэнна, у людных месцах гучнасці можа аказацца недастаткова.

Аўтаномнасць

Вытворца сцвярджае, што акумулятара Watch GT 3 Pro хопіць на чатыры дні інтэнсіўнага выкарыстання і на тыдзень звычайнага. Мы ўключылі ўсе-ўсе датчыкі ў аўтаматычным рэжыме і суткамі не здымалі гадзіннік. Пры гэтым не ныралі, не бегалі, не скакалі. Фактычна гадзіннік выкарыстоўваўся для апавяшчэнняў і вымярэння розных параметраў здароўя. У такім рэжыме за суткі батарэя страціла 15% зарада. Гэта значыць, прыкладна на тыдзень павінна хапіць.

Парадавала зарадка. Яна вялікая, без кантактных пляцовак, вельмі падобная да таго, што ёсць у Apple Watch. Акрамя таго, можна паспрабаваць зарадзіць гадзіннік з дапамогай зваротнай зарадкі, калі яе падтрымлівае ваш тэлефон.

Вынікі

Huawei Watch GT 3 Pro у першую чаргу вылучаецца цікавымі матэрыяламі. Функцыянальна — амаль той жа Watch GT 3, але са спецыфічнымі дадаткамі ў выглядзе ЭКГ, а таксама рэжымамі для вадалазаў і гальфістаў.

Продаж гадзіннікаў пачнецца ў жнiўнi. Што датычыцца кошту. Watch GT 3 Pro у тытанавым корпусе і з каўчукавым раменьчыкам каштуе 949 рублёў, такая ж мадэль са скураным раменьчыкам будзе на 50 рублёў даражэй. Версія ў керамічным корпусе будзе каштаваць 1099 рублёў, а за керамічны бранзалет давядзецца даплаціць яшчэ 250 рублёў.

синхронизация с Android/iOS, экран AMOLED 1.47", поддержка SIM-карты: нет, пульсометр, измерение кислорода в крови, Bluetooth 5.0, корпус: пластик, ремешок: силикон
синхронизация с Android/iOS, экран AMOLED 1.64", поддержка SIM-карты: нет, пульсометр, измерение кислорода в крови, AOD, GPS, Bluetooth 5.0, корпус: металл, ремешок: силикон

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перепечатка текста и фотографий Onlíner запрещена без разрешения редакции. ng@onliner.by