Апошні iPhone — той, што ў вас на руках? Што адбываецца з рынкам смартфонаў ва ўмовах санкцый

Источник: Зміцер Адашкевіч
22 апреля 2022 в 8:00
Ослепительные скидки в Каталоге Onlíner

Што будзе з рынкам смартфонаў і іншай электронікі ва ўмовах санкцый? Як сябе зараз у нашай краіне адчуваюць вендары? Якія ў іх планы? Ці праўда, што «апошні iPhone — той, што ў вас на руках»? На ўмовах ананімнасці з Onlíner пагадзіліся абмеркаваць стан галіны некалькі чалавек, добра знаёмыя з сітуацыяй знутры. Калі сцісла, то, па іх словах, пры ўмове захавання санкцый становішча складанае.

Смартфоны не пад санкцыямі, але ёсць нюансы

Як адзначаюць спецыялісты, наўпрост заходнія санкцыі не датычаць смартфонаў і шмат якой іншай спажывецкай электронікі. Падобныя прылады не лічацца таварамі падвойнага прызначэння, якія можна выкарыстоўваць не толькі ў паўсядзённым жыцці, але і для ваенных патрэб.

Дарэчы, з гэтага пункту гледжання неадназначная сітуацыя з ноўтбукамі. Па словах аднаго з нашых суразмоўцаў, якраз лэптопы прынята лічыць прадуктамі падвойнага прызначэння. Гэта азначае, што афіцыйныя пастаўкі любых такіх дэвайсаў будуць цалкам спынены: «Хутчэй за ўсё, ні ад аднаго брэнда паставак ноўтбукаў не будзе».

Што да смартфонаў, то ўвозіць іх не забараняюць, аднак перашкаджаюць гэтаму фінансавыя і ў першую чаргу лагістычныя цяжкасці.

— Лагістыка — галоўная праблема, звязаная з санкцыямі. Страхавыя кампаніі адмаўляюцца страхаваць грузы, таму кампаніі-перавозчыкі не жадаюць іх перавозіць. Закрыліся нават многія магчымасці па паштовых адпраўленнях, а астатнія значна падаражэлі. Многія лагістычныя аператары проста адмаўляюцца працаваць з Расіяй і Беларуссю. Не таму, што нельга, а таму, што ўсведамляюць рэпутацыйныя рызыкі і перастрахоўваюцца.

Увогуле з лагістыкай усё стала вельмі-вельмі дорага і доўга.

Усе нашы суразмоўцы менавіта ў лагістыцы бачаць асноўныя складанасці пры пастаўках спажывецкай электронікі. Нават тыя брэнды, якія нейкім чынам змаглі перафарматаваць пастаўкі, адзначаюць ненадзейнасць і складанасць новых маршрутаў. Па некаторай інфармацыі, у цяперашні час немагчымае нават частковае выкарыстанне марскіх шляхоў з Кітаю. З-за гэтага, напрыклад, немагчыма прывезці ў краіну больш-менш буйныя партыі паўэрбанкаў, перавозка якіх па чыгунцы была абмежавана ў мэтах бяспекі.

— Нават у выпадку фарміравання новых лагістычных маршрутаў нельга гарантаваць іх стабільнасць. Мы не ведаем, што будзе заўтра. Той ці іншы лагістычны ланцужок можа быць парушаны ў любы момант, таму што ўсе дзейныя хабы будуць экстрэмальна перагружаныя. Як вынік — прыйдзецца рэгулярна сутыкацца са зрывам тэрмінаў паставак і перманентным дэфіцытам.

Крыніца фота: globaltimes

Яшчэ адно важнае ўдакладненне — усе размовы аб арганізацыі альтэрнатыўных маршрутаў паставак тычацца толькі тых брэндаў, якія не аб'яўлялі аб сваім зыходзе з рынку. Такім кампаніям не патрэбны новыя маршруты, таму што ніякіх паставак яны проста не плануюць.

Апроч лагістычных нікуды не падзецца ад фінансавых праблем. У прыватнасці, спецыялісты згадалі транзакцыйныя пытанні: «З беларускімі банкамі ніхто не хоча звязвацца, мала хто гатовы праводзіць праз іх плацяжы. Замежныя банкі перастрахоўваюцца і адмаўляюць у плацяжах. З Беларусі транзакцыі ідуць плюс-мінус стабільна, а вось у Беларусь — вельмі цяжка. Усё гэта вымагае дадатковых выдаткаў і прыводзіць да складанасцей з пастаўкамі тэхнікі».

Запасаў хопіць да лета?

— Што тычыцца спажывецкай электронікі ў цэлым, то шэраг А-брэндаў абвясціў аб зыходзе з рынку. Нейкі час такія кампаніі будуць жыць на старых рэштках, на складскіх запасах. Аднак пасля распродажу яны, хутчэй за ўсё, сыдуць з рынку. Калі нічога не зменіцца, то прагназуем зыход з рынку ўсіх вядомых брэндаў і замяшчэнне іх тавараў прадукцыяй іншых кампаній.

Пакуль існуем на складскіх запасах, старых кантрактах і выкупленых стоках.

Якія іншыя кампаніі? Нашы суразмоўцы называюць брэнды, пра якія вы, хутчэй за ўсё, ніколі не чулі. У крайнім выпадку сутыкаліся з іх недарагой прадукцыяй на кітайскіх гандлёвых пляцоўках. Некаторыя ўжо зараз актыўна набіраюць персанал для працы ў нашым рэгіёне.

— З пункту гледжання прадстаўніцтваў сусветных брэндаў падстаў для аптымізму пакуль мала. Калі прымаць да ўвагі нармальныя ўмовы функцыянавання бізнесу, то, верагодна, працу працягваць будзе нельга. З’явяцца малавядомыя кітайскія брэнды, для якіх не існуе пагрозы страты рэпутацыі. Маюцца на ўвазе брэнды трэцяга эшалона, якія арыентаваны на продажы ў Азіі і Афрыцы. У іх няма бізнесу ў Еўропе і Амерыцы, таму яны будуць актыўна заходзіць на падсанкцыйны рынак.

Па словах экспертаў, пакуль купіць нешта ад топавых кампаній можна дзякуючы двум фактарам — вялікаму рэзерву і катастрафічна нізкаму попыту. Кажуць, калі б зараз попыт на смартфоны заставаўся на ўзроўні першай паловы сакавіка, то запасы скончыліся б ужо вясной.

— У канцы лютага — пачатку сакавіка мы назіралі дзікі рост продажаў. Тавар змяталі як у снежні, а гэта вельмі высокі ўзровень попыту. Але з сярэдзіны сакавіка рынак моцна прасеў, і спад працягваецца да гэтага часу. Звязана гэта з тым, што шмат хто паспяшаўся ўкласціся ў тэхніку на фоне росту курса долара. Цяпер у людзей проста няма грошай (ды і неабходнасці) для новых пакупак і падтрымання попыту.

Ацэнкі зніжэння продажаў у нашых суразмоўцаў розныя і залежаць ад брэнда. Аднак ва ўсіх выпадках размова ідзе аб істотным падзенні. Так, у адных кампаній продажы ў параўнанні з сакавіком скараціліся ў два з паловай разы, а ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года — удвая. У кагосьці справы ідуць крыху лепш, і падзенне склала «ўсяго» 25%. Адзначым, што шмат залежыць ад рынкавай долі і аб'ёмаў продажаў. Найбольшае скарачэнне назіраецца ў буйных гульцоў, тады як менш прыкметныя брэнды пакуль пакутуюць крыху менш.

Адзначаецца, што некаторыя дыстрыб'ютары і прадстаўніцтвы ўжо скарацілі штат, іншыя перанакіравалі супрацоўнікаў у другія рэгіёны, хтосьці пакуль імкнецца захаваць тут свае офісы, нягледзячы на поўнае спыненне паставак тавараў.

— Рынак пакуль трымаецца дзякуючы больш-менш выгадным растэрміноўкам. Можна сказаць, што гэта жэст добрай волі.

Дык што ж са складскімі запасамі смартфонаў? Ці надоўга іх хопіць? Ацэнкі экспертаў тут супадаюць. Паводле іх слоў, пры захаванні цяперашніх тэмпаў зніжэння попыту, запасаў тавараў А-брэндаў хопіць на май-чэрвень. Брэнды другога эшалона пратрымаюцца крыху даўжэй дзякуючы таму, што доля рынку ў іх пакуль невялікая, але пры гэтым запасы яны паспелі сфарміраваць буйныя. Па меры знікнення з прылаўкаў тэлефонаў сусветных кампаній попыт вымушана будзе пераарыентоўвацца на тавары B-брэндаў. Мяркуецца, што іх хопіць да жніўня-верасня. Потым, хутчэй за ўсё, надыдзе эпоха noname-брэндаў, пра якія мы казалі крыху вышэй.

Што будзе з цэнамі?

Закон попыту і прапановы ўсё ж застаецца актуальным. Нават не прымаючы да ўвагі магчымыя ваганні валютных курсаў, цэны, на думку экспертаў, будуць расці па меры меркаванага росту дэфіцыту.

— Зноў жа, кратна выраслі лагістычныя выдаткі. Толькі яны дабавяць да канчатковай цаны тавару каля 5%. Калі свежых паставак не будзе, то ўзнікне сітуацыя, калі дыстрыб'ютары значна падымуць цэны, разумеючы, што гэта апошні тавар і апошняя магчымасць вярнуць «абаротку». Па меры вымывання стокаў усё будзе даражэць. Пакуль ратуе тое, што попыт знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні. Фінальна складана ацаніць рост цэн. На маю думку, тавары кампаній, якія сыходзяць з рынку, падаражэюць разы ў два.

Можа, станоўча на сітуацыі адаб'ецца так званы «шэры» імпарт? Па словах экспертаў, пакуль не вельмі зразумела, што будзе з «шэрым» рынкам. З аднаго боку, ёсць усе перадумовы для яго росквіту. У той жа Расіі, напрыклад, нядаўна легалізавалі паралельны імпарт, гэта значыць дазволілі ўвоз замежных тавараў без атрымання дазволу ад праваўладальніка, вытворцы ці дылера. З іншага боку, не зразумела, якія аб'ёмы прадукцыі атрымаецца такім чынам прывозіць з улікам санкцыйных абмежаванняў на перамяшчэнне грузавога транспарту.

— Так, «шэравозы» будуць прывозіць з-за мяжы нейкую колькасць тых жа тэлефонаў. Аднак у цяперашніх умовах наўрад ці гаворка можа ісці пра вялікія аб'ёмы. А пры малых аб'ёмах і вялікіх рызыках цэны таксама будуць завышацца.

У якасці спробы не дапусціць татальнага дэфіцыту і падаражання эксперты разглядаюць павышэнне ліміту бяспошліннага ўвозу пасылак да 1000 еўра. Аднак і тут не ўсё проста.

— З аднаго боку, ты, здаецца, можаш замовіць сабе той жа iPhone. Але пытанне ў тым, хто з прадаўцоў, якім дарагая рэпутацыя, пагодзіцца адправіць тавар у падсанкцыйныя Беларусь ці Расію? Дастаўляць будуць з кітайскіх пляцовак, дзе вы не знойдзеце смартфоны сусветных брэндаў. І гэта вялікае пытанне, бо раней нават з Кітая груз часта праходзіў праз заходнееўрапейскія хабы. Гэта значыць, зноў узнікае пытанне наконт лагістыкі — лагістычныя ланцужкі максімальна парушаны.

Не абышлі ўвагай нашы суразмоўцы і яшчэ адзін фактар, які, на першы погляд, рынка смартфонаў у прыватнасці і спажывецкай электронікі ў цэлым не датычыць. Але гэта толькі на першы погляд. Маецца на ўвазе падатак для рэкламадаўцаў, які ўвядуць з 1 мая. Нагадаем, за размяшчэнне рэкламы трэба будзе дадаткова заплаціць 10 ці 20% ад кошту рэкламных паслуг. Гэтыя грошы плануецца накіроўваць на падтрымку дзяржаўных СМІ. Вытворцы тэхнікі, а таксама магазіны, у якіх яна прадаецца, актыўна прасоўваліся праз рэкламу. Але, паводле экспертаў, новы закон гэтае прасоўванне прыкметна скароціць.

— Ніводная кампанія не заплаціць зверху яшчэ 10—20%. Будуць скарачацца маркетынгавыя бюджэты і рэкламны рынак у цэлым. Калі ёсць рэклама, яна падштурхоўвае спажыўца часцей мяняць гадзіннік, тэлефон і гэтак далей. У сярэднетэрміновай перспектыве скарачэнне рэкламных бюджэтаў прывядзе і да падзення рынку электронікі.

«Белы» рынак і так на смартфонах практычна не зарабляе, а тут яшчэ такое. Думаю, новы падатак можа прывесці да зыходу з рынку ўжо не толькі брэндаў, але і буйных крам.

А можа, не ўсе так і дрэнна?

Пытанні наконт попыту на смартфоны, іх продажу, асартыменту і тэндэнцый мы таксама накіравалі кіраўніку аддзела Каталога Onlíner Яўгену Вярбіцкаму. Вось яго каментарый:

— У цэлым са смартфонамі ў Каталогу нармальна, ёсць устойлівыя пазітыўныя тэндэнцыі. З'яўляюцца нейкія навінкі, цэны масава змяншаюцца. Гэта заўважаюць і людзі — колькасць карыстальнікаў, якія вывучаюць асартымент смартфонаў у Каталогу, больш, чым у красавіку мінулага года. Нягледзячы ні на што.

Курс долара стабілізаваўся, крамы сістэмна зніжаюць цэны. Можна знайсці такія тавары, якія каштуюць на ўзроўні да 24 лютага. Цяпер сярэдні чэк у выпадку з тэлефонамі (у статыстыку трапляюць і званілкі) знаходзіцца ў раёне 1050 рублёў. Для параўнання, у студзені ён быў каля 1130 рублёў.

Колькасць прапаноў вырасла адносна сакавіка на 12%. Але гэта ўсё яшчэ ніжэй за леташнія паказчыкі. Па нейкіх брэндах асартымент не звужаецца, хаця ёсць і прыклады, дзе разнастайнасць выбару зменшылася. Не ўсе смартфоны да нас своечасова даязджаюць.

Пік попыту быў у лютым, затым пачаў змяншацца. Мяне вельмі радуе, што ў красавіку мы прадаём за дзень больш тэлефонаў, чым год таму.

Onlíner рекомендует
Apple iOS, экран 6.1" OLED (1170x2532) 60 Гц, Apple A15 Bionic, ОЗУ 4 ГБ, память 128 ГБ, камера 12 Мп, аккумулятор 3227 мАч, 1 SIM (nano-SIM/eSIM), влагозащита IP68

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by