У рэдакцыю даслаў ліст чытач, які распавёў пра пераклад аперацыйнай сістэмы Ubuntu на беларускую мову. «Наша невялікая супольнасць аб'яднала намаганні, каб зрабіць якасны пераклад асноўных моўных модуляў вышэйзгаданага праекта», — дадаў ён і трошкі падрабязней расказаў пра праект.
Аляксандр удакладніў, што першыя радкі перакладу Linux на беларускую мову з'явіліся прыблізна ў самым пачатку нулявых, а можа, і крыху раней. Аднак якасць гэтага перакладу вельмі нізкая: блытаюцца правапісы, шмат арфаграфічных, сінтаксічных і лагічных памылак.
Чатыры гады таму Аляксандр разам са знаёмымі арганізаваў некамерцыйнае аб’яднанне, каб зрабіць якасны пераклад АС. «Быў створаны гласарый і стайлгайд. Усё абарвалася вельмі нечакана, калі адмін з Crowdin (ён валодаў праектам) выпадкова выдаліў наш праект. Людзі пачалі паступова пакідаць праект. На некаторы час усё зноў спынілася», — расказаў Аляксандр.
У 2021 годзе працу над праектам аднавілі, выправілі некаторыя моўныя файлы, выдалілі шмат памылак у інтэрфейсе, зрабілі інтэграцыю Launchpad з платформай Crowdin, якая дае вялікія перавагі пры лакалізацыі такога буйнога праекта. На жаль, з-за адсутнасці матывацыі пераклад зноў амаль спыніўся.
«Вядома, што ў нашым грамадстве людзей, якія якасна валодаюць беларускай мовай, не так і многа. А тыя, хто робяць якасныя тэхнічныя пераклады з англійскай на беларускую мову, яшчэ менш. Я не маю ніякіх ілюзій і не думаю, што ў бліжэйшы час будуць цалкам перакладзены і выпраўлены нават асноўныя моўныя модулі, але вельмі хочацца, каб пра нашу ініцыятыву даведалася як мага больш людзей, бо зрабілі мы нямала. І хто ведае, можа, і знойдзецца чалавек, які сур'ёзна здолее паўплываць на праект, і мы атрымаем якасны пераклад гэтай свабоднай аперацыйнай сістэмы», — дадаў Аляксандр.
Спасылка для перакладу на платформе Crowdin
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак і тэксты на роднай мове