7994
22 ноября 2022 в 8:00
Источник: Зміцер Адашкевіч

Забыты геній ці шарлатан? Інжынер стварыў машыну для выкліку дажджу

Источник: Зміцер Адашкевіч

31 снежня 1938 года дырэктар Метэаралагічнага ўпраўлення Аргенціны Альфрэда Галмарыні атрымаў ад паштальёна парасон. Яго даслаў Байгоры Велар, якога Галмарыні абвінаваціў у махлярстве. Ужо праз пару дзён галоўны метэаролаг краіны быў вымушаны папрасіць прабачэння. Зрэшты, гэта ўсё роўна не выратавала Велара ад галечы і поўнага забыцця. Дык хто ж ён — непрызнаны геній або звычайны шарлатан?

Інжынерны пачатак

Хуан Байгоры Велар нарадзіўся ў 1891 годзе ў невялікім мястэчку за 320 км ад Буэнас-Айрэса. Неўзабаве пасля нараджэння сына бацька Байгоры перавёз сям'ю ў сталіцу Аргенціны, так што ўсё дзяцінства хлопчык правёў менавіта ў гэтым горадзе. Тут жа ён скончыў школу і каледж, пасля чаго пераехаў у Італію, дзе ў Міланскім універсітэце атрымаў дыплом інжынера ў галіне геафізікі.

Пасля гэтага Велар працаваў у розных нафтавых кампаніях, для якіх даследаваў склад глебы ў рамках разведкі нафтавых радовішч. Хлопец аб'ездзіў некалькі краін і, гавораць, нават стварыў уласныя прыборы для выяўлення карысных выкапняў і вывучэння электрамагнітнага стану глеб.

На жаль, захаваліся здымкі Байгоры толькі ў сталым узросце

Таленты Байгоры неўзабаве заўважылі. У 1929 годзе пра выпускніка Міланскага ўніверсітэта даведаўся Энрыке Масконі — аргенцінскі ваенны і інжынер-будаўнік, намаганнямі якога ў Аргенціне была знойдзена першая нафта і пачалася яе здабыча. Ён запрасіў Велара на працу ў нядаўна створаную нафтагазавую кампанію Yacimientos Petrolíferos Fiscales. Дарэчы, сёння гэта найбуйнейшая ў Аргенціне карпарацыя.

На працягу наступных некалькіх гадоў Байгоры актыўна падарожнічаў па працоўных пытаннях паміж ЗША і Аргенцінай. Пакуль нарэшце канчаткова не асеў на радзіме, у раёне Буэнас-Айрэса пад назвай Вілья-Луро. Пройдзе зусім няшмат часу, і мясцовыя СМІ пачнуць называць навукоўца «Сучасным Юпітэрам» і «Чараўніком Вілья-Луро». Усё дзякуючы вынаходніцтву, з дапамогай якога Велар быццам навучыўся выклікаць дажджы.

Цуда-машына

Па словах Байгоры, да свайго вынаходства ён прыйшоў зусім выпадкова ў 1926 годзе, калі яшчэ шукаў карысныя выкапні ў Балівіі. «Для пошуку выкапняў я выкарыстоўваў уласнае абсталяванне. І аднойчы заўважыў нешта цікавае. Кожны раз, калі я ўключаў прыладу, тут жа набягалі хмары і пачынаўся дождж, які перашкаджаў мне працаваць. У нейкі момант гэта нарэшце прыцягнула маю ўвагу і я прыйшоў да высновы, што ападкі маглі быць выкліканы вялікай колькасцю электрамагнітнага выпраменьвання ў атмасферы, створанага маёй машынай», — казаў пазней у інтэрв'ю газетам Велар.

Байгоры не хаваў сваю цуда-машыну. Вось яна на фота — ці то чамадан, ці то скрыня шырынёй 35 см і даўжынёй каля 60 см. Тут жа — электрычная батарэя, пара антэн і сакрэтная камбінацыя ўзбагачаных хімічнымі рэчывамі металаў. Навуковец сцвярджаў, што антэны ствараюць накіраванае электрамагнітнае выпраменьванне, якое нібы і прыводзіць да з'яўлення ападкаў.

Прадэманстраваць эфектыўнасць вынаходніцтва Велар чамусьці вырашыў з дапамогай чыгуначнікаў. У лістападзе 1938 года ён прыйшоў у офіс Цэнтральнай аргенцінскай чыгункі і распавёў топ-менеджменту аб сваім адкрыцці. Хутчэй за ўсё, спачатку Байгоры не паверылі, але ўсё ж прапанавалі адправіцца ў правінцыю Сант'яга-дэль-Эстэра, якая перажывала адну з наймацнейшых засух у гісторыі краіны.

Праз пару дзён Велар сустрэўся з Уга Міятэла, прадстаўніком чыгуначнай кампаніі ў мястэчку Пінта. Паводле слоў Уга, неўзабаве пасля таго, як Байгоры ўключыў сваю машыну, вецер змяніў свой напрамак, пачалі ўтварацца хмары, а яшчэ праз 12 гадзін пайшоў лёгкі дождж.

Прыклад аднаго са шматлікіх газетных артыкулаў пра Байгоры

Аргенцінец працягнуў удасканальваць абсталяванне, а 22 снежня, як і планаваў, адправіўся ў правінцыю Сант'яга-дэль-Эстэра. Там яго сустрэў губернатар, які пагадзіўся паспрыяць устаноўцы незвычайнай прылады. Пазней мясцовыя газеты пісалі, што праз 55 гадзін працы машыны Велара ў горадзе выпала 60 мм ападкаў. Нядрэнны лівень для мясцовасці, якая ўжо некалькі месяцаў пакутавала ад засухі!

Пасля вяртання ў Буэнас-Айрэс вынаходніка сталі называць няйначай як «Сучасны Юпітэр» і «Чараўнік Вілья-Луро». Ён даў некалькі інтэрв’ю нацыянальным і міжнародным СМІ. Пісалі, што да Байгоры звярнуліся некалькі амерыканскіх кампаній, якія пажадалі купіць патэнт на «машыну па выкліку дажджу», аднак інжынер адмовіў са словамі «Я аргенцінец і хачу, каб маё вынаходства прыносіла карысць маёй радзіме».

Падазрэнні ў шарлатанстве

На двары ўсё ж было не XIX стагоддзе, таму ў любога «навуковага цуда» знаходзілася мноства аўтарытэтных скептыкаў. У выпадку з Веларам яго галоўным апанентам стаў дырэктар Метэаралагічнага ўпраўлення Аргенціны Альфрэда Галмарыні. Працу інжынера ён назваў містыфікацыяй, якая не можа мець ніякага дачынення да рэальнасці.

Байгоры адказаў праз газету: «Тым, хто сумняваецца ў маім вынаходстве, 3 студзеня 1939 года я прапаную дождж у Буэнас-Айрэсе». Такі «батл» не мог не зацікавіць грамадскасць. Аргенцінцам стала настолькі цікава, што многія нават пачалі рабіць стаўкі — хто на Велара, хто на Галмарыні.

Натоўп перад домам Байгоры

У канцы снежня 1938 года Байгоры правёў канфідэнцыйную сустрэчу з міністрам сельскай гаспадаркі Аргенціны. Пасля дзеля жарту купіў парасон і адправіў яго па пошце Альфрэда Гальмарыні. У той жа дзень інжынер, перад якім сабраўся натоўп, уключыў свой агрэгат. Цікава, што людзі прасілі Велара не рабіць гэтага, каб не псаваць дажджом навагоднія святы. Байгоры толькі паабяцаў адрэгуляваць прыладу так, каб не ператварыць Буэнас-Айрэс у раку.

Па словах вынаходніка, дождж павінен быў пайсці ў прамежку паміж 2 і 3 студзеня 1939 года. Як сцвярджаюць відавочцы, у ноч з 31 снежня на 1 студзеня неба аргенцінскай сталіцы завалакло хмарамі, а ў 5 гадзін раніцы 2 студзеня пачаўся моцны штармавы лівень. Пра падзею загаварылі ўсе, яна трапіла ў загалоўкі найбуйнейшых аргенцінскіх газет.

Многія, зразумела, захацелі працягу «цудаў». Пасля Буэнас-Айрэса інжынер разам са сваёй машынай адправіўся ў мястэчка Каруэ, у якім з-за моцнай засухі знікла возера. У час наведвання паселішча Веларам тут прайшлі навальніцы, а ліўні не толькі напоўнілі возера, але таксама прывялі да разліву вады і прарыву дамбы.

Пасля гэтага выпадку Байгоры на доўгія 12 гадоў спыніў свае эксперыменты, ніяк не патлумачыўшы сваё рашэнне. Толькі ў канцы 1951 года ён зноў узяўся за старое. Міністр па тэхнічных пытаннях Аргенціны асабіста звярнуўся да Велара з просьбай зноў уключыць «дажджавую машыну». Дакументальных пацвярджэнняў гэтаму не засталося, аднак сам Байгоры сцвярджаў, што ён выклікаў ападкі ў трох паселішчах, якія да гэтага моманту не бачылі дажджоў на працягу некалькіх гадоў.

Аднак праз год Велар канчаткова і беззваротна згортвае ўсе свае працы. Хадзілі чуткі, што прычынай стаў якраз згаданы вышэй міністр. Ён нібыта запатрабаваў ад інжынера раскрыць сакрэт абсталявання, аднак Байгоры адмовіўся гэта зрабіць, заявіўшы, што кіраваць «дажджавой машынай» можа толькі ён. У выніку ўлады пад пагрозай турэмнага зняволення забаранілі эксперыменты з надвор'ем, а Велар не надта і настойваў.

Забыты геній ці махляр?

З сярэдзіны мінулага стагоддзя Байгоры больш ніколі публічна не паказваў працу сваёй машыны. Інжынер адасобіўся ад усіх у сваёй хаце, а неўзабаве пра яго ўсе забыліся. Сям'ю Велар так і не завёў. Памёр ён у беднасці 24 сакавіка 1972 года. Кажуць, на пахаванні было ўсяго некалькі чалавек, а падчас працэсіі ішоў дождж. Ніякіх чарцяжоў, схем ці хаця б малюнкаў у яго не знайшлі. Саму «дажджавую машыну» таксама больш ніхто не бачыў. Хутчэй за ўсё, мужчына спаліў усе паперы, а абсталяванне разабраў і знішчыў.

Сёння ніхто толкам не ведае, што вынайшаў Байгоры і ці вынайшаў наогул. Рамантыкі ўпэўнены, што Велар стварыў адно з новых цудаў свету. Скептыкі лічаць «дажджавую машыну» фікцыяй і падазраюць аргенцінца ў махлярстве. Як бы там ні было, грошай Байгоры яго вынаходства не прынесла, а слава апынулася вельмі скарацечнай.

Хуан Байгоры Велар і дом, пабудаваны на месцы, дзе ён пражыў апошнія гады

Сёння аб інжынеры мала хто памятае. А тыя, хто памятае, спрабуюць зразумець, у чым жа была справа. Лічыцца, што ў Велара сапраўды магла быць такая машына, аднак максімум, на што яна была здольная, гэта прагназаваць дождж, але ніяк не выклікаць яго. Што да пацверджаных выпадкаў, калі тысячы відавочцаў нібыта бачылі, як Байгоры выклікае дождж, то тут, хутчэй за ўсё, справа ў выбіральнасці памяці. Людзі ўспаміналі выпадкі, калі дождж ішоў, але хутка забывалі пра моманты, калі Велару не ўдавалася «выклікаць» ападкі.


электрический с конвекцией, объем 65 л, утапливаемые переключатели, 8 режимов, очистка каталитическая, 2 стекла в дверце, направляющие проволочные + телескопические (1 уровень)
индукционная на 4 конфорки, cтеклокерамика, мощность: 6600 Вт, независимая установка, размеры (ШхГ): 59x52 см
отдельностоящая, стиральная машинка, с паром, загрузка до 6.5 кг, отжим 1200 об/мин, глубина 44 см (с люком 46 см), энергопотребление A, прямой привод, 10 программ

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by