Код карычневы! Як у пагоні за прыгожай фарбай еўрапейцы знішчылі муміі

6217
18 августа 2022 в 8:00
Источник: Зміцер Адашкевіч

Код карычневы! Як у пагоні за прыгожай фарбай еўрапейцы знішчылі муміі

Источник: Зміцер Адашкевіч

Мы ўжо распавядалі пра незвычайныя фарбы. Напрыклад, пра «зялёны Шэеле», які атруціў ледзь ці не ўсю Еўропу. Але папулярны быў не толькі зялёны, без карычневага таксама рэдка якая карціна абыходзілася. Аж да сярэдзіны XX стагоддзя ў продажы можна было знайсці фарбу «Мумія карычневы». Не кожны мастак ведаў, што насамрэч піша свае карціны астанкамі памерлых людзей. Тым не менш усё так і было, пакуль свет не сутыкнуўся з вострым недахопам мумій.

Лёс муміі

Егіпецкія муміі пачалі заваёўваць Еўропу яшчэ ў Сярэднявеччы. Хрысціяне верылі ў лячэбныя ўласцівасці парашка, прыгатаванага з забальзамаваных старажытнаегіпецкіх цел. Дарэчы, пад словам «мумія» (а гэта звычайны «воск» або «бітум» на персідскай мове) доўгі час разумелі менавіта такія лекі.

Лічылася, што яны дапамагаюць пры лячэнні ран і ўдараў, а самыя хітрыя гандляры распаўсюджвалі чуткі пра панацэю з самога Егіпта. Парашок з перамолатых мумій можна было знайсці практычна ў любой еўрапейскай аптэцы. У нейкі момант «лекі» сталі настолькі папулярнымі, што аптэкары звярнуліся да падробак. Замест высакародных старажытнаегіпецкіх мумій у ход пайшлі трупы жабракоў і іншых памерлых без егіпецкага бэкграўнда.

У Каір жа пацягнуліся цэлыя караваны. Англічане, французы і іншыя еўрапейцы прыязджалі на мясцовыя рынкі, дзе гандлявалі муміямі як цалкам, так і па «запчастках». Мясцовыя жыхары раскопвалі і рабавалі грабніцы, прывозілі забальзамаваныя трупы на рынкі ў Каір, нядорага прадавалі іх спадарожнікам, а тыя ўжо рабілі вялікі бізнес у Еўропе.

Як да гэтага ставіліся прафесіяналы, урачы, а таксама іншыя аўтарытэты? У асноўным станоўча. Напрыклад, сваяк Шэкспіра, доктар Джон Хол, лячыў парашком з муміі эпілепсію. Французскі кароль Францыск I заўсёды насіў з сабой кашэль з сумессю парашкоў муміі і рэвеню — гэтай штукай ён лячыў усё: ад галаўных боляў і сінякоў да пераломаў костак і боляў у страўніку.

Заўзятым прыхільнікам выкарыстання высушаных мумій у якасці лекаў быў геній таго часу Парацэльс. Ён сцвярджаў, што чалавек атрымлівае «жыццёвую сілу», едучы астанкі памерлых. У першую чаргу гаворка ішла пра жывёл, але і на людзей Парацэльс не забываў. «Калі б лекары ведалі пра сілу гэтага рэчыва (гаворка пра „жыццёвую сілу“), то ніводнае цела не затрымлівалася б на шыбеніцы», — казаў ён.

Аптэчны слоік з парашком муміі. XVIII стагоддзе

Увогуле, у XVI стагоддзі парашкі з мумій выкарыстоўвалі для лячэння ўсяго. «Вострыя болі ў селязёнцы», кашаль, «уздуцце цела», матачныя інфекцыі, раны, цяжкія роды, «завяданне суставаў», «зацвярдзенне рубцоў», дызентэрыя, дыярэя, эпілепсія… Гэта толькі малая частка захворванняў, якія рэкамендавалася лячыць экстравагантным спосабам.

«Мумія карычневы»

Улічваючы, як у Сярэднявеччы людзі з задавальненнем елі, пілі муміі і націраліся імі, не варта дзівіцца, даведаўшыся, што гэтым яшчэ і малявалі. Дакладней, пісалі карціны. Фарба пад назвай «Мумія карычневы» (таксама вядомая як «Егіпецкі карычневы», ці, калі ўжо зусім па-простаму, Caput Mortuum) уяўляла сабой насычаны карычневы пігмент, зроблены з перацёртых мумій, якія змешваліся з некалькімі відамі смалы.

«Раскрыццё муміі». Карціна пра мумію, напісаная з выкарыстаннем муміі

Актыўна ў якасці фарбы рэчыва сталі выкарыстоўваць ва ўсё тым жа XVI стагоддзі. У загашніку кожны паважаны мастак абавязкова меў запасы гэтай фарбы. У рэшце рэшт карычневы быў адным з асноўных колераў творчай багемы таго часу. Так што «Мумія карычневы» ўжывалася паўсюдна, яна добра клалася на палатно, служыла алейнай фарбай і акварэльным пігментам. З яе дапамогай перадавалі цялесныя тоны, афармлялі цені і надавалі бляск усёй карціне.

Мастакі актыўна нахвальвалі фарбу. Маўляў, яна «сыходзіць з пэндзля з цудоўнай свабодай і роўнасцю», дае «тонкую, надзвычай прыемную плёнку». Акрамя таго, «Мумія карычневы» з часам не трэскалася, як шматлікія алейныя фарбы. Галоўнае было не сутыкнуцца з падробкай і купіць «сапраўдны» прадукт.

У 1712 годзе ў Парыжы адкрылася крама тавараў для мастакоў, жартаўліва названая A La Momie. Там прадаваліся фарбы і лакі, а таксама парашкападобныя муміі. Найбольшай папулярнасці «Мумія карычневы» дасягнула прыкладна праз паўтара стагоддзя. Сёння дакладна вядома, што фарбай актыўна карыстаўся Эжэн Дэлакруа. Сярод іншага яго самая вядомая карціна «Свабода, якая вядзе народ», хутчэй за ўсё, была літаральна «напісана целамі людзей».

Французскі мастак Мішэль Мартэн Дролінг фактычна толькі гэтай фарбай напісаў «Інтэр'ер кухні». Прычым гэты спадар умудрыўся выкарыстоўваць муміфікаваныя рэшткі французскіх каралёў, вынятых з магільні базілікі Сен-Дэні ў Парыжы.

Мішэль Мартэн Дролінг, «Інтэр'ер кухні»

На працягу чатырох стагоддзяў фарба «Мумія карычневы» вельмі актыўна выкарыстоўвалася мастакамі. Напэўна, у большасці карцін XVI—XIX стагоддзяў з насычаным карычневым адценнем можна было сустрэць гэты пігмент.

Апошні ўсплёск цікавасці да памерлых егіпцян здарыўся ў XIX стагоддзі, і звязаны ён з егіпецкай кампаніяй Напалеона. На фоне ўражальных археалагічных знаходак і пад уплывам імкнення егіпецкіх улад адкрыць краіну для Захаду і яго грошай скачкападобна вырастала турыстычная галіна. Ездзіць у Егіпет зноў стала модна і прэстыжна. Адначасова развілася такая галіна, як калекцыяніраванне розных егіпецкіх рэліквій. Зусім не рэдкім быў выпадак, калі калекцыянеры-сапернікі караскаюцца па камянях і разбітых саркафагах, капаюцца ў завалах і таргуюцца з мясцовымі хлопчыкамі, кішэні якіх заўсёды былі набіты старажытнасцямі. Да сярэдзіны 1800-х лічылася дзіўным вярнуцца з паездкі ў Егіпет без муміі ў адной руцэ і чучала кракадзіла ў іншай.

Усяму, аднак, прыходзіць канец. Неўзабаве мода на муміі і фарбу «Мумія карычневы» прайшла. Спатрэбілася ўсяго каля 400 гадоў.

Бывайце, муміі!

У біяграфіі прэрафаэліта Эдварда Бёрн-Джонса яго ўдава ўспамінала лёсавызначальны дзень з жыцця мастака. Гэта быў дзень пахавання цюбіка з фарбай. Да пары ў госці прыйшлі некалькі іншых мастакоў і сваякоў. Усе паабедалі і прыняліся абмяркоўваць розныя фарбы, якія жывапісцы выкарыстоўвалі ў сваіх працах. Звычайная свецкая размова з прымессю прафесійнага рамяства.

Эдвард Бёрн-Джонс

І тут госці распавялі, што нядаўна сваімі вачамі бачылі, як егіпецкую мумію перацерлі ў парашок, з якога потым зрабілі фарбу. Спачатку Эдвард не мог у гэта паверыць і настойваў, што «Мумія карычневы» — толькі абстрактная назва, якая павінна выклікаць асацыяцыі з карычневым колерам мумій. Госці, аднак, пераканалі Бёрн-Джонса, што гэтая фарба на самой справе складаецца з перамолатых у пацяруху старажытных егіпцян.

Эдвард моўчкі выйшаў з пакоя і неўзабаве вярнуўся з цюбікам фарбы «Мумія карычневы». Ён настаяў на тым, каб прысутныя годна пахавалі цюбік з астанкамі. На газоне ў двары выкапалі ямку, паклалі туды фарбу, засыпалі зямлёй, а зверху пасадзілі стакроткі. Тое, што адбылося, зрабіла глыбокае ўражанне на юнага Рэдзьярда Кіплінга, які тады ж гасцяваў у дзядзькі Эдварда і пасля часта ўспамінаў «пахаванне цюбіка».

«Апошні сон Артура» Бёрн-Джонса. Мяркуецца, што ў гэтай карціне вельмі шмат мумій

Дзеянні Бёрн-Джонса адлюстроўвалі ўсеагульную агіду да самой ідэі выкарыстання мумій у якасці фарбы. Чаму так адбывалася? Часткова — з-за росту ўсведамлення жудаснага паходжання пігменту. Падобна, шмат хто ў XIX стагоддзі забыўся ці не ведаў, што «Мумія карычневы» вырабляецца з сапраўдных астанкаў. Часткова — дзякуючы росту цікавасці да гістарычнай, культурнай, навуковай і археалагічнай спадчыны Старажытнага Егіпта. Але, мабыць, галоўны фактар — мумій да пачатку XX стагоддзя засталося вельмі мала, амаль усіх ужо пусцілі калі не на лекі, то на фарбу.

Вядомы брытанскі вытворца фарбаў Roberson's захоўваў карычневы пігмент да 1930-х гадоў. Аднак у той час попыт на яго быў ужо вельмі нізкі. У 1964 годзе кіраўнік кампаніі заявіў, што ў іх скончыліся муміі для фарбаў: «Магчыма, у нас дзесьці ёсць некалькі старых канечнасцей, але іх недастаткова, каб зрабіць яшчэ фарбу. Мы прадалі апошні цюбік з адценнем „Мумія карычневы“ некалькі гадоў таму, здаецца, за тры фунты. Усё, дакладна больш няма».

Зрэшты, калі вы сёння захочаце напісаць карціну фарбай «Мумія карычневы», праблем з гэтым не будзе. Пігмент з такой назвай можна даволі лёгка знайсці ў продажы па кошце прыкладна $15 за 100 грамаў. Праўда, у сучасным складзе саміх мумій ужо няма. Іх замяняюць гематыт, кварц, гліна і некаторыя іншыя мінеральныя рэчывы. Кажуць, колер той жа, а ўласцівасці нават лепшыя.


Выбор покупателей
Onlíner рекомендует
Smart TV, Wi-Fi, 4K, поддержка HDR
Выбор покупателей
Onlíner рекомендует
USB, Smart TV, Wi-Fi, 4K, поддержка HDR

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by