Войны і мода — вось і ўсе, па сутнасці, забавы людзей у XIX стагоддзі. Сёння мала што змянілася, але цяперашняя мода хаця б не забівае. Дзвесце гадоў таму Еўропа звар'яцела ад колеру пад назвай «зеляніна Шэеле». Яго выкарыстоўвалі пры афарбоўцы сукенак і сцен, вытворчасці шкарпэтак і шыкоўных шпалер. Доўгія часы мала хто ведаў, што новая фарба літаральна забівае і калечыць людзей. Пазбаўляліся ад «зеляніны Шэеле» больш за стагоддзе.
Чалавецтва даўно заяўляе аб тым, што жадае быць бліжэй да прыроды. Нават калі на самой справе аддаляецца ад яе. Як бы там ні было, але мастакі любілі зялёны, атаясамляючы яго з прыродай. Пры гэтым з зялёным колерам заўсёды былі складанасці. Справа ў тым, што зялёную фарбу было надзвычай складана атрымаць.
Да канца XVIII стагоддзя гэта можна было зрабіць толькі двума спосабамі. Малахітавая зеляніна здабывалася шляхам драбнення малахіту. Фарба доўга захоўвала колер, але праблема ў тым, што сам ён быў даволі бледным і меў мала агульнага з насычанымі прыроднымі адценнямі. Ацэтат медзі — арганічная медная соль воцатнай кіслаты. Дае выдатны яркі зялёны колер, які, аднак, вельмі хутка цямнее. Атрымаць прыгожае і даўгавечнае зялёнае адценне штучным спосабам было амаль немагчыма.
Усё змянілася дзякуючы шведскаму хіміку Карлу Вільгельму Шэеле ў 1775 годзе. Да таго моманту ён ужо паспеў прыдумаць ярка-жоўтую фарбу з хлору і кіслароду, аднак запатэнтаваць яе не здолеў. І тут яшчэ адзін прарыў. Шэеле ўсяго і зрабіў, што нагрэў карбанат натрыю, дадаў аксід мыш'яку, добра перамяшаў атрыманую сумесь, а затым дадаў сульфат медзі. Гавораць, адкрыццё выйшла амаль выпадкова. Затое на выхадзе атрымаўся цудоўны глыбокі насычаны зялёны колер. Той самы, які чалавецтва шукала на працягу ўсёй гісторыі.
Шэеле быў у захапленні і эйфарыі. Навуковец назваў колер у гонар сябе і неадкладна прыступіў да яго камерцыйнага прасоўвання. Ці непакоіла яго атрутная база колеру? Вядома, Карл выдатна ведаў аб смяротных уласцівасцях мыш'яку і перад запускам «зялёнага Шэеле» у вытворчасць неяк у лісце пацікавіўся ў сябра, ці варта апавяшчаць пакупнікоў аб атрутнай прыродзе колеру. «Ай, што такое крышку мыш'яку, калі ў цябе ёсць выдатная новая фарба на продаж», — адказаў сябар.
Навукоўцу, дарэчы, тады было ўсяго 33 гады. Дзякуючы «зялёнаму Шэеле» ён паспеў разбагацець і пажыць на шырокую нагу. Праўда, праз дзесяць гадоў памёр. У хіміка з'явілася шмат язваў на скуры, даймала дыярэя і дрымотнасць, што у сукупнасці дае незабыўны эфект. У выніку вялікі навуковец памёр, як лічыцца, ад пашкоджання нырак праз працяглае ўздзеянне яду.
Тым часам свет вар’яцеў ад «зеляніны Шэеле». Гэты смарагдавы колер сапраўды імітаваў прыродныя адценні. Ён не быў залішне жоўтым ці з адценнем бірузовага. «Зеляніна Шэеле» — гэта насычаны зялёны без шэрых адценняў і намёкаў на карычневы. Сапраўдны раслінна-зялёны, як вясновая трава. Да таго ж яго вытворчасць абыходзілася вельмі танна. Вядома, мала хто мог выстаяць перад такім спалучэннем.
Людзі нібы адрываліся на тым, што было ім недаступна тысячагоддзямі. «Зеляніну Шэеле» выкарыстоўвалі літаральна паўсюль. Ёю фарбавалі адзенне, сцены, шпалеры, пальчаткі, паперу, штучныя кветкі (вельмі папулярная тэма ў віктарыянскай Англіі). Яе дадавалі ў цукеркі, хлеб і, канешне ж, з яе дапамогай нарэшце пачалі пісаць карціны.
Ці ведалі людзі аб тым, што гэты колер атрутны? Пытанне складанае і наўпрост звязана са стаўленнем да мыш'яку. Так, ім труцілі мышэй, але ў той жа час мыш'як выкарыстоўваўся ў якасці лекаў ад шматлікіх хвароб і «недахопаў». Напрыклад, з дапамогай яду выбельвалі вяснушкі, лячылі сіфіліс, псарыяз і шмат іншых хвароб.
Давер да мыш'яку быў такі вялікі, што нават жудасныя гісторыі з атручэннем не шкодзілі яго рэпутацыю. Вядомая гісторыя, калі ў Вялікабрытаніі ў XIX стагоддзі мясцовы кандытар выпадкова замест цукру дадаў у цукеркі мыш'як. Каля 200 чалавек атруціліся, больш за два дзясяткі памерлі. Кандытара, вядома, асудзілі, але ж да мыш'яку прэтэнзій не было, маўляў, памылка, перабралі з дозай — з кім не бывае.
Многія, вядома, пра атрутны след «зеляніны Шэеле» не падазравалі. А вось вытворцы ведалі. Ад таксічнай сутнасці колеру яны адцягвалі спажыўцоў з дапамогай рамантычных назваў ізумрудна-зялёнага колеру. У той час яго таксама называлі «імператарскі» ды «парыжскі зялёны». Больш за тое, папулярызацыі ў прамым сэнсе атрутнай расфарбоўкі спрыялі «поп-зоркі» таго часу. Так, толькі на адкрыцці оперы ў Парыжы з'явілася ў зялёнай сукенцы імператрыца Яўгенія, графіня дэ Манціха, як Еўропа з ног да галавы апранулася ў сукенкі колеру «зялёны Шэеле».
Пазней падлічылі, што на афарбоўку адной такой сукенкі пайшло не менш за 58 грам чыстага мыш'яку. Гэта прыкладна 580 смяротных доз! Тым часам прамысловасць працягвала ставіць рэкорд за рэкордам. Штогод толькі ў адной Англіі выраблялася каля тысячы тон «зеляніны Шэеле». Выпускаліся мільёны кіламетраў зялёных шпалер, да сярэдзіны XIX стагоддзя іх можна было знайсці ў любым будынку, ад палаца да рыбацкай хаты.
Узнікае заканамернае пытанне. Няўжо пры такім шырокім распаўсюджванні атруты ніхто не заўважаў падвоху? Няўжо не паміралі людзі? Няўжо арганізм быў настолькі ўстойлівы да яду?
Людзі, вядома, паміралі і калечыліся. Больш за ўсё цярпелі тыя, хто непасрэдна працаваў з фарбай. У 1859 годзе доктар Анжэ наведаў памяшканне, у якім рабілі тыя самыя штучныя кветкі. Праца была складанай і патрабавала мужчынскіх рук — яны вымочвалі тканіну ў зялёнай фарбе. У дрэнна асветленым памяшканні лекар убачыў змардаваных працоўных з зялёнымі язвамі на нагах, жоўтымі пазногцямі, з рукамі, спярэшчанымі нарывамі.
Людзі паміралі, але не часта камусьці прыходзіла ў галаву ідэя звязваць смерць з «зелянінай Шэеле». Чума, ліхаманка, мор, засмучэнне, ведзьмін праклён — тлумачэнняў смяротнага зыходу былі тысячы, на любы густ. Усё пагаршалася яшчэ і тым, што ў мікраскапічных дозах мыш'як не прыводзіць да маментальнай смерці, але пры гэтым з'яўляецца моцным канцэрагенам. З часам чалавек паміраў ад раку, які выклікаў мыш'як з тых жа шпалер. Вось толькі ніхто пра гэта нават не думаў.
І ўсё ж некаторыя навукоўцы западозрылі нядобрае і да сярэдзіны XIX забілі трывогу. Спачатку на іх ніхто не звяртаў увагі, але паступова медыкі назапасілі вялікі спіс доказаў смяротных уласцівасцей «зеляніны Шэеле».
Увосень 1861 года лонданцаў уразіла гісторыя 19-гадовай кветачніцы, якая памерла проста каля латка са штучнымі кветкамі. «Яе вырвала зялёным, вочы сталі зялёнымі, а перад смерцю яна сказала лекару, што бачыць усё ў зялёным колеры», — такія падрабязнасці апошніх гадзін жыцця прадавачкі вельмі напалохалі гараджан. Аказалася, дзяўчына надыхалася мыш'яку, пасыпаючы лісце парашком «зеляніны Шэеле». У выніку мыш'як трапіў у лёгкія, страўнік і печань.
У тым жа годзе раптоўна памерла дзяўчынка. Яна толькі лізнула штучны вінаград, пасыпаны зялёным парашком. Млоснасць, панос, сып, страта слыху і зроку — смерць. На такія дзіўныя выпадкі сталі звяртаць больш увагі. Ахвяр вывучалі, іх гісторыі сталі здабыткам грамадскасці.
Ізноў жа ў 1861 годзе ў Лондане небагатая сямейная пара назбірала грошай на лекара Томаса Ортана. Яго малілі даведацца, чаму памерлі ўсе чацвёра іх дзяцей. Раней бацькам казалі пра ліхаманку, дыфтэрыю ды іншае. Аднак усім было відавочна, што справа ў нечым іншым. Доктар узяўся за справу, з дапамогай хіміка Генры Летэбі паспеў правесці анатаміраванне малодшага дзіцяці і выявіў сляды вострага атручвання мыш’яком.
У пакоі дзяўчынак былі прыгожыя шпалеры ізумруднага колеру. Хутчэй за ўсё, яны былі няякасна пафарбаваны і мыш'як актыўна вылучаўся ў выглядзе пылу. Гэта прывяло да даволі хуткага атручэння дзяцей і, як вынік, да смерці. Даследаваўшы шпалеры, Генры Летэбі вызначыў, што ўтрыманне мыш'яку на квадратны метр складала каля аднаго грама. Нагадаем, што смяротнай лічыцца доза 0,1 грама.
Здавалася б, усё зразумела і з жахлівым рэчывам пара развітвацца. Але як жа? У «зеляніны Шэеле» аказалася магутнае лобі. Галоўным абаронцам выступіў англійскі мастак, паэт і мастацтвазнаўца Уільям Морыс. Ён высмейваў лекараў, якія змагаліся супраць таксічнай фарбы, і здзекліва адказваў, што іх проста пакусалі пацыенты.
Якая справа была Морысу да фарбы? Усе вельмі проста: яго бацька валодаў меднымі руднікамі, пабочнымі прадуктамі якіх быў мыш'яковы пыл. Справа дайшла да таго, што Морысы аказаліся аднымі з найбуйнейшых вытворцаў мыш'яку, без якога было немагчыма стварыць выдатны смарагдава-зялёны колер.
Грошы цяклі ракой, таму любая шуміха вакол штучнай зеляніны была Уільяму Морысу і яго бацьку не патрэбна. У рэшце рэшт, яны ж і шпалеры таксама выпускалі. Дайшло да таго, што шахцёраў, якія атруціліся мыш'яком, Морысы назвалі шарлатанамі. Дарэчы, справа чатырох дзяўчынак, абставіны смерці якіх расследаваў Томас Ортан, дайшла да суда. Прысяжныя назвалі высновы доктара непажаданымі і прынялі рашэнне, што дзяўчынкі памерлі з натуральных прычын.
І ўсё ж з часам шуміха вакол фарбы зрабіла сваю справу. Пакуль фарбу не забаранілі, аднак людзі неяк самі астылі да смарагдавага колеру, які не выходзіў з моды цэлае стагоддзе. Да 1880-х насіць зялёнае і апранацца ў зялёнае стала лічыцца маветонам. Да таго часу прыдумалі рабіць зялёную фарбу з аксіду хрому. Атрымліваўся стабільны і нетаксічны колер.
Кажуць, што ў 1879 годзе каралева Вікторыя праводзіла афіцыйны прыём, на які спазніўся адзін са службоўцаў. У сваё апраўданне ён адказаў, што дрэнна сябе адчувае пасля начлегу ў Букінгемскім палацы ў памяшканні з зялёнымі шпалерамі. Пасля гэтага каралева загадала сарваць усе шпалеры і знішчыць іх. Заразліваму прыкладу рушылі ўслед астатнія брытанцы.
Яшчэ праз два дзясяткі гадоў «зялёны Шэеле» нарэшце афіцыйна забаранілі ва ўсёй Еўропе. Праўда, да таго часу ён і так ужо нідзе не выкарыстоўваўся. Прыкладна ў той жа час памёр галоўны абаронца мыш'яку Уільям Морыс, а руднікі яго бацькі закрыліся з-за вычарпання медных запасаў і драматычнага зніжэння коштаў на мыш'як.
У XX стагоддзі «зяляніну Шэеле» яшчэ некаторы час можна было знайсці ў выглядзе інсектыцыду. Мыш'як у мікраскапічных дозах застаўся толькі ў леках ад сіфілісу. А ў свеце хоць і са спазненнем, але пачалася маштабная кампанія супраць мыш'яку і «зялёнага Шэеле». Кампанія была настолькі ўдалай, што менавіта дзякуючы ёй сёння ўсе яды і таксіны асацыююцца з зялёным колерам (успомніце кінематограф).
«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by