Ён выратаваў чалавецтва. Самы важны вучоны, пра якога вы ніколі не чулі

26 925
30 июня 2022 в 8:00
Источник: Зміцер Адашкевіч

Ён выратаваў чалавецтва. Самы важны вучоны, пра якога вы ніколі не чулі

Источник: Зміцер Адашкевіч

Наўрад ці вы калі-небудзь чулі пра вучонага Клэра Патэрсана. Ён не прыдумляў мікрапрацэсараў і не вынаходзіў інтэрнэт, не ствараў атамныя бомбы і не шукаў таямніцы Сусвету. Нобелеўскай прэміі ў яго таксама няма. Пры гэтым менавіта Клэр Патэрсан выратаваў чалавецтва ад масавага атупення. Апошняе сцвярджэнне сёння можа выклікаць сумную ўхмылку. Але, паверце, усё магло быць яшчэ горшым, калі б не гэты амерыканец, які кінуў выклік магутным карпарацыям і перамог.

Жудасна-цудоўны тэтраэтылсвінец

Уолтар Даймак ніколі не скардзіўся на душэўнае здароўе і не збіраўся пакідаць гэты свет па сваёй волі. Тым не менш ціхай восеньскай ноччу 1923 года ён адчыніў акно спальні і выскачыў уніз. Добра, што ў доме было ўсяго два паверхі і Уолтар застаўся жывы. Некаторым яго калегам пашанцавала менш. Так, у тым жа годзе Эрнэст Эльгерт паскардзіўся сябрам на галюцынацыі, а на наступны дзень памёр. Дактароў здзівілі дзіўныя бурбалкі газу, якія вылучаліся з яго ўжо мёртвых тканак.

Уільям МакСуіні ваяваў з прывідамі і ў выніку атрымаў уціхамірвальную кашулю. Такі ж лёс чакаў і Герберта Ф'юзана, і Уільяма Крэсге, і дзясяткі іншых мужчын. Усіх іх аб'ядноўвала адно месца працы — эксперыментальны нафтаперапрацоўчы завод. Там яны выраблялі тэтраэтылсвінец — дабаўку да бензіну, якая паляпшала характарыстыкі рухавікоў.

Грамадскасць была абураная. За год з пачатку працы завода каля 40 працоўных страцілі розум і праводзілі час у вар'яцкім доме. Хтосьці выказаў здагадку, што, трапіўшы ў арганізм, тэтраэтылсвінец ператвараецца ў спірт, які даводзіць чалавека да «белай гарачкі». Прадстаўнікі ж завода настойвалі: ўсё бяспечна, а людзі здурэлі таму, што занадта шмат працавалі.

Зразумела, уся справа была ў тэтраэтылсвінцы, а дакладней, у аснове гэтага злучэння — свінцы. Навошта ён наогул быў патрэбны ў прамысловай вытворчасці? Усё пачалося яшчэ ў 1908 годзе, калі дырэктар аўтамабільнага завода і блізкі сябар заснавальніка Cadillac Байран Картэр спыніўся на мосце ў Дэтройце, каб дапамагчы незнаёмай жанчыне завесці машыну. У той час ключоў запальвання яшчэ не было і заводзіць аўтамабіль трэба было ўручную з дапамогай спецыяльнай дзяржальні. Байран дапамог жанчыне, аднак дзяржальня адскочыла яму ў твар, і Картэр памёр. Гэты факт настолькі моцна засмуціў хлопцаў з Cadillac, што яны вырашылі стварыць электрычны стартар.

Так пачалася чарговая рэвалюцыя ў аўтамабілебудаванні, якая зрабіла вялікі крок насустрач будучыні. Праз некалькі гадоў быў гатовы электрастартар, пад які таксама прыйшлося змяніць канструкцыю рухавіка. Цяпер заводзіць аўтамабіль можна было з кабіны з дапамогай ключа запальвання. Але быў нюанс — стук у рухавіку.

Аўтамабільныя кампаніі, што змагаліся за першынство, распачалі шукаць прысадкі, якія б маглі адолець стук. За пяць гадоў паспрабавалі тысячы рэчываў і злучэнняў, але першае адкрыццё ўдалося здзейсніць толькі ў 1921 годзе. Аказалася, стук у рухавіку можа паменшыць далікатны паўметал тэлур. Праблема вырашана? Здаецца, так, і Chevrolet нават стварыла тэставы аўтамабіль на тэлуравым паліве.

Але быў нюанс. Тэставую машыну нездарма празвалі «Казлом». Справа ў тым, што тэлур вельмі моцна смярдзеў. Гэты пах параўноўвалі з пахам «шафы д'ябла ў трэнажорнай зале». Ад яго было вельмі цяжка пазбавіцца. Пасля паўгадзіны за рулём нават лазня не магла выгнаць з кіроўцы гэты вельмі непрыемны пах. Тэлур быў добры для машын, але не падыходзіў для людзей з насамі.

І вось яшчэ праз год General Motors знайшла ідэальную, як тады здавалася, антыдэтанавальную прысадку. Пасля шматгадовых доследаў і тысяч эксперыментаў стук у рухавіку перамаглі з дапамогай тэтраэтылсвінцу. Рухавік бурчэў як кацяня, ды яшчэ і адрозніваўся павышанай моцнасцю, таму што злучэнне падвышала актанавы лік бензіну.

Да таго ж тэтраэтылсвінец не меў паху і быў вельмі танны ў вытворчасці. Ідэальнае спалучэнне для бізнесу. Ці ведалі аб яго атрутнай прыродзе? Канешне! Хімікі, якія і прапанавалі злучэнне ў якасці дабаўкі для рухавіка, папярэджвалі, што рэчыва атрутнае. Аднак аўтамабільную прамысловасць гэтым было не спыніць. Каб не палохаць людзей, з назвы дабаўкі прыбралі «свінец» і пакінулі толькі «этыліраваны» бензін.

У 1923 годзе кампаніі General Motors, DuPont і Standard Oil заснавалі сумеснае прадпрыемства Ethyl Gasoline Corporation. У тым жа годзе яны пабудавалі вялізны завод у Нью-Джэрсі. Тады ж рабочыя гэтага завода сталі пакутаваць ад псіхічных расстройстваў. Толькі за год загінулі пяць чалавек, яшчэ каля 40 засталіся інвалідамі.

Чым небяспечны тэтраэтылсвінец

Дарэчы, вынаходнік рэчыва Томас Міджлі сам атруціўся тэтраэтылсвінцом. У яго была нізкая тэмпература і слабасць. Аналізы паказалі, што ў хіміка атручэнне свінцом. Амаль два гады ён правёў у адпачынку на сур'ёзнай тэрапіі, каб прыйсці ў сябе. Томас выжыў, але пад ціскам працадаўцы ў асобе General Motors распаўсюджвацца аб праблеме не стаў.

Чым небяспечны тэтраэтылсвінец? Пры ўдыханні пароў рэчыва чалавек атрымлівае порцыю свінцу. Той змешваецца з кальцыем, паступова замяшчаючы яго. Кальцый жа адказвае за працу крывяносных сасудаў, рост клетак, кантроль крывянога ціску. Ён умацоўвае косці, а таксама спрыяе сувязі паміж мазгавымі клеткамі.

Калі ў справу замест кальцыю ўступае свінец, мозг фактычна памірае. Свінец пашкоджвае ДНК, знішчае нейроны і ўскладняе зносіны паміж нервовымі клеткамі. Акрамя таго, псуецца гематаэнцэфалічны бар'ер — складаная сістэма, якая замінае вірусам і бактэрыям трапіць у мозг. Працяглае ўздзеянне свінцу прыводзіць да зніжэння разумовых здольнасцей, да галюцынацый і смерці.

Свінец у складзе тэтраэтылсвінцу ўдвая небяспечны тым, што ў арганізм трапляе вельмі хутка. Разлітая на скуру чайная лыжка рэчыва можа забіць. Некалькі тыдняў пастаяннага ўдыхання пару тэтраэтылсвінцу — і вось вам галюцынацыі, трэмар, дэзарыентацыя. Менавіта ад гэтага і цярпелі працоўныя на заводзе Ethyl Gasoline Corporation.

Ні кроку назад

Кажуць, пасля адкрыцця вынаходнік тэтраэтылсвінцу ўсё ж спрабаваў давесці сваім босам неабходнасць адмовы ад рэчыва. Але як можна адмовіцца ад таго, што так добра працуе і прыносіць столькі грошай? Этыліраваны бензін рабіў аўтамабілі ціхімі, магутнымі, паслухмянымі. З яго дапамогай гоншчыкі з вялікай перавагай выйгравалі заезды ў Індыянапалісе.

Табе няма чаго прапанаваць на замену? Што-небудзь з такімі ж характарыстыкамі, але не атрутнае? Што ж, тады трымай свае грошы і заткніся. Засталося толькі ўладзіць пытанні з грамадскасцю. Пасля непрыемных і смяротных выпадкаў на заводзе ўзнялася шуміха. Здавалася, яшчэ трошкі — і «выдатны» тэтраэтылсвінец забароняць.

У Ethyl Gasoline Corporation правярнулі наступны фокус. Кампанія наняла на працу (з вялікім заробкам) маладога таксіколага Роберта Кеха. Хлопец быў талковым, актыўным і прадпрымальным. Ён займаўся тым, што вывучаў уздзеянне тэтраэтылсвінцу на арганізм чалавека.

Да якіх высноў прыйшоў Кеха? Ён не стаў адмаўляць, што няшчасныя выпадкі на заводзе звязаны з атручэннем. Да гэтага, паводле яго, прывялі цяжкія свінцовыя пары. Як вырашыць праблему? Адмовіцца ад тэтраэтылсвінцу? Канешне не. Дастаткова выплаціць пацярпелым кампенсацыю, а на заводзе зманціраваць сістэму вентыляцыі.

Каб надаць словам Роберта Кеха больш аўтарытэту, яго паставілі кіраўніком «незалежнай» лабараторыі. Яна, праўда, фінансавалася за кошт Ethyl Gasoline Corporation, але пра гэта не абавязкова было ўсім ведаць. Акрамя таго, топ-менеджмент карпарацыі меў права да публікацыі даследаванняў Кеха азнаёміцца з імі і пры неабходнасці ўнесці праўкі або адмяніць публікацыю.

Роберт Кеха

Увогуле, да сярэдзіны 1920-х гадоў скептыкі і супернікі тэтраэтылсвінцу былі зняслаўлены аўтарытэтам Роберта Кеха і яго лабараторыі. Усе суды былі выйграны, «этыліраванаму бензіну» дадзена зялёнае святло, спажыўцы былі ў захапленні, працоўныя паміралі нашмат радзей дзякуючы вентыляцыі. За наступныя 40 гадоў Кеха стаў бясспрэчным аўтарытэтам у галіне тэтраэтылсвінцу і аховы працы. Пакуль свой голас не падаў Клэр Патэрсан.

Ад узросту Зямлі…

На працягу першых 40 гадоў жыцця Клэра Патэрсана тэтраэтылсвінец наогул не цікавіў. Ён нарадзіўся ўсяго на некалькі месяцаў раней вынаходніцтва прысадкі, і ўсё дзяцінства, а потым і свядомае жыццё пражыў з аўтамабілямі, якія працуюць на «этыліраваным бензіне». Гэта была абсалютна звыклая сітуацыя, у якой, падавалася, няма нічога цікавага.

Нарадзіўся Патэрсан наогул у глухой мясцовасці, дзе аб аўтамабілях у асноўным ведалі толькі па чутках. Юны Клэр быў куды бліжэй да прыроды, чым да тэхнікі. Галоўнай мэтай сваёй навуковай кар'еры малады вучоны бачыў вызначэнне ўзросту Зямлі. Да сярэдзіны XX стагоддзя лічылася, што нашай планеце каля трох мільярдаў гадоў. Але гэта была вельмі прыблізная ацэнка.

Клэр Патэрсан

У 1948 годзе Патэрсан пачаў працаваць над доктарскай дысертацыяй, прысвечанай узросту Зямлі. За аснову ён узяў новы метад падліку ізатопаў свінцу ў метэарытах — астаткавых матэрыялах з часоў з’яўлення Сонечнай сістэмы. Праз пяць гадоў Клэр адабраў прыдатныя ўзоры камянёў і ўзброіўся мас-спектрометрам.

Разам з калегамі вучоны драбіў граніт і падлічваў узрост ізатопаў свінцу. Праходзіў эксперымент за эксперыментам, але кожны раз навукоўцы атрымлівалі завоблачныя паказчыкі. Было зразумела, што нешта замінае даследаванням. Можа, гэта лабараторыя забруджана «лішнім» свінцом? Патэрсан працёр хлёркай падлогу, старанна памыў усе прабіркі дыстыляванай вадой. Усё роўна занадта шмат свінцу. Тады Клэр дзеля цікавасці ўзяў узор пароды, у якім наогул не было свінцу. Але мас-спектрометр усё роўна паказаў празмерныя значэнні. Што, чорт падзяры, робіцца?

Патэрсан стаў прыхільнікам стэрыльнасці і абсалютнай чысціні. Ён выбіў грант на будаўніцтва новай, ультрачыстай лабараторыі. У Каліфарнійскім тэхналагічным інстытуце ён пабудаваў новае памяшканне. Камунікацыі ішлі ад інстытута, таму там ён дэманціраваў свінцовыя трубы і памяняў электраправодку са свінцовым прыпоем. Збудаваў сучасную станцыю ачысткі паветра, некалькі ізаляваных памяшканняў для драбнення, прамывання і ачысткі парод. Знаходзіцца ў лабараторыі можна было толькі ў новенькіх поліэтыленавых касцюмах.

Патэрсан і надалей заўсёды сам прыбіраў сваю лабараторыю

У Патэрсана атрымалася ізалявацца ад свінцу і нарэшце завяршыць справу ўсяго жыцця. Навуковец вызначыў узрост Зямлі ў 4,5 млрд гадоў. З таго часу гэты паказчык застаецца нязменным і агульнапрынятым.

…да выратавання чалавецтва

Патэрсан быў усё яшчэ малады: пасля адкрыцця ўзросту Зямлі яму было ўсяго толькі трошкі больш за 30. Пусцяк для навукоўца. Таму ён паставіў перад сабой наступную задачу — зразумець, як фарміравалася кара планеты. Дзеля гэтага ён пачаў вывучаць марское дно. Чым глыбей знаходзілася асадкавая парода, тым вышэйшым, па ідэі, у яе павінна быць утрыманне свінцу. Самы ж верхні пясочак меўся быць адносна чыстым.

Узоры парод Клэр даставіў у сваю звышстэрыльную лабараторыю. Доследы паказалі, што ў самых маладых пародах утрыманне свінцу ў дзясяткі разоў перавышае паказчыкі старажытных парод. Такога проста не магло быць. І тым не менш было.

Чыста выпадкова Патэрсану трапіліся старыя газеты, у якіх якраз апісвалася барацьба з этыліраваным бензінам у сярэдзіне 1920-х гадоў. Супаставіўшы ўсе дадзеныя аб тэтраэтылсвінцы з паказчыкамі ўтрымання свінцу ў асадкавых пародах, навуковец прыйшоў да высновы, што забруджванне атмасферы свінцом адбывалася менавіта пасля спальвання бензіну.

У 1963 годзе ён апублікаваў у Naturе першы артыкул, дзе вінаваціў нафтавую прамысловасць у забруджванні планеты свінцом. Забаўна ва ўсім гэтым было тое, што нафтавікі спансіравалі працу Патэрсана па вывучэнні марскога дна. Яны, праўда, разлічвалі на пошук новых радовішчаў нафты, а не на скандал з забруджваннем.

Супраць вучонага пачалася маштабная кампанія па яго дыскрэдытацыі. Нафтавікі неадкладна спынілі фінансаванне даследаванняў Клэра, яму адмовілі ў кантрактах многія навукова-даследчыя арганізацыі, яго выключылі з нібыта нейтральнай службы аховы здароўя ЗША. Самае смешнае, што Патэрсана нават выгналі з нацыянальнай даследчай рады ЗША па забруджванні атмасферы свінцом.

Навукоўца спрабавалі выставіць вар'ятам. Тым не менш ён працягваў даследаванні за свой кошт і прыйшоў да высновы, што ў цяперашні час (гаворка пра канец 1960-х) у арганізме чалавека ўтрыманне свінцу мінімум у 400 разоў перавышае бяспечную норму і прыводзіць да вар’яцтва. Супраць Клэра пусцілі цяжкую артылерыю ў выглядзе неверагодна аўтарытэтнага Роберта Кеха. Ён назваў высновы калегі смешнымі і наіўнымі, а яго самога недасведчаным. Маўляў, Патэрсан — геолаг і таму ні чорта не цяміць у біялогіі.

Але Патэрсан быў упарты. Ён адправіўся ў Грэнландыю. Там навуковец пачаў свідраваць лёд. Прынцып усё той жа — чым глыбей, тым утрыманне свінцу, па ідэі, павінна быць вышэйшым. Дакапаўся аж да лёду ўзростам 2800 гадоў! Такую ж працэдуру вучоны паўтарыў у Антарктыдзе. Выснова была чаканай: рэзкі ўсплёск утрымання свінцу выявіўся ва ўзорах 40-гадовай даўніны.

Пачаліся працяглыя спрэчкі ў Сенаце. Спакойны, разважлівы і вельмі важны Роберт Кеха распавядаў сенатарам аб поўнай бяспецы тэтраэтылсвінцу і нормах утрымання свінцу ў арганізме. Клэр Патэрсан абапіраўся на свае даследаванні і рабіў замах на аўтарытэт калегі.

Улады былі ў разгубленасці, але пад ціскам відавочных доказаў Патэрсана былі вымушаны пайсці на канфрантацыю з прамыслоўцамі. Але не моцна. Так, у 1972 годзе было прапанавана паступова скараціць утрыманне свінцу ў бензіне на 60—65% да 1977 года. Такая схема не задаволіла ні вытворцаў, ні вучонага. Першыя назвалі прапанову занадта радыкальнай, а другі — недастатковай. Клэр выступаў за неадкладную і поўную адмову ад тэтраэтылсвінцу.

Навукоўцу дазволілі даследаваць астанкі старажытных перуанцаў узростам 4500 гадоў і егіпецкай муміі ўзростам 2200 гадоў. У моргу ўдалося дабрацца да свежага амерыканскага трупа. Утрыманне свінцу ў сучасніка аказалася ў 600 разоў вышэй, чым у далёкіх продкаў. Яшчэ адно даследаванне датычылася дзяцей (жывых). Навукоўцы зрабілі выбарку з некалькіх дзясяткаў дзяцей і выявілі карэляцыю ўзроўню інтэлекту з утрыманнем свінцу. Чым вышэйшая доля свінцу, тым ніжэйшыя разумовыя здольнасці.

У судах прайшло яшчэ некалькі гадоў. Адвакаты Ethyl Gasoline Corporation змагаліся як львы, зацягваючы слуханні і цягаючы на пасяджэнні Роберта Кеха. Але даследаванні Патэрсана пераканалі суд — у 1976 годзе было вынесена рашэнне аб поўнай забароне на выкарыстанне тэтраэтылсвінцу ў якасці прысадкі для паліва.

Канец свінцу

На жаль, на гэтым барацьба не скончылася. Услед пайшлі апеляцыі, спрэчкі, новыя даследаванні, якія абвяргалі ранейшыя і г. д. Пазбаўляцца ад свінцу ў бензіне пачалі толькі ў сярэдзіне 1980-х, а поўная забарона была ўведзена 31 снежня 1995 года. Да гэтага дня Клэр Патэрсан не дажыў усяго некалькі тыдняў.

Але вынікі работы вучонага бачныя і сёння. За 20 гадоў пасля пачатку адмовы ад тэтраэтылсвінцу ўтрыманне свінцу ў крыві сярэдняга чалавека зменшылася амаль у 20 разоў. Гістарычны пік утрымання рэчыва ў атмасферы назіраўся ў сярэдзіне 1970-х, а сёння гэты паказчык знаходзіцца на сярэдневяковым (што ў дадзеным выпадку добра) узроўні. Да канца 1990-х IQ сярэдняга дашкольніка вырас на пяць балаў. Са зніжэннем канцэнтрацыі свінцу таксама звязваюць значнае зніжэнне ўзроўню злачыннасці.

Не трэба думаць, быццам у забруджванні планеты свінцом вінаватыя толькі ЗША. Тэтраэтылсвінец выкарыстоўваўся практычна ва ўсіх краінах, уключаючы СССР. Такі бензін маркіравалі сіняй, зялёнай, жоўтай і ружовай фарбай. Ад такога паліва сталі адмаўляцца толькі ў пачатку 1980-х і ў той жа Расіі яго поўнасцю забаранілі толькі ў канцы 2002 года.

ЕС і Кітай адмовіліся ад тэтраэтылсвінцу ў 2000-м. Апошняй краінай, якая забараніла небяспечную прысадку, стаў Алжыр. Было гэта зусім нядаўна — у мінулым годзе. Сёння ні ў адной краіне тэтраэтылсвінец не дадаюць у паліва. Справа, дарэчы, не толькі ў небяспецы рэчыва для чалавека, але і ў тым, што яно выводзіць са строю каталітычны нейтралізатар. Замест тэтраэтылсвінцу цяпер выкарыстоўваюць менш шкодныя дабаўкі накшталт ферацэну, этанолу або метыл-трэт-буцілавага эфіру.

Апошнім прыстанкам тэтраэтылсвінцу застаецца авіяцыйны бензін і паліва для гоначных балідаў.


Выбор покупателей
кулер для процессора, алюминий, рассеивание до 180 Вт, шум 26.6 дБ, вентилятор 120 мм, 1500 об/мин, PWM
кулер для процессора, алюминий, рассеивание до 130 Вт, шум 21 дБ, вентилятор 120 мм, 1600 об/мин, PWM
вентилятор для корпуса, шум 23.7 дБ, вентилятор 120 мм, 1500 об/мин, PWM

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by