Прэч тэлевізары? Тэсціруем тры праектары Xiaomi ад 1500 да 6000 рублёў

17 014
23 июня 2022 в 8:00
Источник: Зміцер Адашкевіч. Фото: Улад Барысевіч

Прэч тэлевізары? Тэсціруем тры праектары Xiaomi ад 1500 да 6000 рублёў

Источник: Зміцер Адашкевіч. Фото: Улад Барысевіч

Сёння на тэсціраванні тры праектары ад Xiaomi — бюджэтны, сярэдняга кошту і топавы лазерны. Што правяралі? Нам было цікава, ці здольны (і калі так, то пры якіх умовах) праектар замяніць тэлевізар у звычайнай гарадской кватэры. На баку такіх прылад ёсць адна, але вельмі важная перавага — магчымасць глядзець кіно на велізарным экране з дыяганаллю, недаступнай сучасным тэлевізарам.

Вось тры героі сённяшняга агляду — Xiaomi Mi Smart Projector 2, Mi Smart Projector 2 Pro і Mi 4K Laser Projector 150. Адразу адзначым, што для любога праектара было б нядрэнна выкарыстоўваць асобны праекцыйны экран. Аднак нам трапілася годная замена — пакрытая матавай белай фарбай сцяна, шырыня якой дазваляе атрымаць дыяганаль каля 75—80 цаляў. Таксама знайшлася аналагічная сцяна, прыстасаваная хоць пад 150 цаляў, аднак у гэтым памяшканні мы практычна нічога не тэсціравалі з-за адсутнасці там штор і занадта яркага сонца.

для домашнего кинотеатра, матрица DLP, FullHD (1920x1080), светодиодный (LED), яркость 460 ANSI лм, экран 60-120", Wi-Fi
для домашнего кинотеатра, матрица DLP, FullHD (1920x1080), светодиодный (LED), яркость 1300 ANSI лм, контраст 1200:1, расстояние 2-3 м, экран 40-120", LAN, Wi-Fi, Airplay, Chromecast Built-in
для домашнего кинотеатра, матрица DLP, UHD (3840x2160), лазерный, яркость 1500 ANSI лм, контраст 3000:1, расстояние 0.1-0.5 м, экран 80-150", LAN, Wi-Fi, Chromecast Built-in

Тэхнічныя характарыстыкі ўсіх трох прылад вы можаце параўнаць у віджэце Каталога. Мы ж раскажам пра свае ўражанні ад выкарыстання праектараў, а таксама звернем увагу на нюансы, звязаныя з працай і настройкай гэтых дэвайсаў. Памяшканне, у якім тэсціравалі, добра асвятляецца праз два шырокія акны. Мы параўноўвалі карцінку ў двух сцэнарыях — з натуральным доступам дзённага святла і з зачыненымі шторамі, якія блакіруюць каля 80% знешняга асвятлення.

Xiaomi Mi Smart Projector 2

Пару гадоў таму ў нас на тэстах пабываў папярэднік гэтага апарата — Mi Projector. Адрозненняў не так шмат, таму можаце пачытаць тое, што мы пісалі тады. Усё гэта будзе справядліва ў дачыненні да Projector 2. За адным выключэннем — гэтым разам падчас тэстаў навінкі мы не сутыкаліся з перыядычнымі збоямі аўтафакусіроўкі. Плюс удвая павялічаны аб'ём памяці ды паменшаны дыяпазон магчымай дыяганалі экрана — вось і ўсе бачныя адрозненні.

Так, зараз ні аб якіх 200 цалях можна не марыць. Заяўлены максімум складае 120. Мінімум — 60 цаляў замест 40 у Mi Smart Projector мінулага пакалення. Для бытавых патрэб гэтага хапае.

Mi Smart Projector 2 — праектар кампактны, практычна мабільны. Прылада вельмі лёгкая (усяго 1,3 кг), невялікая. Яна нібы напрошваецца, каб яе ўзялі з сабой на дачу ці ў вёску. Энергаспажыванне невялікае, нават кабель сілкавання здаецца кволенькім у параўнанні са старэйшымі мадэлямі.

У пульт падсветку, на жаль, так і не давезлі. Партоў усяго тры: для навушнікаў, HDMI і USB 2.0. Ёсць аўтанастройка факусіроўкі і трапецападобных скажэнняў. Аператыўнай памяці ўсяго 2 ГБ — гэтага, на самой справе, дастаткова. А вось працэсар нейкі слабенькі. Дэвайс часам адчувальна «тупіць», падтарможвае. Відавочна, што «жалеза» не хапае нават для такіх сціплых магчымасцей.

Каб атрымаць прыкладна 80 цаляў дыяганалі, мы адсунулі праектар ад сцяны на два метры. Вельмі бледна з рассунутымі шторамі. У цемры сітуацыя нашмат лепшая. Калі адсекчы дзённае святло фіранкамі, то глядзець можна. Хоць яркасці, вядома, усё роўна хацелася б больш. І кантраснасці.

Да Full HD прыдзірацца не будзем — не тая цанавая катэгорыя. Куды больш у выпадку з Mi Smart Projector 2 перашкаджаюць слабае жалеза і нізкі запас яркасці. Мадэль сапраўды не для тых, хто прызвычаіўся глядзець кіно з высокай якасцю. На вялікім экране — так, але на атмасферу кінатэатра ўсё роўна разлічваць не варта. Фізіку, на жаль, не падмануць. У дадзеным выпадку кошт цалкам апраўдвае тое, што вы атрымліваеце.

Гук па сутнасці «пішчалка». Відарыс бледны, вылінялы. Меню падтарможвае. Затое Mi Smart Projector 2 кампактны, лёгкі і недарагі. Амаль партатыўны аксесуар, які можна лёгка перамяшчаць хоць у межах кватэры, хоць паміж рознымі населенымі пунктамі. У тым сіла гэтага малога.

для домашнего кинотеатра, матрица DLP, FullHD (1920x1080), светодиодный (LED), яркость 460 ANSI лм, экран 60-120", Wi-Fi

Xiaomi Mi Smart Projector 2 Pro

Як зразумела з назвы, прасунутая версія Smart Projector 2. У параўнанні з ім дэвайс выглядае масіўнейшым, хоць агульныя рысы дызайну захаваліся. На тое, што перад намі «Про», паказвае і вага, якая амаль утрая большая, чым у малодшага браціка.

У чым адрозненні? Па-першае, светлавога патоку 1300 лм супраць 460 лм. Па-другое, больш магутнае жалеза, дзякуючы якому тут ужо нічога не тармозіць. Па-трэцяе, куды больш партоў: па пары HDMI і USB 2.0, а таксама S/PDIF, аўдыяраздым і Ethernet. Па-чацвёртае, чатыры дынамікі магутнасцю 20 Вт (можна выкарыстоўваць асобна ў якасці аўтаномнай калонкі). Гэта ўжо нашмат сур'ёзнейшая машына для больш патрабавальных карыстальнікаў.

Пры гэтым некаторыя ключавыя моманты засталіся нязменнымі. Так, тут таксама ёсць ToF-модуль для вызначэння адлегласці да сцяны і аўтафокуса, а раздзяляльная здольнасць па-ранейшаму абмежавана сумным Full HD, ды і пульт такі ж самы.

Full HD — галоўная бяда праектара. Ад Pro ўсё-ткі чакалі крыху большага. Так, запас яркасці тут вышэйшы, чым у Mi Smart Projector 2. Аднак днём усё роўна нічога не паглядзіш. Толькі ў меню дзейнічаеш ужо не наўздагад, таму што хоць ледзь-ледзь відаць, дзе спыніўся. Задавальнення ад прагляду і ў гэтым выпадку не атрымаеш.

З завешанымі шторамі сітуацыя кардынальна мяняецца. Тут ужо дэвайс тэлевізарам нічым не саступае, а экран пры гэтым гіганцкі. Усё выдатна, калі б не адно «але». Ізноў Full HD. Калі хочаш выдатнай якасці карцінкі на ўсё поле зроку, то прыйдзецца сесці далей. Атрымліваецца, што вялікі экран — файна, але ад яго хочацца адсунуцца, каб перастаць бачыць «мыла». У гэтым сэнсе Pro нічым не адрозніваецца ад Mi Smart Projector 2.

Дыяганаль экрана можа быць ад 60 да 120 цаляў. У нашым выпадку, каб атрымаць каля 75—80 цаляў, апарат прыйшлося адставіць на два метры. Яшчэ метр — і дасягнём 120 цаляў. Глядзець той жа фільм у нашым выпадку больш-менш камфортна было з адлегласці трох метраў. На 120 цаляў даўжыні пакоя можа не хапіць, калі, вядома, вас не задавальняе нізкая раздзяляльная здольнасць.

Гук лепей, чым у Mi Smart Projector 2, але хочацца большага. Моцна не хапае басоў. На максімальных велічынях гук становіцца зусім «пластыкавым» і нецікавым.

Сітуацыя атрымліваецца наступная. Па кошце Mi Smart Projector 2 Pro або крыху даражэй можна знайсці бюджэтны 75-цалёвы тэлевізар, які вы зможаце глядзець не толькі ўначы, але і днём без штор. Плюс 4K, так што хоць ушчыльную да экрана падсоўвайся.

для домашнего кинотеатра, матрица DLP, FullHD (1920x1080), светодиодный (LED), яркость 1300 ANSI лм, контраст 1200:1, расстояние 2-3 м, экран 40-120", LAN, Wi-Fi, Airplay, Chromecast Built-in

Xiaomi Mi 4K Laser Projector 150

Топавая мадэль Xiaomi, якая ўсім выглядам дэманструе максімальна сур'ёзны ўзровень. Праектар цяжкі, пад сем кілаграмаў — мабільным яго назваць можна з вельмі вялікай нацяжкай.

Ад калег адрозніваецца выкарыстаннем лазера ў якасці крыніцы святла. Гэта адзін з нямногіх караткафокусных апаратаў, якія набіраць папулярнасць. Дзякуючы маленькай праекцыйнай адлегласці апарат можна ўсталёўваць ледзь ці не ўшчыльную да сцяны. Гэта сапраўднае выратаванне для памяшканняў, дзе ўжо зроблены рамонт без уліку ўстаноўкі праектара. Фактычна дастаткова паставіць Laser Projector 150 на ТБ-тумбу — і можна глядзець кіно.

Зрэшты, тэндэнцыя «чым далей праектар ад сцяны, тым большы экран» захоўваецца і тут. Дэвайс здольны адлюстроўваць выяву з дыяганаллю ад 80 да 150 цаляў. У першым выпадку дастаткова паставіць яго на адлегласці 14 см ад сцяны (сантыметры трэба адлічваць ад задняй сценкі апарата). З улікам таго што шырыня Laser Projector 150 складае амаль 30 см, а шырыня стандартнай тумбы — 40 см, выходзіць, што пярэдняя частка праектара будзе трошкі звісаць і вы атрымаеце мінімальныя 80 цаляў дыяганалі.

Калі шырыня тумбы раптам акажацца 50 см, то апарат можна будзе адсунуць ад сцяны на 20 см, а гэта ўжо 90—95 цаляў. Вельмі нядрэнна. Аднак каб атрымаць максімальныя 150 цаляў, давядзецца ўсё ж уладкоўваць Laser Projector 150 у асобным месцы на адлегласці паўметра ад сцяны.

У любым выпадку такое рашэнне куды зручнейшае, чым стандартныя даўгафокусныя праектары. Камплект пры гэтым усё такі ж сціплы, як і ў малодшых калег. Але больш высокі ўзровень бачны ва ўсім, уключаючы матэрыял пульта. Сам ён функцыянальна не адрозніваецца ад больш даступных мадэляў, але пластык адчуваецца куды прыемней.

З цікавага — шмат партоў на любы густ. Тут тры HDMI, адзін USB-A (на жаль, толькі 2.0), выходны гукавы порт з падтрымкай сабвуфера, кампазітны порт, Ethernet і оптыка для гуку. Вядома, Wi-Fi і Bluetooth таксама ёсць. Знойдзем і IR-датчык прысутнасці чалавека, які зберажэ вашы вочы, калі раптам вырашыце паглядзець прама ў вобласць праекцыі. У такім разе яркасць праектара зменшыцца да мінімуму.

Уключаем. Першае, што здзівіла, — гэта поўная адсутнасць аўтаматычнай карэкцыі. Першапачатковая выява можа быць крывой, касой і мутнай. Каб прывесці ўсё ў парадак, трэба ўспомніць навыкі налады старых ЭПТ-манітораў, пакорпацца ў настройках і выдаткаваць паўгадзіны на карэкцыю трапецападобных скажэнняў і факусіроўкі. Пасля гэтага апарат лепш не чапаць і не перамяшчаць, каб зноў не праходзіць той жа квэст. Яшчэ адно пацверджанне, што перад намі асабліва стацыянарная рэч.

Праўду кажучы, у плане работы пры яркім асвятленні мы разлічвалі на большае. Лазер, светлавы паток 1500 лм, усе справы. Але не, нават з выкручанай на максімум яркасцю светлым днём атрымаць задавальненне ад прагляду кіно не атрымаецца. Яркасці ўсё яшчэ мала, чорнага няма, карцінка вельмі выцвілая, як і на папярэдніх мадэлях.

Затое пры заштораных вокнах усё мяняецца. Выдатная якасць карцінкі забяспечваецца падтрымкай 4K. Нарэшце глядзець можна практычна з любой адлегласці, не асцерагаючыся «мыла». Сакавіта, ярка, маладзёжна — тое што трэба для хатняга кінатэатра!

Парадаваў і гук. Усё ж чатыры дынамікі агульнай магутнасцю 30 Вт добра ведаюць сваю справу. Нездарма вытворца дазволіў выкарыстоўваць праектар у якасці аўтаномнай стэрэасістэмы Bluetooth. Удакладнім, што апарат усё роўна не заменіць якасную асобную акустыку ці дарагія саўндбары. Аднак перад намі якраз той мінімум, які дазваляе вушам не згортвацца ў трубачку.

Безумоўна, Mi 4K Laser Projector 150 забяспечвае самы прыемны прагляд у параўнанні з субратамі. Тут і больш яркае падсвятленне, і прыемны гук, і, што галоўнае, падтрымка 4K. Шкада толькі, што няма аўтаматычных факусіроўкі і геаметрыі. Ну, і ўдзень з рассунутымі шторамі лавіць па-ранейшаму няма чаго — тут цуду не адбылося. І, вядома ж, дорага, вельмі дорага.

для домашнего кинотеатра, матрица DLP, UHD (3840x2160), лазерный, яркость 1500 ANSI лм, контраст 3000:1, расстояние 0.1-0.5 м, экран 80-150", LAN, Wi-Fi, Chromecast Built-in

Коратка пра кожны праектар

Xiaomi Mi Smart Projector 2. Ён наўрад ці задаволіць заядлага кінамана. Нам, аднак, праектар спадабаўся дзякуючы спалучэнню кампактнасці і невысокага кошту. Нешта ў гэтым ёсць — лёгка і проста цягаць дэвайс па вёсках і дачах, каб усюды глядзець любімыя фільмы або YouTube на вялікім «экране». Абы сцяна прыдатная знайшлася. Ну, ці прасціна.

Xiaomi Mi Smart Projector 2 Pro. Неадназначны апарат. Шмат у чым лепшы за Mi Smart Projector 2. З прыкметных плюсаў плаўны інтэрфейс без лагаў і тармазоў. Аднак падтрымка толькі Full HD прымушае сто разоў падумаць. Калі і карыстацца дэвайсам, то з максімальнай дыяганаллю 120 цаляў і адсунуўшыся метраў на пяць. Строга рэкамендуецца асобная аўдыясістэма хаця б за $100 у эквіваленце.

Xiaomi Mi 4K Laser Projector 150. Выдатны вельмі дарагі праектар. Тут ужо ёсць 4K, і кіно па-сапраўднаму прыемна глядзець. Але ўсё роўна рабіць гэта трэба ці ўначы, ці са шчыльна зашторанымі вокнамі. Непрыемна здзівіла ручная валтузня з наладамі факусіроўкі і геаметрыі. Затое па якасці выявы — сапраўды годная рэч. Шкада, што кампрамісаў усё яшчэ хапае.

Высновы

Праектар усё ж можа замяніць тэлевізар, але пры пэўных умовах. Для гэтага ў вас павінен быць асобны «кінатэатральны» пакой без вокнаў — такое цалкам можна арганізаваць у вялікім прыватным доме. Альбо вокны ёсць, але з магчымасцю поўнай блакіроўкі святла з дапамогай блэкаўт-штор ці жалюзі. Пры гэтым вам не павінна надакучваць кожны раз закрываць-адкрываць шторы. З апошнім можа дапамагчы карніз з электрапрывадам.

Увогуле, сутнасць у тым, што праектар не ўключыш проста так, каб у фоне круціць музычныя кліпы, YouTube-каналы ці што-небудзь прыроднае з National Geographic. Працэс прагляду праектара — справа адказная, у некаторым сэнсе рытуальная, якая патрабуе папярэдняй падрыхтоўкі. Любы праектар застаецца дастаткова патрабавальным да навакольных умоў. І да вашай кішэні. Таму што мадэль са спажывецкімі ўласцівасцямі добрага тэлевізара каштуе дорага.

І пара высноў пра тыя самыя «спажывецкія ўласцівасці». Full HD не дасць вам атрымаць асалоду ад якаснай карцінкі. Ад вялікага экрана захочацца адсунуцца далей, каб не бачыць «мыла». Можна, вядома, здавольвацца адносна невялікай выявай з дыяганаллю 60 цаляў, калі глядзець на яе метраў з трох. Але тады губляецца сама сутнасць такіх прыбораў.

Кампрамісаў шмат. Тыя, хто піша і кажа пра дастатковую яркасць для прагляду кантэнту днём, злёгку хітруюць. Першае, што неабходна забяспечыць праектару, — гэта максімальна цёмнае памяшканне. Акрамя таго, трэба быць гатовым да рэгулявання геаметрыі карцінкі, акурат як на старых ЭПТ-маніторах. Плюс не забываем пра арганізацыю прасторы для падобных дэвайсаў — калі ўсё не спланаваць на этапе рамонту, то ўсталяванне праектара ў гатовую кватэру можа абярнуцца хаосам і нагрувашчваннем кабеляў. Не датычыцца гэта толькі караткафокусных мадэляў з маленькай праекцыйнай адлегласцю — іх можна паставіць на ТБ-тумбу. Аднак і заплаціць за такія апараты давядзецца нямала.

Галоўная перавага праектара — магчымасць зрабіць велізарны экран на ўсю сцяну. Усё ж як ты ні старайся, але нават 100-цалёвы тэлевізар не купіш. Праектар жа здольны прапанаваць хоць 150 цаляў. І гэта сапраўды па-кінатэатральнаму крута. Іншае пытанне, ці варта яно таго з улікам апісаных вышэй нюансаў? Вырашаць, як звычайна, пакупнікам.

для домашнего кинотеатра, матрица DLP, FullHD (1920x1080), светодиодный (LED), яркость 460 ANSI лм, экран 60-120", Wi-Fi
для домашнего кинотеатра, матрица DLP, FullHD (1920x1080), светодиодный (LED), яркость 1300 ANSI лм, контраст 1200:1, расстояние 2-3 м, экран 40-120", LAN, Wi-Fi, Airplay, Chromecast Built-in
для домашнего кинотеатра, матрица DLP, UHD (3840x2160), лазерный, яркость 1500 ANSI лм, контраст 3000:1, расстояние 0.1-0.5 м, экран 80-150", LAN, Wi-Fi, Chromecast Built-in

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. dm@onliner.by