17 855
20 июня 2022 в 8:00
Источник: Зміцер Адашкевіч. Фото: Улад Барысевіч

Агляд флагманскага смартфона Huawei P50 Pro

Источник: Зміцер Адашкевіч. Фото: Улад Барысевіч

У Huawei P50 Pro няпросты лёс. Анансавалі флагманскі апарат яшчэ ў 2021 годзе, тады ж яго пачалі прадаваць на радзіме, у Кітаі. Да нас дэвайс дабіраўся роўна год. Ці неабходна было столькі чакаць? Ці не састарэў смартфон за той час, які яму спатрэбіўся для выхаду за межы Кітая? А што наконт канкурэнцыі? Пабачым у гэтым аглядзе.

 

Android, экран 6.6" OLED (1228x2700) 120 Гц, Qualcomm Snapdragon 888, ОЗУ 8 ГБ, память 256 ГБ, поддержка карт памяти, камера 50 Мп, аккумулятор 4360 мАч, 2 SIM (nano-SIM), влагозащита IP68

Дызайн

Шкада, але яшчэ не ўсе вытворцы топавых Android-тэлефонаў адышлі ад звычкі надзяляць свае флагманы экранамі з загнутымі бакамі. Гэта толькі выглядае эфектна, але на справе зручным не назваць, пра што мы не раз пісалі. У Huawei P50 Pro таксама «дысплэй-вадаспад». У цэлым тэлефон падобны на многія сённяшнія смартфоны верхняга цанавога сегмента. На месцы і два кругляшы з камерамі, і строгі вонкавы выгляд, і дарагія матэрыялы.

Корпус апарата шкляны, з металічнай рамкай. Размяшчэнне органаў кіравання стандартнае: на правым тарцы вышэй кнопка гучнасці, а крыху ніжэй — уключэння/выключэння. Суб'ектыўна, клавішу сілкавання хацелася б бачыць крыху ніжэй, што было б зручней уладальнікам невялікіх далоняў.

Дактыласкапічны сэнсар убудаваны ў экран. Па-ранейшаму лічу гэта не лепшым варыянтам. Аднак нельга не адзначыць, што такія датчыкі становяцца ўсё больш дасканалымі: час распазнавання памяншаецца, колькасць памылковых распазнаванняў таксама. Можна прызвычаіцца. Да таго ж нікуды не падзелася разблакіроўка па твары.

Зверху — дынамік, пара мікрафонаў ды ІЧ-датчык, знізу — яшчэ адзін дынамік, мікрафон, раздым USB-C ды слот для «сімкі» і карты памяці фармату NM. Увогуле, паўторымся, усё стандартна.

Якое ўражанне ад смартфона, калі бярэш яго ў рукі? Мусіць, першае ці адно з першых слоў, якое прыходзіць у галаву, — гэта «багата». Huawei P50 Pro прыемна цяжарыць руку, ён вельмі коўзкі (што непрактычна), але гэтае коўзкае шкло з усіх бакоў таксама надае апарату строгасці і выклікае адчуванне далёка не бюджэтнага смартфона.

Колер корпуса, напэўна, варта назваць чорным. Але гэта не глыбокі чорны-чорны, а хутчэй шэры, прычым быццам з пацінай. Такі колер выдатна спалучаецца з залатымі (умоўна, вядома) абадкамі на выступах з камерамі. Выглядае прыгожа, у руцэ адчуваецца дорага — «маеш вешч».

З практычнасцю крыху горш. Ужо згадвалі, што смартфон коўзкі, таму ў руках яго трэба трымаць моцна, а на паверхню нават з самым маленькім ухілам тэлефон лепш не класці. Тут добрае гразенепрымальнае пакрыццё, хоць сляды ад пальцаў усё роўна будуць заставацца. Аднак на тыльнай панэлі іх амаль не бачна дзякуючы люстэркаваму эфекту.

У цэлым атрымалі стандартны дэвайс флагманскага ўзроўню. Матэрыялы дарагія, адчуваецца выдатна. Камусьці могуць не спадабацца кругляшы з камерамі, але гэта справа густу. Тым больш што пляцовак з камерамі зараз у розных смартфонах якіх хочаш — хоць круглыя, хоць квадратныя, хоць прамавугольныя, хоць трапецападобныя і г. д.

Дысплэй

Флагманскаму смартфону — топавы дысплэй. Па гэтым параметры таксама ніякіх кампрамісаў. Што было самае дарагое, тое і паставілі. А было вось што: 6,6-цалёвы OLED з раздзяленнем 1228×2700 кропак, мільярдам колераў і хуткасцю абнаўлення матрыцы да 120 Гц.

Можна паспрабаваць працаваць з дынамічна зменлівай частатой, але мне больш падабаецца адразу ставіць на максімум. У выніку атрымліваем вельмі плаўны інтэрфейс. З падтрымкай іншых прыкладанняў і гульняў, як звычайна, не ўсё так добра, і там амаль заўсёды 60 Гц.

Пра загнуты экран ужо згадвалі. Лічым, што для ваў-эфекту рэч добрая, але пры паўсядзённым выкарыстанні смартфона ўсё ж камфортней працаваць з плоскім дысплэем. Не будуць перашкаджаць геаметрычныя і каляровыя скажэнні па краях. Зрэшты, ведаю людзей, якія сцвярджаюць, што ім гэтыя закругленні падабаюцца і ніякіх недахопаў у іх яны не бачаць. Так што, ізноў жа, справа густу.

У астатнім усё шыкоўна. Велізарны запас яркасці, высокая шчыльнасць пікселяў на цалю, нізкі каэфіцыент пульсацыі і, як следства, адсутнасць нагрузкі на вочы. Адзін з лепшых экранаў у мабільным сегменце, варты любога топавага апарата.

«Жалеза»

Працэсар Qualcomm Snapdragon 888 добра вядомы. Мусіць, калі б Huawei P50 Pro анансавалі зараз, то ў яго быў бы новы флагман Qualcomm. А так смартфон атрымаў максімум таго, што было даступна ўлетку 2021-га.

Такі ж чып быў у нядаўнім P50 Pocket. Цікава, што раскладушка набірае крыху больш «папугаяў» у бенчмарках, чым P50 Pro. Апошні пры гэтым лепш праходзіць тэст на тротлінг — працэсар запавольваецца крыху пазней, хвілін праз 7 пасля пачатку тэста. Адзначым, што ў рэальных задачах так прагрэць чып складана. А калі і можна, дык мы гэтага не заўважылі. Папулярныя баевікі накшталт PUBG ідуць на максімальных настройках без графічных лагаў і фрызаў.

А вось нагрэў прыстойны. Мне падалося, што больш, чым у P50 Pocket. Прычым награваецца тэлефон даволі хутка нават пры праглядзе YouTube. Праўда, справа была на мінулым тыдні, калі на дварэ стаяла спякота 30 градусаў. Але і Snapdragon 888 не назваць ледзяным працэсарам.

Яшчэ з цікавага — 8 ГБ аператыўнай памяці замест 12 ГБ у P50 Pocket. Удвая меншы назапашвальнік — 256 ГБ замест 512 ГБ. На гэты раз можна казаць аб разумнасці такіх аб'ёмаў. І 8 ГБ аператыўкі, і назапашвальніка на 256 ГБ хопіць большасці карыстальнікаў. Пры гэтым хуткасныя характарыстыкі памяці прыемна здзіўляюць — падобна на рэкорд.

Камеры

Камер шмат, але не ўсімі трэба карыстацца. На ніжнім кругляшы размясціўся 64-Мп тэлеаб'ектыў з 3,5-кратным аптычным набліжэннем і аптычнай стабілізацыяй. Можна страляць 100-кратным зумам.

Вышэй — асноўная 50-Мп камера з аптычнай стабілізацыяй, а таксама 13-Мп ультрашырокі аб'ектыў. Тутака ж ёсць манахромны 40-Мп сэнсар. Ён павінен паляпшаць якасць здымкаў ва ўмовах недастатковай асветленасці і забяспечваць меншы ўзровень шуму.

Што да тэлефотакамеры, то справы ідуць так. Па-першае, з набліжэннем здымае не заўжды яна. Сістэма сама вызначае, што ў пэўных умовах лепш выкарыстоўваць — тэлефота з зумам або асноўную камеру з кропам. Як бы там ні было, працуе набліжэнне выдатна. Ніжэй — фота шафы з кніжкамі. Чырвоным кругам абвёў кнігу, якую будзем набліжаць.

Набліжэнне ×10
Набліжэнне ×100
Кроп з ×10
Зум і кроп з iPhone 13

10-кратнае набліжэнне — усё выдатна відаць аж да назвы кніг і аўтараў. Больш за тое, нават 100-кратнае набліжэнне дазваляе пабачыць усе надпісы. Зрэшты, кроп са здымка з 10-кратным набліжэннем атрымліваецца не горшы, а можа, і лепшы. У такіх сітуацыях iPhone абсалютны аўтсайдар.

Асноўная камера здымае вельмі падобна да P50 Pocket. Але з адным істотным адрозненнем — Pro нашмат лепш спраўляецца з начнымі фота. А вось звышшырокавугольны модуль, наадварот, у цемры здымае горш.

Акумулятар

Ёмістасць батарэі трохі недацягвае да 4400 мАг. Пры гэтым апарат падтрымлівае хуткую і правадную, і бесправадную зарадкі. У камплекце пастаўляецца блок сілкавання на 66 Вт. За 20 хвілін можна атрымаць 60% зараду, а на поўную зарадку тэлефона спатрэбіцца каля гадзіны.

Час аўтаномнай працы моцна залежыць ад сцэнарыя працы. У нас адной зарадкі Huawei P50 Pro хапіла на паўтара дня. Калі аддаваць перавагу гульням, то давядзецца задаволіцца адным днём. У цэлым усё стандартна для сучасных флагманаў. Магчыма, калі б не такі гарачы і пражэрлівы працэсар, то і аўтаномнасць была б вышэйшай.

Ёсць зваротная бесправадная зарадка, дзякуючы якой Huawei P50 Pro можа выконваць ролю дарагога паўэрбанка.

Канкурэнты

Пры яго характарыстыках і кошце 2999 рублёў (пачатак продажу запланаваны на 1 ліпеня) у Huawei P50 Pro адзін моцны канкурэнт, таксама анансаваны летась. Размова пра Samsung Galaxy S21+, прычым пры жаданні можна знайсці мадыфікацыю на тым жа Snapdragon 888 замест фірмовага карэйскага Exynos.

Android, экран 6.7" AMOLED (1080x2400) 120 Гц, Exynos 2100, ОЗУ 8 ГБ, память 256 ГБ, камера 64 Мп, аккумулятор 4800 мАч, 2 SIM (nano-SIM/eSIM), влагозащита IP68

Абодва апараты вельмі падобныя, адрозненні трэба шукаць ледзь ці не з мікраскопам. Дызайн розны, але тут ужо справа густу, хто чаму аддасць перавагу. У Galaxy S21+ плоскі экран, які да таго ж на 0,1 цалі буйнейшы. Карэйскі смартфон крыху танчэйшы, пры гэтым з крыху больш ёмістым акумулятарам. Акрамя таго, Galaxy адразу працуе з сэрвісамі Google.

На баку Huawei P50 Pro — большае раздзяленне дысплэя, падтрымка карт памяці (але толькі фірмовых), а таксама больш хуткая зарадка. Засталося вырашыць, што для вас з усяго гэтага важнейшае.

Вынікі

Huawei P50 Pro пакінуў прыемныя ўражанні, але без захапленняў. Гэта паўнавартасны флагман, аднак мінорнага толку, без прарыўных фішак. Зрэшты, тое ж самае можна сказаць пра абсалютна ўсе топавыя смартфоны любых кампаній.

Android, экран 6.6" OLED (1228x2700) 120 Гц, Qualcomm Snapdragon 888, ОЗУ 8 ГБ, память 256 ГБ, поддержка карт памяти, камера 50 Мп, аккумулятор 4360 мАч, 2 SIM (nano-SIM), влагозащита IP68

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. dm@onliner.by