19 653
10 июня 2022 в 8:00
Источник: Зміцер Адашкевіч. Фото: Улад Барысевіч

Імідж — усё. Агляд смартфона-раскладушкі Huawei P50 Pocket

Источник: Зміцер Адашкевіч. Фото: Улад Барысевіч

Пакуль рана казаць, што раскладныя смартфоны з гнуткім дысплэем трывала ўвайшлі ў наша жыццё. Тым не менш попыт на такія мадэлі ёсць. Пакуль яны застаюцца эксклюзіўнымі, іміджавымі. Адсюль — высокі кошт. Сёння ў нас агляд якраз такой эксклюзіўнай іміджавай мадэлі — Huawei P50 Pocket.

Android, экран 6.9" OLED (1188x2790) 120 Гц, Qualcomm Snapdragon 888, ОЗУ 12 ГБ, флэш-память 512 ГБ, карты памяти, камера 40 Мп, аккумулятор 4000 мАч, 2 SIM, влагозащита IP53

Знешні выгляд

Знешнасць — галоўнае ў падобных прыладах. Гэта ў класічных смартфонах ужо даўно можна пагрэбаваць дызайнам, з года ў год выпускаючы «звычайны прастакутнік» з пластыку, шкла ці металу. Тут зусім іншая справа. Дызайн для раскладных смартфонаў важны не менш за якасць гнуткага дысплэя і канструкцыйную ўстойлівасць.

Знешнасць у Huawei P50 Pocket прынамсі характэрная. Відавочна, што дызайнеры і інжынеры не проста «рабілі раскладушку», а паклапаціліся аб тым, каб яна прыцягвала ўвагу. Адразу адзначым, што знешнасць смартфона хутчэй «дзяўчынкавая». Колер быццам бы залаты, але не вульгарна-жоўты, а мяккі. Корпус цалкам металічны, з аб'ёмным малюнкам у выглядзе папараці, а таксама са зносаўстойлівым вугляродным пакрыццём.

Ніколі не паліў, але ў мяне Huawei P50 Pocket у складзеным выглядзе выклікае асацыяцыі з якім-небудзь дарагім партсігарам абавязкова для цыгарыл. Ізноў жа, асабіста я ўпадабаў бы іншую расфарбоўку і малюнак. Аднак для мэтавай аўдыторыі менавіта гэтае афармленне — самы топ.

У верхняй палавіне ёсць два кругляшы. Усё згодна з дызайн-кодам лінейкі Huawei P50. Але камеры тут размешчаны толькі на адным кругляшы. А вось другі — гэта мініяцюрны круглы дысплэй. Пагаворым пра яго падрабязней у адпаведным раздзеле.

Усе парты і кнопкі размешчаны стандартна для смартфонаў. Адзначым толькі, што пара ніжніх рашотак — гэта не стэрэадынамікі, а мікрафон і адзіны дынамік. Зрэшты, стэрэа тут ёсць, ролю другога дынаміка выконвае размоўны. Гук выдатным не назваць. Ён нармальны, яго чуваць, і без скажэнняў, але нават самую бюджэтную бесправадную калонку ён не заменіць. Яно і не трэба.

Дактыласкапічны сэнсар убудаваны ў бакавую кнопку ўключэння. На наш погляд, самы зручны варыянт. Таксама ёсць здвоены слот для «сімкі» і карты памяці фірмовага фармату Nano Memory. Таксама адзначым, што па тарцах апарата багата пластыкавых палосак-уставак для забеспячэння ўстойлівай бесправадной сувязі.


Цены актуальны на момент публикации
Смартфоны в Каталоге от 200 рублей


• Более 1200 моделей от 80 магазинов

• Честные скидки по графику цен

• Доставка по Беларуси

> Купить смартфон в Каталоге

Механізм і эрганоміка

Другі важны параметр для раскладных смартфонаў — механізм раскладвання. У Huawei P50 Pocket абедзве паловы ў складзеным стане шчыльна прылягаюць адна да адной. Не застаецца ніякіх зазораў у зоне шарніра.

Ці можна адкрыць тэлефон адной рукой? Пры належным старанні — так. У мяне, напрыклад, атрымліваецца рабіць гэта вялікім пальцам. Аднак зручным такі спосаб не назваць, усё ж прасцей і лепш задзейнічаць абедзве рукі. Скласці апарат адной рукой прасцей — далонь выкарыстоўваем у якасці ўпору, а ўказальным і сярэднім пальцамі закрываем вечка.

Калі смартфон складаецца з дзвюх палавінак, злучаных паміж сабой шарнірам, паўстае пытанне пра маналітнасць канструкцыі. З гэтым у Huawei P50 Pocket усё ў парадку. І ў адкрытым, і ў складзеным выглядзе, і нават у прамежным стане няма ні намёку на люфт. У любым выпадку атрымліваем гэткі цэльны дэвайс.

Можна лічыць гэта асабістай хацелкай, але я звярнуў увагу на тое, што мне бракуе якой-небудзь багатай пстрычкі пры раскладванні і/ці складванні смартфона. Huawei P50 Pocket трансфармуецца зусім ціха. Выдатна, але хацелася б эфектнасці.

Дысплэй

Адразу адзначым: ямка на месцы выгібу ёсць, але ад гэтага пры сённяшнім узроўні тэхналогій не пазбавіцца. Ці замінае яна? Не. Гэтае паглыбленне відаць толькі на чорным экране або калі паспрабаваць паглядзець пад пэўным вуглом. Пальцам ямку можна намацаць добра, але, ізноў жа, нейкага непрыемнага ці негатыўнага адчування гэта не выклікае.

Па баках на месцы выгібу ёсць невялікія пластыкавыя рэбры ад шарніра. Яны патрэбны для таго, каб незнарок ці па дурасці не пашкодзіць дысплэй.

У раскладзеным стане атрымліваем велізарны, амаль 7-цалёвы OLED-дысплэй з топавымі характарыстыкамі. Тут і высокае раздзяленне 1188×2790 кропак, і частата абнаўлення да 120 Гц, і выдатная пікавая яркасць, і больш за мільярд колераў. Ва ўсіх сэнсах флагманскі экран, да якога не прычапіцца.

У дапамогу асноўнаму ёсць маленькі круглы экранчык. Ён патрэбны, каб вы маглі счытваць мінімальную інфармацыю пры складзеным Huawei P50 Pocket. Рэжыму Always On чамусьці няма, таму для актывацыі экрана трэба да яго дакрануцца. Тады ён пакажа базавую інфармацыю — час, дату, дзень тыдня, стан батарэі.

Калі дакрануцца паўторна, то на дысплэі можна будзе паглядзець надвор'е, каляндар, спіс з апавяшчэннямі і раўнамернасць нанясення крэму ад загару (пра гэта крыху ніжэй), запусціць камеру для сэлфі ці музыку. Даступна мноства самых розных тэм афармлення, ёсць нават платныя. Акрамя таго, з дапамогай гэтага экранчыка можна адказаць на ўваходны званок. Аднак у такім выпадку размаўляць давядзецца ў рэжыме гучнай сувязі.

З цікавага. Вышэй мы згадвалі, што корпус смартфона пакрыты вугляродным ахоўным слоем. Пад гэтым жа слоем схаваны круглы дысплэй, таму няма ніякіх шчылін ці выступаў краёў над корпусам. Выглядае вельмі эфектна.

«Жалеза»

У дадзеным выпадку — самая непатрэбная частка агляду. Huawei наогул магла ўсталяваць у P50 Pocket працэсар сярэдняга ўзроўню і 6 ГБ аператыўнай памяці. Не думаю, што тыя, хто будзе разглядаць апарат для пакупкі, стануць цікавіцца мадэллю чыпа або аб'ёмам АЗП.

Тым не менш начынка тут флагманская. Qualcomm Snapdragon 888 хоць і выйшаў год таму, але гэта ўсё яшчэ топавы чып, які справіцца з усімі мабільнымі задачамі. Праўда, падчас стрэс-тэста прадукцыйнасць апарата падае да 60—70%, а корпус даволі адчувальна награваецца. Але, паўтаруся, мне складана ўявіць, што пакупнік P50 Pocket будзе гадзінамі гуляць у PUBG.

У бенчмарках смартфон займае месца дзесьці па суседстве з Galaxy S20 і Poco X3 GT. Гэта значыць, што да лідарскіх пазіцый далёка. Гэтага ад P50 Pocket і не патрабуецца. Досыць таго, што гэта хуткі смартфон, хуткасцю якога наўрад ці будуць незадаволеныя яго ўладальніцы.

Аператыўнай памяці не пашкадавалі. Яе тут 12 ГБ — дастаткова для таго, каб імгненна адкрыць ці не любое раней запушчанае прыкладанне. Месца для фота і відэа таксама дастаткова — 512 ГБ.

Камеры

Тут прытаіўся цікавы сюрпрыз, але мы спачатку разгледзім класічныя фотамагчымасці. Асноўных модуляў тут два — галоўны 40-мегапіксельны і звышшырокавугольны 13-мегапіксельны. Для параўнання пад руку папаўся iPhone 13.

Пры добрым асвятленні якасць, як звычайна, выдатная. Калі казаць пра нюансы, то нам крыху больш спадабалася, як iPhone адпрацаваў рознакаляровага слана: лепшая дэталізацыя і больш рэальная колераперадача. Зрэшты, адрозненні неістотныя.

Пры падвойным набліжэнні здымак атрымліваецца залішне цёмны. А вось дэталізацыя лепей, чым у iPhone.

Начному здымку не хапае выразнасці, фота атрымалася змазаным. Тое ж датычыцца двухразовага набліжэння. Адбіваецца адсутнасць аптычнай стабілізацыі. Дарэчы, у начным рэжыме чакаць прыходзіцца вельмі доўга, недзе палову хвіліны.

А вось звышшырокавугольны модуль у цемры адпрацаваў дасканала. Тут і выразнасць, і выцягнутыя дэталі, якія не даліся iPhone.

Днём «шырык» таксама выдатны. Вугал агляду шырокі, скажэнняў па баках няма, колеры і дэталізацыя на вышыні.

Ёсць яшчэ адна камера — 32-мегапіксельная. У Huawei яе завуць «ультраспектральнай». У дапамогу ёй — ультрафіялетавы святлодыёд, які размясціўся побач са звычайным. Мы яшчэ падобнай камеры не сустракалі ў смартфонах. У Huawei лічаць, што такі датчык спатрэбіцца для творчых здымкаў. З творчасцю ў аўтара ўсё дрэнна, таму адзінае, да чаго я дадумаўся, — гэта сфатаграфаваць белую фіранку ў цёмным ванным пакоі ды паліцу з кніжкамі ноччу. Працуе фішка недзе на адлегласці да метра.

Тут мусілі быць здымкі вясёлай тусы. Але ж які час, такая і туса

Яшчэ адна функцыя — вызначэнне раўнамернасці нанясення крэму ад загару. Пястота, вядома, але можа каму і спатрэбіцца.

Не пужацца! Крэм нанесены раўнамерна

У цэлым якасць здымкаў на высокім узроўні. Плюс Huawei дадала незвычайны ўльтраспектральны датчык з ультрафіялетавай падсветкай. Верагодна, разлік на выкарыстанне ў клубах.

Батарэя і аўтаномнасць

P50 Pocket атрымаў адразу дзве батарэі — па адной у кожнай палавіне. Агульная ёмістасць складае 4000 мАг. Ёмістасць высокая, але і энергаспажыванне ў смартфона не маленькае. Тут вам і даволі пражэрлівы працэсар, і вялікі экран з частатой 120 Гц. У нас падчас шчыльнага тэсціравання адной зарадкі акумулятараў хапала на суткі працы. Гэта стандартны для сучасных смартфонаў паказчык.

У камплекце пастаўляецца правадная зарадка SuperCharge на 40 Вт. Яна поўнасцю зараджае Huawei P50 Pocket за гадзіну з невялікім. А вось бесправадной зарадкі няма.

Нюанс

Смартфоны Huawei усё яшчэ пастаўляюцца без сэрвісаў Google. Гэта не самая вялікая праблема для карыстальнікаў, якія ведаюць, як і дзе спампаваць установачныя файлы па-за Google Play. Аднак ёсць адчуванне, што ўладальнікі менавіта Huawei P50 Pocket наўрад ці захочуць разбірацца з тонкасцямі Petal Search, дазволаў на ўстаноўку і іншага.

Пры гэтым вельмі запатрабаваны Instagram тут не перадусталяваны, і праз Google Play яго не загрузіш. Думаю, усе гэтыя моманты, платна ці не, давядзецца вырашаць пры куплі адразу ў краме разам з супрацоўнікамі салона. З іншага боку, аднойчы ўсталяваўшы ўвесь патрэбны софт, наўрад ці пакупнікі пасля будуць задумвацца пра ўстаноўку якіх-небудзь гульняў ці іншых дадаткаў.

Канкурэнт

Продажы Huawei P50 Pocket стартуюць 1 ліпеня, а папярэдні заказ адкрыецца за 10 дзён да пачатку продажаў. Кошт — амаль 4500 рублёў.

Канкурэнт у Huawei P50 Pocket адзін — Samsung Galaxy Z Flip3. У смартфонаў аднолькавы формфактар, арыентацыя на іміджавы сегмент і адна мэтавая аўдыторыя. Карэйскі смартфон амаль на тысячу рублей таннейшы, і ў яго ёсць сэрвісы Google. На баку P50 Pocket буйнейшы дысплэй, магчымасць паставіць карту памяці, хутчэйшая зарадка, удвая большы аб'ём памяці, 12 ГБ АЗП супраць 8 ГБ у Galaxy Z Flip3. Ці варта ўсё гэта лішняй тысячы рублёў — вырашаць пакупнікам.

Раскладушкі накшталт Huawei P50 Pocket — у першую чаргу для людзей, якія не надта часта карыстаюцца смартфонам. Усё ж такі пастаянна адчыняць-зачыняць, каб пачытаць сацсеткі ці месэнджары, можа быць даволі ўтомна. Аднак калі гаворка ідзе пра імідж, то пакуль падобныя смартфоны — адзінае, што дазволіць вылучыцца ў кафэ, на дыскатэцы ці дзе-небудзь яшчэ.

Android, экран 6.9" OLED (1188x2790) 120 Гц, Qualcomm Snapdragon 888, ОЗУ 12 ГБ, флэш-память 512 ГБ, карты памяти, камера 40 Мп, аккумулятор 4000 мАч, 2 SIM, влагозащита IP53

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by