Успомніце, калі вы апошні раз бачылі чалавека ў медыцынскай масцы? Акрамя паліклінік і медцэнтраў. Адна за адной краіны адкрываюць межы, адмяняюць неабходнасць ПЦР-тэстаў і нават вакцынацыі. Чалавецтва перамагло каранавірус ці проста стамілася ад яго? А можа, сам вірус стаміўся? Спрабуем разабрацца, што ў наш час адбываецца з самай маштабнай пандэміяй XXI стагоддзя.
Спачатку паглядзім на непрадузятыя лічбы. Параўнаем цяперашнюю сітуацыю з тым, што адбывалася год таму, калі краіны замест таго, каб адкрывацца, на ўздыме хвалі заражэнняў уводзілі ўсё новыя і новыя абмежаванні.
Так, 9 траўня 2021 года ва ўсім свеце было зафіксавана 668 тысяч новых выпадкаў заражэння каранавірусам. Праз год гэты паказчык складае 596 тысяч. Зніжэнне ёсць, але не надта заўважнае, усяго каля 10%. У цэлым калі прааналізаваць па днях-тыднях красавік — травень гэтага і мінулага гадоў, то ні пра якое істотнае зніжэнне колькасці новых выпадкаў захворвання казаць не даводзіцца. Больш за тое, у красавіку 2022-га былі дні, калі заражалася больш за мільён чалавек. Летась у красавіку такіх высокіх паказчыкаў не было.
У такім выпадку незразумела, што адбываецца. Чаму краіны здымаюць абмежаванні, калі, здаецца, павінны як мінімум захоўваць іх? Сітуацыя становіцца больш зразумелай, калі паглядзець на колькасць смерцяў, звязаных з COVID-19. І вось якраз тут — вялізны прагрэс. У красавіку — траўні мінулага года штодня паміралі 10—15 тысяч чалавек з каранавіруснай інфекцыяй. Цяпер гэты паказчык пасля лютаўскага ўсплёску знаходзіцца ў рамках 1—3 тысяч. Гэта значыць, што за год колькасць смяротных выпадкаў скарацілася ў 5—10 разоў!
Звяртае на сябе ўвагу і тэндэнцыя да зніжэння як новых выпадкаў хваробы, так і смяротных зыходаў. Няхай першы паказчык зніжаецца адносна павольна, затое другі — вельмі імкліва. Калі браць увесь свет у цэлым, то за апошні тыдзень колькасць смерцяў ад наступстваў COVID-19 скарацілася на 21%. У ЗША гэты паказчык склаў 35%, у Еўропе — у сярэднім каля 15%, хаця ў асобных краінах накшталт Бельгіі дасягнуў 44%.
Няўжо гэта значыць, што каранавіруса засталося на тры дні і чалавецтва ўсё ж калі не перамагло, то на парозе перамогі? Здаецца, так, але ёсць нюанс. Завецца ён «Афрыка». Гэта адзіны кантынент, дзе насуперак сусветным тэндэнцыям каранавірус разгуляўся не на жарт. Пры больш-менш стабільным невялікім росце штодзённых выпадкаў захворвання на чорным кантыненце назіраецца выбухны ўсплёск колькасці смяротных зыходаў — плюс 358% у параўнанні з мінулым тыднем. І гэта з улікам, мякка кажучы, не самай дасканалай статыстыкі.
Што адбываецца ў Афрыцы і чаму некаторыя эпідэміёлагі асцерагаюцца, што афрыканскі ўсплёск неўзабаве можа закрануць і іншыя рэгіёны? Нагадаем, амікрон, які зараз выцесніў астатнія штамы каранавіруса і пераважае ва ўсім свеце, першапачаткова таксама быў знойдзены ў Афрыцы, а потым імкліва распаўсюдзіўся на іншых кантынентах.
За новай хваляй COVID-19 у Афрыцы стаяць новыя штамы амікрона — BA.4 і BA.5. Паводле папярэдніх дадзеных эпідэміёлагаў, гэтыя варыянты больш заразныя, чым папярэднія штамы амікрона. Яны здольныя пазбягаць імуннай абароны, якая забяспечваецца вакцынацыяй або антыцеламі, атрыманымі ад папярэдніх захворванняў COVID-19.
Відавочна, што мы перажываем адраджэнне эпідэміі ў Паўднёвай Афрыцы, і падобна, што яно выклікана распаўсюджваннем штамаў BA.4 і BA.5. Мы фіксуем шалёную колькасць новых выпадкаў інфіцыравання.
Зрэшты, пакуль навукоўцы не спяшаюцца з высновамі датычна варыянтаў BA.4 і BA.5. Штамы занадта новыя, і незразумела, як яны будуць распаўсюджвацца і ці паўплываюць на ўсплёск выпадкаў шпіталізацыі. Лічыцца, што высокі ўзровень папуляцыйнага імунітэту, забяспечаны папярэднімі хвалямі амікрона і вакцынацыяй, здольны змякчыць хвалю абноўленага COVID-19.
Больш за тое, інфекцыяністы нават рады з'яўленню BA.4 і BA.5. Чаму? Па іх словах, хвалі каранавіруса пачынаюць набываць прадказальны характар, таму што кожная хваля перыядычна ўзнікае з ужо наяўных штамаў. У першыя два гады пандэміі ўсё было па-іншаму, кожная разнавіднасць COVID-19 з'яўлялася нібы ніадкуль. Цяпер жа, здаецца, усё ідзе да таго, што свет час ад часу будуць накрываць хвалі мутацый амікрона. Іх лягчэй лакалізаваць і прасцей даследаваць, прагназуючы распаўсюджванне.
Штамы з'явіліся ў сярэдзіне снежня 2021 года і ў пачатку студзеня 2022-га адпаведна. З таго часу колькасць заражэнняў гэтымі штамамі вельмі хутка расце. Цяпер менавіта на іх долю прыпадае тры чвэрці новых выпадкаў COVID-19 у Афрыцы.
Як сцвярджаюць навукоўцы, хуткасць распаўсюджвання BA.4 і BA.5 яшчэ вышэй, чым у і так цалкам «хуткасных» першых версій амікрона. Пакуль штамы ў большай ступені характэрны для Афрыкі, аднак іх ужо выявілі і ў шмат якіх іншых, у асноўным еўрапейскіх краінах. Па словах бельгійскага біёлага-эвалюцыяніста Тома Вензелерса, новыя версіі амікрона неўзабаве выцясняць «продкаў».
Гледзячы на ўсе наяўныя дадзеныя, здаецца, што новая вялікая хваля заражэння абавязкова прыйдзе.
Пакуль навукоўцы не могуць зразумець, якія менавіта мутацыі робяць BA.4 і BA.5 больш заразнымі за папярэднія штамы. Сёння пануе версія наконт здольнасці абноўленага віруса ўнікаць імуннай рэакцыі прышчэпленых людзей і тых, хто ўжо хварэў на COVID-19.
Важнай асаблівасцю BA.4 і BA.5 лічыцца мутацыя ў спайк-пратэіне, якую назвалі F486V. Пры гэтым адбываецца замена амінакіслаты ў пазіцыі, блізкай да месца звязвання спайк-пратэіна з рэцэптарам ACE2 (а менавіта гэтае ўзаемадзеянне адказвае за інфіцыраванне клетак-мішэняў). Згодна з вынікамі даследаванняў штучна створаных вірусаў, практычна ўсе яны ўспрымальныя да тых ці іншых антыцел. Акрамя тых, што нясуць у сабе мутацыю F486V.
Здольнасць BA.4 і BA.5 пазбягаць атакі імунітэту «дастатковая, каб зноў выклікаць праблемы». Зрэшты, эпідэміёлагі сумняваюцца, што гэтыя варыянты COVID-19 прывядуць да больш сур'ёзных наступстваў у параўнанні з тымі, якія назіраліся ў папярэднія хвалі эпідэміі. Так, абодва штамы распаўсюджваюцца надзвычай хутка, аднак яны рэдка прыводзяць да цяжкага працякання хваробы.
Мяркуючы па ўсім, сімптомы хваробы пры заражэнні BA.4 і BA.5 мала адрозніваюцца ад звычайнага амікрона. Гэта кашаль, стамляльнасць, насмарк, моцныя болі ў горле, высокая тэмпература на працягу пары дзён. Страта нюху бывае, але не так часта, як гэта было пры дэльта-штаме. А вось пнеўманіі фіксуюцца вельмі рэдка, таму і смяротных зыходаў так мала.
Што да статыстыкі з імклівым ростам смяротнасці ў Афрыцы, то, здаецца, навукоўцы схільныя не экстрапаляваць гэтыя дадзеныя на цяперашнюю сітуацыю з каранавірусам. Вельмі спецыфічны кантынент, статыстыка і аналіз інфармацыі. Гэта значыць, пакуль лічыцца, што ўсплёск смяротных зыходаў ад COVID-19 у Афрыцы звязаны з паляпшэннем методыкі падлікаў, якая падцягнулася за апошнія два гады. Быццам раней у статыстыку не траплялі многія выпадкі, звязаныя з каранавірусам, а зараз трапляюць.
Медыкі звычайна не любяць даваць прагнозы адносна такіх спецыфічных з'яў, як эпідэміі. І хаця BA.4 і BA.5 ужо выйшлі за межы Афрыкі, далёка не факт, што яны прывядуць да новай хвалі пандэміі ў Еўропе, Азіі ці Амерыцы. А можа, і прывядуць, але не адразу.
Акрамя таго, у шматлікіх частках свету назіраецца рост іншых варыяцый амікрона з тымі ж мутацыямі, што ў BA.4 і BA.5. Гэта значыць, што яны таксама здольныя абыходзіць імунную рэакцыю чалавека. Так, выяўлены зусім нядаўна штам BA.2.12.1 таксама ўмее ўхіляцца ад антыцел, якія з'явіліся ў выніку вакцынацыі ці перанесенага каранавіруса.
З'яўленне ўсё новых і новых штамаў гаворыць аб тым, што амікрон працягвае цыркуляваць на планеце. Вірус паступова эвалюцыянуе ў бок абыходу імуннай абароны. Калі COVID-19 працягне ісці гэтым шляхам, то яго эвалюцыя стане падобнай на эвалюцыю іншых распаўсюджаных рэспіраторных інфекцый, такіх як грып. Пры такім раскладзе вірус будзе ўвесь час муціраваць для абыходу імунітэту. Часам пры правалах абароны ў рамках усёй папуляцыі нас зноў будуць накрываць хвалі эпідэміі, як гэта амаль кожны год здараецца з грыпам.
Больш за ўсё навукоўцы баяцца вяртання дэльта-штама, які лічыцца самым небяспечным і смяротным. Гэтая варыяцыя віруса не знікла цалкам і можа разгарнуцца з новай сілай па меры таго, як калектыўны імунітэт канчаткова пераарыентуецца на барацьбу з амікронам і «забудзе» аб існаванні дэльта-штама.
У любым выпадку пакуль відавочна толькі тое, што прыкладна кожныя паўгода з'яўляюцца новыя дамінантныя віды COVID-19. Галоўнае пытанне — на змену амікрону прыйдзе нешта новае ці ён канчаткова выцесніць усе астатнія віды і будзе толькі відазмяняцца ў новых штамах? Другі варыянт эпідэміёлагі лічаць найбольш верагодным і самым спрыяльным. Пакуль жа, здаецца, самую страшную пандэмію XXI стагоддзя мы з велізарнымі стратамі, але перажылі.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by