Ніякіх братоў Люм'ер. Як таямніча знік сапраўдны вынаходнік кіно

Источник: Зміцер Адашкевіч
8557
18 июня 2023 в 8:00

У верасні 1890 года, за пяць гадоў да трыумфу братоў Люм'ер, імпазантны француз Луі Лепрэнс адправіўся наведаць брата перад доўгачаканай паездкай у Лондан. Ужо быў сабраны багаж, які ўключаў у сябе чароўны апарат для здымкі фільмаў, некалькі прыкладаў з рухомымі карцінкамі і пачак дакументаў для патэнтаў. Лепрэнс стаяў на парозе сусветнай вядомасці. Ён павінен быў увайсці ў гісторыю як вынаходнік кіно. Луі сеў у цягнік і… знік. Ніхто яго больш ніколі не бачыў, а лаўры першапраходцаў дасталіся іншым.

Эдысан перадусім

У сярэдзіне 1880-х над вынаходствам таго, што пазней назавуць кінематографам, працавалі дзясяткі інжынераў, ад самавучак да супрацоўнікаў найбуйнейшых кампаній. Асабліва сярод усіх вылучаўся «Ілан Маск» таго часу — багаты прадпрымальнік і вынаходнік Томас Эдысан. У кастрычніку 1888-га ён нават падаў папярэднюю заяўку на патэнт: «Я эксперыментую з апаратам, які для вачэй будзе з'яўляцца тым жа, чым для вушэй з'яўляецца фанограф. Гэты апарат фіксуе і прайграе карцінку ў руху. Пры гэтым ён атрымліваецца практычным, танным і зручным. Гэтую прыладу я назаву кінетаскопам».

Томас Эдысан

Кінетаскоп сапраўды будзе створаны, але гэтага моманту давядзецца чакаць яшчэ сем гадоў. Зрэшты, у канцы 1880-х ніхто і не сумняваўся ў сусветна вядомым геніі. Нядзіўна, што Эдысан лічыўся фаварытам у своеасаблівай гонцы вынаходнікаў кіно. Тым больш ён працаваў на магутны канцэрн Western Union і не ведаў патрэбы ў грошах.

І ўсё ж першым ён не стаў. Амерыканца абагнаў мала каму сёння вядомы французскі вынаходнік Луі Лепрэнс. Пакуль Эдысан толькі афармляў папярэднюю заяўку на патэнт, яго канкурэнт не толькі паспеў вырашыць усе тэхнічныя праблемы, але і стварыў першую ў свеце сапраўдную кінакамеру.

Французскі след

Лепрэнс нарадзіўся ў 1841 годзе ў сям'і афіцэра. У дзяцінстве Луі пазнаёміўся з бацькам дагератыпіі Луі Дагерам, які прывіў хлопчыку любоў да хіміі і фатаграфіі. Адвучыўшыся ў Парыжскай школе жывапісу, Лепрэнс пачаў актыўна працаваць над спосабам нанясення каляровых пігментных фатаграфій на метал і кераміку. Таксама на працягу дзясятка гадоў мужчына праводзіў вопыты па стварэнні рухомых фатаграфій і прыдатнага для гэтага носьбіта.

Луі Лепрэнс

Менавіта праблемы з пошукам носьбіта інфармацыі стрымлівалі бурны ўсплёск мастацтва кіно. Луі выкарыстаў фотаэмульсію, прыдуманую ў 1884 годзе Джорджам Істмэнам, — яе француз наносіў на папяровую стужку. Акрамя таго, ён здолеў дабіцца бесперапыннага, а не пакрокавага руху плёнкі.

Першы ў гісторыі фільм быў зняты менавіта Лепрэнсам, і гэты фільм не мае нічога агульнага з прыбыццём цягніка. Стужка была знята ў Англіі ў двары дома цешчы Луі. Сёння гэты кінаролік вядомы пад назвай «Сцэна ў садзе Раўндхэй». Сярод акцёраў — сябры і сваякі Лепрэнса, у тым ліку сама цешча.

Здымкі праходзілі ў кастрычніку 1888 года, за сем гадоў да афіцыйнага нараджэння кінематографа. Першы ў гісторыі чалавецтва фільм доўжыцца крыху больш за дзве секунды і ўяўляе сабой кароценькі эпізод прагулкі па садзе. Здымалася ўсё на рулонную негатыўную фотапаперу шырынёй 54 мм з дапамогай створанага Луі кінаапарата LPCCP Mk II з адным аб'ектывам. Гэта была ўдасканаленая камера, бо яе папярэдніца (таксама аўтарства Лепрэнса) была больш грузнай і адразу з 16 аб'ектывамі.

Што ж, заставалася толькі запатэнтаваць вынаходку, прыцягнуць увагу ды кучу грошай. У канцы 1880-х работай Луі Лепрэнса зацікавіліся газетчыкі, якія сталі шмат і актыўна пісаць пра навінку. Што да грошай, то француз разлічваў здабыць іх у Амерыцы, краіне, якая развівалася незвычайна высокімі тэмпамі і лічылася крыніцай усяго новага і перадавога.

Адна з камер Луі Лепрэнса

Але калі здабываць інвестыцыі пад праект камерцыйнага выкарыстання кінематографа прасцей за ўсё было ў Амерыцы, то атрымліваць патэнт лепш за ўсё было ў Англіі, таму што англійскае права хоць неяк магло абараніць ад шпіянажу канкурэнтаў.

Таямнічае знікненне

Спачатку Лепрэнс адправіўся ў ЗША. Хутчэй за ўсё, ён разлічваў аб'яднаць намаганні з Томасам Эдысанам. У прыватнасці, француз пісаў родным, што сустрэча з амерыканскім вынаходнікам уваходзіць у яго планы. Зрэшты, сам Эдысан пазней казаў, што ніякай сустрэчы не было.

Як бы там ні было, з Амерыкі мужчына вярнуўся натхнёным. 14 верасня 1890 года ён з'ездзіў да брата ў Дыжон, а праз два дні сеў у цягнік, які павінен быў адвезці яго назад у Парыж. Там Луі збіраўся перасесці ў лонданскі экспрэс, каб дабрацца да Англіі і аформіць патэнты на свае вынаходкі.

Аднак у Парыж купэ Лепрэнса прыбыло пустым. Пры гэтым цягнік рухаўся без прыпынкаў, а на вакзале вынаходніка чакалі загадзя нанятыя ім жа насільшчыкі. Але ні Луі, ні багажу ў цягніку не аказалася. Пакінуць купэ падчас руху ён не мог, таму што ў тыя часы дзверы вагонаў адчыняліся ў бок перона і ў мэтах бяспекі блакаваліся пры адпраўленні. Адкрыць іх мог толькі праваднік на месцы прыбыцця.

Дзіўна было і тое, што знік не толькі Лепрэнс, але і яго цуда-абсталяванне, пра якое паспелі напісаць французскія газеты. Яны ж паднялі шуміху па слядах таямнічага знікнення. У Дыжоне станцыйныя наглядчыкі і шматлікія сведкі кляліся, што сваімі вачамі бачылі, як Луі з багажом пагрузіўся ў купэ. І тым не менш да Парыжа ён не даехаў.

Паліцыі так і не ўдалося адшукаць ніводнай нітачкі, якая б дапамагла ўсё гэта разблытаць. Неўзабаве гісторыю з рухомымі малюнкамі сталі называць містыфікацыяй, а вынаходніка — ашуканцам, які спецыяльна схаваўся, калі прыйшоў час паказаць грамадскасці сваю вынаходку.

Рэпліка 16-лінзавай камеры Лепрэнса

Луі Лепрэнс быў афіцыйна абвешчаны памерлым у 1897 годзе, праз два гады пасля трыумфу братоў Люм'ер. А ў 2003-м даследчыкі знайшлі ў архівах парыжскай паліцыі датаваную 1890 годам фатаграфію тапельца, падобнага на Лепрэнса.

Што ж адбылося?

Як заўсёды, нават калі няма доказаў, нараджаюцца самыя розныя тэорыі. Улічваючы загадкавую смерць не толькі бацькі, але і сына, а таксама іх імкненне сустрэцца з Эдысанам, адна з асноўных версій звязана менавіта са знакамітым амерыканскім вынаходнікам. Прынамсі, у яго быў матыў.

У 1890 годзе Томас знаходзіўся ў няпростай сітуацыі. Да таго часу ён патраціў шмат грошай, але так і не змог стварыць кінаапарат, які б нармальна працаваў. Канкурэнцыя з боку больш удачлівага француза магла падарваць не толькі аўтарытэт Эдысана, але і яго фінансавы дабрабыт. Страты панеслі б і шматлікія інвестары, якія стаялі за амерыканцам.

Сям'я Луі, здаецца, не сумнявалася, што за знікненнем стаіць Томас Эдысан. На яго нават падалі ў суд. У 1902 годзе старэйшы сын Лепрэнса прыехаў у Нью-Ёрк, каб даць паказанні, а заадно сустрэцца з Эдысанам і даведацца, ці не бачыў ён бацьку восенню 1890-га. На наступны дзень пасля прыбыцця мужчына быў знойдзены застрэленым у сваім гасцінічным нумары. Зброі побач з целам не знайшлі, дзверы былі зачынены знутры. Як і ў выпадку з Лепрэнсам-старэйшым, паліцыя справу не раскрыла. Суд апраўдаў Эдысана, з часам размовы пра яго датычнасць да дзіўнага знікнення Луі сціхлі.

Яшчэ адзін фільм Лепрэнса. Зняты на камеру з 16 аб'ектывамі, доўжыцца менш за секунду і аспрэчвае ў «Сцэны ў садзе Раўндхэй» званне першага ў гісторыі фільма

Згодна з яшчэ адной версіяй, ва ўсім вінаватая сям'я Лепрэнса. Маўляў, сваякі прымусілі яго пераехаць у Чыкага, таму што Луі быў гомасексуалістам. Зрэшты, гэтая тэорыя пабудавана ўсяго на адной заметцы ў бульварнай газеце, так што ўсур'ёз яе мала хто ўспрымае. Некаторыя таксама лічаць, што Лепрэнса мог забіць яго брат, да якога вынаходнік прыехаў перад знікненнем. Нібыта тым самым Луі хацелі перашкодзіць растраціць спадчыну, што засталася ад маці. Падставай для падазрэнняў стаў той факт, што мужчына сапраўды адправіўся ў Дыжон да брата для ўрэгулявання пытанняў з матчынай спадчынай.

Нарэшце, многія былі ўпэўненыя, што Лепрэнс скончыў жыццё самагубствам з-за фінансавых цяжкасцей, шматлікіх даўгоў і адсутнасці нармальнай камеры, якую можна было б паказаць людзям. Сёння гэтая версія выглядае непераканаўчай, таму што крытычных праблем з грашыма ў вынаходніка не было, а рэальным доказам яго працы з’яўляюцца фільмы, якія захаваліся да нашага часу.

Самая свежая гіпотэза абвяшчае, што Луі мог банальна пераблытаць цягнік. У той дзень і прыкладна ў той жа час з Дыжона адпраўляўся састаў таксама ў швейцарскі Валорб. У дарозе гэты цягнік сутыкнуўся з іншым саставам, у выніку чаго загінулі чатыры чалавекі. Лепрэнс мог стаць ахвярай збегу акалічнасцей і аказацца адным з загінулых.

для домашнего кинотеатра, матрица DLP, FullHD (1920x1080), светодиодный (LED), яркость 460 ANSI лм, экран 60-120", Wi-Fi
портативный, матрица LCD, FullHD (1920x1080), светодиодный (LED), яркость 550 ANSI лм, контраст 3000:1, расстояние 1.3-7 м, экран 50-200", Wi-Fi

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by