Эфект жудаснай даліны. Чаму мы з агідай ставімся да чалавекападобных робатаў?

Источник: Зміцер Адашкевіч
12 872
08 февраля 2023 в 8:00

Сёння няма нічога прасцей, чым зрабіць робата максімальна падобным да чалавека. Аднак вытворцы на такі крок не адважваюцца. Прамысловыя машыны застаюцца машынамі, а ўсялякага роду хатнія забаўкі робяць мімімішнымі дзякуючы некаторай мульцяшнасці. Чаму ж ніхто не выпускае робатаў, як мага больш падобных да людзей? Усё з-за эфекту жудаснай даліны, дзякуючы якому машыны, што вельмі паходзяць на чалавека, выклікаюць у нас агіду. Як і чаму гэта адбываецца?

Японскі феномен

Людзі здаўна заўважалі, што нежывыя гуманоідныя аб'екты выклікаюць ледзь ці не звышнатуральнае адчуванне непрымання, аж да агіды. У якасці прыкладу звычайна ўспамінаюць лялек бунраку з японскага тэатра. Міжнародна прызнаны шэдэўр, ад якога, аднак, шмат у каго мурашкі бягуць па скуры.

Феномен разглядаўся шматлікімі псіхолагамі, уключаючы Зігмунда Фрэйда. Але ўпершыню найбольш поўна эфект быў распісаны японскім навукоўцам Масахіра Моры, які ў 1970-х гадах вывучаў эмацыйную рэакцыю людзей на чалавекападобных робатаў.

У ходзе даследаванняў высветлілася, што да пэўнага моманту людзям тым больш сімпатычныя робаты, чым больш яны падобныя на чалавека. Аднак, калі ступень падабенства дасягае прыблізна 70%, сімпатыі рэзка абвальваюцца да ўзроўню агіды. Калі робат на 80% падобны на чалавека, яшчэ пры гэтым рухаецца, ступень агіды параўнальная з той, што людзі адчуваюць да кіношных зомбі.

Далей антыпатыя крыху памяншаецца, прыкладна пасля 90% падабенства зноў з'яўляецца сімпатыя. А калі ўжо будзе створаны робат, якога нельга будзе адрозніць ад чалавека, то ніхто яму слова дрэннага не скажа. Вось гэтая яма агіды ад 70 да 90% падабенства і атрымала назву «жудаснай даліны».

Пасля Масахіра Моры многія навукоўцы праводзілі падобныя эксперыменты, каб пацвердзіць або абвергнуць яго тэорыю. І амаль усе даследаванні прыйшлі да высновы, што эфект жудаснай даліны — цалкам рэальны феномен, але ж пра яго прычыны да гэтага часу мала што вядома.

Аднак некаторыя ідэі ўсё ж з'явіліся.

Ад страху хваробы да хуткай смерці

Як звычайна, з цягам часу вучоныя гатовы прапанаваць сотні магчымых адказаў на адзінае пытанне. Так і ў выпадку з эфектам жудаснай даліны псіхолагі добра падумалі і прапанавалі цэлы шэраг тлумачэнняў нашага страху перад гуманоіднымі машынамі. Пры гэтым усе яны звязаны з тым, што наша непрыманне выклікана дробнымі неадпаведнасцямі рэальнасці, якія і прыводзяць да адчування дыскамфорту.

У адным з тлумачэнняў мяркуецца, што агіда выклікаецца падсвядомай асацыяцыяй з прыроджаным страхам непазбежнасці смерці. Маўляў, падобны да чалавека робат выклікае дысананс. З аднаго боку, розум успрымае яго як чалавека, а з іншага — разумее, што гэта нежывая машына. У выніку з глыбінь падсвядомасці абуджаецца страх перад смерцю.

Яшчэ адна тэорыя звязана з абаронай ад патагенаў. Рэч у тым, што ў людзей ёсць кагнітыўная здольнасць адчуваць агіду да розных дэфектаў арганізма, таму што дэфекты могуць ускосна сігналізаваць пра небяспечную хваробу. Чым больш чалавечым выглядае аб'ект, тым мацнейшую агіду мы адчуваем да розных яго «дэфектаў». Напрыклад, да ненатуральных мімічных рухаў, хаджэння, гаворкі і гэтак далей.

Не засталіся ўбаку і даследнікі нормаў чалавечых паводзін. Гэтыя вучоныя таксама вінавацяць ва ўсім кагнітыўны дысананс. Вось вы бачыце робата, які не паходзіць на чалавека, але які валодае некаторымі чалавечымі рысамі. Такой машынай мы замілоўваемся: «Глядзі толькі, як яна імкнецца быць падобнай на нас! Як міла!» Аднак калі робат выглядае амаль як чалавек, то мы ўжо не ацэньваем яго як робата, які спрабуе быць падобным да нас. Замест гэтага мы пачынаем ацэньваць яго па чалавечых стандартах: гэта значыць, глядзім на яго як на нейкае падабенства чалавека, якое выглядае жахліва і паводзіць сябе як чалавек.

Нарэшце, вялікі пласт тэорый носіць філасофскі характар. Па словах навукоўцаў, недзе глыбока ўнутры мы баімся, таму што антрапаморфныя машыны кідаюць выклік чалавечай самабытнасці і ідэнтычнасці. Чым больш робат падобны на чалавека, чым менш паміж імі розніцы, тым гучней пытанне пра тое, што ж такое чалавек, чым ён «лепшы» ці «горшы» за машыну. А можа, зусім ніякай розніцы і няма.

І гэта не кажучы пра тое, што такія робаты могуць забраць у людзей працу і ўвогуле цалкам замяніць іх. Страшна? Так. Праўда, складана сказаць, ці сапраўды такія страхі асацыююцца ў нас з гуманоіднымі робатамі. А магчыма, на негатыўнае стаўленне да такіх машын уплываюць усе пералічаныя вышэй фактары.

Карысць ад жудаснай даліны

Здавалася б, эфект жудаснай даліны прывядзе проста да забыцця чалавекападобных стварэнняў. Але не, людзі і тут прыдумалі, як павярнуць феномен на сваю карысць. Гаворка ў першую чаргу пра кінематограф. Менавіта дзякуючы эфекту жудаснай даліны мы атрымалі шмат запамінальных вобразаў у хорарах і фантастыцы.

Адзін з першых такіх прыкладаў — кніжная, а пасля і кіношная пачвара Франкенштэйна. Так, тут яшчэ не робат, але ўжо нежывы аб'ект, якому ўласцівыя рысы жывога чалавека. Пры гэтым любое падабенства з чалавекам адразу ж рассыпалася, як толькі монстр пачынаў рухацца. Франкенштэйн — тыповы прыклад з жудаснай даліны на самым яе дне.

Больш вынаходлівы і насамрэч куды больш страшны ўзор — андроід Эш з «Чужога». Фільм, дарэчы, выйшаў неўзабаве пасля таго, як Масахіра Моры сфармуляваў сваю тэорыю. У кіно робат вонкава не адрозніваецца ад чалавека. Па ідэі, ён ужо павінен быў бы выклікаць сімпатыю, бо выглядае якраз як чалавек. Аднак ад Эша літаральна з першых кадраў вее небяспекай і невытлумачальнай трывогай. Усё таму, што для пераадолення жудаснай даліны недастаткова выглядаць як чалавек, трэба і паводзіць сябе адпаведна. Эш быццам бы так і робіць — гэта цалкам спакойны, лагічны «чалавек», ніколі не бянтэжыцца.

Аднак па малазначных прыкметах, калі не розумам, то падсвядома, мы разумеем, што з Эшам нешта не так. Калі прыгледзецца, то тут і ненатуральная міміка, і залішне грацыёзныя для чалавека рухі, і павароты галавы, і шматлікія іншыя невідавочныя дробязі. Гэта ўжо цалкам заслуга акцёра Іэна Холма, які здолеў перадаць усе гэтыя моманты, што прымушаюць кожнага гледача ставіцца да Эша як мінімум з падазрэннем. Усё ж нездарма гэты андроід рэгулярна трапляе ў розныя рэйтынгі «самых-самых» ліхадзеяў.

Зрэшты, часта бывае так, што аўтары фільмаў выкарыстоўваюць эфект жудаснай даліны, самі таго не падазраючы. Яркі прыклад — кінамюзікл «Кошкі», які выйшаў у 2019 годзе. І крытыкі, і гледачы назвалі яго жахлівым, фільм выклікаў бурную рэакцыю, у асноўным звязаную з агідай. Цікава, што далёка не ўсе могуць сказаць, чым менавіта ім не спадабаўся фільм. Аднак часта ў рэцэнзіях згадваюцца скаргі на «жудасны дызайн», «жахлівае выпрабаванне для вачэй», «візуальны тэрор» і іншае.

«Многія вобразы з гэтага мюзікла напэўна будуць даймаць гледачоў на працягу пакаленняў», — пісалі ў рэцэнзіях на «Кошак». Віной усяму зноў жа кагнітыўны дысананс ад паўкаціных-паўчалавечых вобразаў. Аўтары фільма перайшлі мяжу, калі дзіўных коцікаў можна было б назваць мілымі, і зваліліся на дно жудаснай даліны, дзе каты залішне падобныя да чалавека.

З аналагічным эфектам часта сутыкаюцца пры спробе выкарыстоўваць у фільмах лічбавыя выявы акцёраў. Так, за эфект жудаснай даліны крытыкавалі лічбавага Арнольда Шварцэнэгера ў фільмах «Тэрмінатар: Ды прыйдзе выратавальнік» і «Тэрмінатар: Генезіс». З нядаўняга — радыкальнае віртуальнае амаладжэнне героя Роберта Дэ Ніра ў «Ірландцы». Здавалася б, тэхналогіі дасягнулі такіх вышынь, што заўважыць падвох немагчыма. Аднак мова цела «маладога» Дэ Ніра залішне рэзка кантраставала з яго знешнасцю. Гэта прымусіла многіх гледачоў жорстка раскрытыкаваць ролю акцёра.

Што далей?

Эфект жудаснай даліны сапраўды існуе, няхай яго механізм да канца і не вывучаны. Верагодна, за доўгія гады эвалюцыі людзі настолькі тонка навучыліся адчуваць фальш у абліччы сабе падобных, што пра з'яўленне максімальна падобных на людзей робатаў, верагодна, можна назаўжды забыцца.

Быў нават прапанаваны шэраг прынцыпаў, якіх раяць прытрымлівацца ў робататэхніцы. У прыватнасці, указваецца на недапушчальнасць змешвання чалавечых і нечалавечых характарыстык. Любы робат з сінтэтычным голасам і любы чалавек з чалавечым голасам будуць менш жудаснымі, чым чалавек з сінтэтычным голасам і робат з чалавечым голасам.

Увогуле, самы лепшы робат — той, які не дае падстаў усумніцца ў тым, што ён машына. А дапамагчы яму ўспрымацца мілым могуць рысы якой-небудзь свойскай жывёліны, але не чалавека.

интерактивная игрушка/музыкальная игрушка, собака, питание от аккумулятора

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by