Агляд смартфона Honor X8

Источник: Зміцер Адашкевіч. Фото: Влад Борисевич
17 547
13 апреля 2022 в 8:00
Ослепительные скидки в Каталоге Onlíner

Амаль чатыры гады таму Honor выпусціла хітовы смартфон 8Х. Мадэль атрымалася настолькі ўдалай, што нават сёння дзе-нідзе прадаецца. Вытворца мусіў паўтарыць легендарны поспех і зрабіў мадэль X8. Калі коратка, то тэлефон сапраўды атрымаўся. Аднак пакуль не зразумела, ці можна будзе яго набыць у Беларусі. Шкада, бо пры разумнай цане ў X8 ёсць шанец паўтарыць шлях легендарнага 8Х.

Android, экран 6.7" IPS (1080x2388) 90 Гц, Qualcomm Snapdragon 680, ОЗУ 6 ГБ, память 128 ГБ, камера 64 Мп, аккумулятор 4000 мАч, 2 SIM (nano-SIM)

Знешні выгляд

З тыльнага боку X8 відавочна аддае пашану «яблычнаму» калегу. Асабліва гэта тычыцца мадэлі серабрыстага колеру. Бо рэч не толькі ў квадратным блоку з камерамі, але і ў расфарбоўцы, і ў тактыльных адчуваннях. На прыкладзе айфона можна дастаткова ўпэўнена сказаць, што гэта вельмі практычны матэрыял. Па-першае, ён амаль не збірае адбіткі ад пальцаў. Па-другое, вельмі прыемны тактыльна дзякуючы мяккай шурпатасці. Па-трэцяе, глыбокі колер з лёгкімі пералівамі сапраўды радуе вока.

Дарэчы, астатнія дзве расфарбоўкі куды больш звыклыя і менш практычныя. У X8 чорнага колеру проста глянцавы корпус, які вельмі ахвотна збірае бруд. Трошкі цікавей сіні колер, з пералівамі, аднак такое мы бачым даволі часта. Карацей, для тэстаў пакінулі сабе серабрыста-матавы экзэмпляр.

Што яшчэ прыемна здзівіла, дык гэта выкарыстанне ў аздабленні па сутнасці бюджэтнага смартфона металу. Звычайна ў гэтай цэнавай катэгорыі бачым толькі пластык, а тут з матавага алюмінію выраблена бакавая рамка. Таксама не можа не радаваць выкарыстанне актуальнага раз’ёма USB-C замест састарэлага microUSB, які яшчэ не так даўно вельмі любілі ставіць у тэлефоны бюджэтнага ўзроўню.

З падазронасцю мы паставіліся да пераносу дынаміка з верхняй часткі дысплэя на верхні тарэц металічнай рамкі. Ці не адаб’ецца гэта на якасці званкоў? Ці добра будзе чуць уладальнік X8 суразмоўца? Аднак усе гэтыя пытанні, як аказалася, не з’яўляюцца прычынай для клопату. Суразмоўца чуваць добра, як і яму вас.

Металічныя грані плоскія. Выглядае сучасна, але пры немалых габарытах мадэлі яны трошкі ўпіваюцца ў далонь. Кнопка рэгулявання гуку крыху выступае, а вось клавіша ўключэння размешчана ў неглыбокай выемцы і амаль роўная з тарцом. Тым не менш знаходзіцца яна хутка і праблем з пошукам не прыносіць. У кнопцы, дарэчы, знаходзіцца дактыласкапічны сканер — працуе хутка, дакладна, карыстацца ім зручна.

Вага X8 складае менш за 180 грам, што даволі мала, улічваючы памеры апарата. На левым тарцы ёсць слот для дзвюх «сімак». На жаль, слот не гібрыдны, уставіць у яго карту памяці немагчыма. Так што павялічыць аб’ём набортнай памяці немагчыма.

Збольшага перад намі даволі звычайны сучасны смартфон з вялікім блокам камер і немалымі габарытамі. У асобыя прыкметы запішам наяўнасць металічнай рамкі, вельмі прыемнай і практычнай матавай крышкі (тычыцца толькі версіі серабрыстага колеру), а таксама плоскія тарцы і тонкі профіль.

Дысплэй і гук

Экран давялі да сучасных стандартаў. Праўда, OLED-матрыцу не падвезлі, тут у нас якасны, але звычайны IPS. Аднак у астатнім — усё як трэба і нават больш для смартфонаў бюджэтнага ўзроўню. Так, ёсць падтрымка 90 Гц. Яшчэ раз адзначым, што ўбачыць павышаную плаўнасць у параўнанні з 60 Гц здолеюць не ўсе. Тым не менш шмат для каго 90-герцавая матрыца — гэта значны плюс.

Дыяганаль экрана дасягнула ажно 6,7 цалі. Раздзяляльная здольнасць матрыцы складае 1080×2388 кропак (391 ppi). Гэтага дастаткова для таго, каб не пакутаваць ад няякаснай карцінкі і мутнага інтэрфейсу.

Адзінае, што крыху засмучае, — гэта выступ унізе дысплэя. Па баках і ўверсе рамкі вельмі тонкія, тады як менавіта знізу даволі відавочна выступае гэткая «губа». Гэта бадай адзінае, што выдае недарагі характар апарата. У цэлым жа сёння экраны амаль ва ўсіх тэлефонах вельмі якасныя. Так і тут. І нават яркасць, нягледзячы на выкарыстанне IPS замест OLED, у X8 на тым узроўні, якога стае нават пры яркім сонцы.

Гук праз дынамік ідзе манафанічны, хаця саміх дынамікаў два (адзін з іх выкарыстоўваецца толькі ў час размовы). Тым не менш сам па сабе гук моцны, нават на высокім узроўні, без трэску ды іншых артэфактаў.

Жалеза

Сэрцам X8 стаў новы працэсар Snapdragon 680, анонс якога адбыўся ў канцы мінулага года. Гэта чып сярэдняга ўзроўню, пабудаваны на 6-нм тэхпрацэсе, з 8 ядрамі Kryo 265 ды графікай Adreno 610.

Ёсць 6 ГБ аператыўнай памяці. Цікава, што да гэтага аб’ёму АЗУ можа далучацца яшчэ 2 ГБ так званай віртуальнай аператыўкі. Размова ідзе пра вылучэнне дадатковага аб’ёму з асноўнага накапляльніка ёмістасцю 128 ГБ. Гэтая памяць пры неабходнасці можа выкарыстоўвацца дзеля захавання дадаткаў і імгненнага доступу да іх. На жаль, праверыць такое на практыцы за кароткі тэрмін складана. Аднак 6 ГБ і так дастаткова для патрэб карыстальніка.

Што да хуткадзейнасці, то, нягледзячы на сярэднюю цэнавую катэгорыю смартфона і працэсара, магутнасці хапае і для хуткай адмалёўкі інтэрфейсу, і для гульняў. Модная і папулярная CoD Mobile ставіць сярэднія налады і пры гэтым дазваляе гуляць без прасадак fps. Я ўсталяваў высокія налады графікі — у цэлым гульня лятае, але пры вялікай колькасці праціўнікаў або дзе-небудзь у віртуальных кустах з вялікай колькасцю зеляніны адчуваецца падзенне кадраў.

Істотнага нагрэву, які б ствараў нязручнасці пры карыстанні тэлефонам, няма. Парадавала і праверка на тротлінг. Нават пад высокай нагрузкай сістэма практычна не змяншае прадукцыйнасць. Так, яна практычна адразу падае да 90%, але на гэтым усё, апарат паводзіць сябе стабільна, без рэзкіх прасадак. Вельмі добры вынік.

У цэлым Snapdragon 680 паказаў сябе як выдатны чып сярэдняга ўзроўню. «Папугаямі» пахваліцца ён не дасць, затое ў паўсядзённасці задавальняе абсалютна ўсе патрэбы. Магчыма, толькі ў некаторых асабліва патрабавальных гульнях налады графікі лепш выставіць сярэднімі. Затое ніякага тротлінгу, і нагрэў пры гэтым зусім невялікі.

Камера

Нягледзячы на вялікі блок аж з чатырма камерамі, залішне патрабавальна ставіцца да фотамагчымасцей апарата не варта. Як гэта часта бывае ў недарагіх мадэлях, два «вочкі» прысутнічаюць, па сутнасці, намінальна, для масавасці. Гэта ў першую чаргу датчык глыбіні рэзкасці, а таксама макракамера. Другая, як амаль і заўсёды, здымае куды горш, чым калі проста кропнуць здымак з асноўнай камеры.

Здымак на асноўную камеру

Здымак на звышшырокавугольны модуль

Асноўная камера 64-мегапіксельная, але «з каробкі» дзякуючы аб'яднанню пікселяў здымае на 16 Мп. Так лепш за ўсё і пакінуць, таму што вялікая колькасць пікселяў на якасці здымка станоўча не адаб'ецца ў адрозненне ад большай святлоадчувальнасці.


Здымкі традыцыйна добрыя пры дастатковай колькасці святла. Зрэшты, ужо даўно розніцу паміж топавым тэлефонам і прадстаўніком сярэдняй цэнавай катэгорыі трэба шукаць пад мікраскопам. Асноўныя адрозненні выяўляюцца пры недахопе святла. У гэтым выпадку будзе карысны начны рэжым, у якім апарат сапраўды здымае лепей. Праўда, для гэтага трэба пачакаць секунд пяць.

Пяцімегапіксельны звышшырокавугольны модуль мае сярэднюю якасць. Нават удзень ёсць праблемы з балансам белага і дэталізацыяй. У прыцемках гэтая камера зусім становіцца бескарыснай.

Звышшырокавугольны модуль

Звышшырокавугольны модуль

Відэа смартфон здымае ў разрозненні Full HD і пры 30 кадрах у секунду. Усё гэта няблага, аднак адсутнасць стабілізацыі з'яўляецца куды больш крытычнай. Усё ж гэты тэлефон не для відэаздымак.

У цэлым блок з камерамі X8 выглядае багата. Тым не менш гэтае ўражанне, як і ў выпадку з астатнімі мадэлямі сегмента, зманлівае. Два сэнсары тут, па сутнасці, для галачкі, звышшырокавугольны модуль не вызначаецца якасцю. Асноўны датчык нядрэнны роўна для сваіх грошай.

Акумулятар

Апарат атрымаў акумулятар ёмістасцю 4000 мА·ч. Адной яго зарадкі стандартна хапае на дзень-паўтара працы. Тут без сюрпрызаў, гэта звычайны для індустрыі вынік.

Падтрымліваецца зарадка магутнасцю 22,5 Вт, якая ідзе ў камплекце. Поўнае папаўненне зарада займае каля дзвюх гадзін. Бесправадной зарадкі, на жаль, няма.

Вывады

У Honor X8 нам спадабаўся знешні выгляд, працэсар, яркі дысплэй і асноўная камера на 64 Мп. Ёсць пытанні да астатніх камер, аднак іх можна лічыць бонусам, якім і так мала хто будзе карыстацца. Прыгожы і ладны смартфон за свае грошы.

Пытанне ў тым, за якія менавіта грошы. У Еўропе за X8 просяць 200—220 еўра. Колькі апарат будзе каштаваць у нас і ці будзе наогул афіцыйна прадавацца — пакуль не зразумела. Можна меркаваць, што ў цяперашніх умовах з цаной да 900 рублёў мадэль магла б выглядаць вельмі прывабна.


HONOR i iншыя смартфоны можна набыць у Каталозе Onlíner

Android, экран 6.7" IPS (1080x2388) 90 Гц, Qualcomm Snapdragon 680, ОЗУ 6 ГБ, память 128 ГБ, камера 64 Мп, аккумулятор 4000 мАч, 2 SIM (nano-SIM)

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by