За час свайго больш чым 26-гадовага кіравання ў псіхіятрычным шпіталі Трэнтана доктар Генры Коттан правёў каля 650 аперацый, нібы спрабуючы вылечыць псіхічнахворых. Сёння ў гэта складана паверыць, але сто гадоў таму Коттан лічыўся свяцілам псіхіятрыі, нягледзячы на тое, што яго пацыенты пасля ўмяшання «доктара» паміралі сотнямі.
Трэба сказаць, што падрыхтоўка ў Генры была выдатная. Ён вучыўся ў Еўропе ў славутых псіхіятраў Эміля Крэпеліна і Алоіса Альцгеймера. Першы вядомы як заснавальнік сучаснай класіфікацыі псіхічных захворванняў, а другі ўвекавечаны за даследаванне старэчай дэменцыі, сёння куды больш вядомай як хвароба Альцгеймера.
Вярнуўшыся ў Амерыку ў пачатку XX стагоддзя, Генры Коттан стаў вучням Адольфа Мэера, які аказаў вялікі ўплыў на развіццё ўсёй амерыканскай псіхіятрыі. Цікава, што пры гэтым Мэер не пісаў кніг, а яго ідэі распаўсюджваліся праз артыкулы і студэнтаў. Коттан вучыўся ў Школе медыцыны ўніверсітэта Джонса Хопкінса, лепшай амерыканскай навучальнай установе, дзе выкладалі медыцыну.
Крэпелін, Альцгеймер, Мэер — усе гэтыя людзі былі волатамі ў галіне псіхіятрыі. Асабліва Адольф Мэер, які адным з першых даказаў, што прычынай псіхічных праблем з'яўляецца мозг. Праўда, нараўне з наватарскімі, рэвалюцыйнымі і карыснымі ідэямі былі ў яго і даволі дзіўныя тэорыі. Так, Мэер лічыў, што псіхічныя захворванні могуць вызывацца бактэрыяльнай інфекцыяй. Ён думаў пра гэта, назіраючы, як пацыенты з высокай тэмпературай трызняць і галюцыніруюць.
Зачараваны сваім настаўнікам, Коттан таксама загарэўся ідэяй, паводле якой коранем псіхічных праблем з'яўляюцца мікробы. Генры праходзіў практыку ў лепшай бальніцы ЗША — шпіталі Джонса Хопкінса. А ўжо ва ўзросце 30 гадоў пад адказнасць Мэера хлопца паставілі галоўурачом Трэнтанскай псіхіятрычнай бальніцы. На жаль, пад яго кіраўніцтвам шпіталь і сёння асацыюецца з бесчалавечнымі эксперыментамі, у выніку якіх загінулі сотні пацыентаў.
Генры Коттан не губляў часу дарма і адразу прыступіў да сваіх бесчалавечных працэдур, якія павінны былі «выратаваць» псіхічнахворых. Прытрымліваючыся ідэй свайго настаўніка, Генры не сумняваўся, што ва ўсім вінаватая інфекцыя. А тут яшчэ падаспела даследаванне, паводле якога выкліканы бактэрыямі сіфіліс прыводзіў да паразы мозгу і, як следства, да псіхічных праблем і прыдуркаватасці.
На жаль, да вынаходства пеніцыліну заставалася каля 20 гадоў, таму адзіным спосабам збавення ад інфекцыі, па сутнасці, заставалася ампутацыя інфіцыраванага органа. Коттан пачаў з выдалення карыёзных зубоў у пацыентаў сваёй бальніцы.
На дзіва, працэдура не заўсёды вылечвала ад вар'яцтва, затое перашкаджала размаўляць і правільна есці. Коттан прыйшоў да высновы, што прычына няўдач у тым, што інфекцыя распаўсюдзілася занадта далёка. У такім выпадку выдаляць трэба было іншыя «заражаныя» органы, уключаючы міндаліны, страўнік, селязёнку, яечнікі, тэсцікулы, тоўстую кішку.
Генры Коттан быў не толькі доктарам, але і добрым піяршчыкам. У шматлікіх публікацыях ён запэўніваў, што яму ўдалося вылечыць 85% пацыентаў. Зразумела, яго калегі былі ўражаныя, многія з іх імкнуліся пераняць «перадавыя» метады. Хірургія а-ля Коттан лічылася лепшым спосабам лячэння псіхічнахворых у той час.
Бацькі, якія падазравалі сваіх дзяцей у псіхічных расстройствах, запісваліся ў чаргу на гады наперад, каб паказаць дзіця свяцілу псіхіятрыі. Многія не хацелі доўга чакаць і патрабавалі ад сваіх урачоў праводзіць аперацыі ў стылі Коттана. Вельмі хутка папулярнасць доктара распаўсюдзілася за межы ЗША і дасягнула Еўропы. Яго радыкальныя метады лічыліся самымі надзейнымі ў лячэнні псіхічнахворых людзей.
Вядома, не ўсе калегі Коттана падзялялі яго погляды. Гучала і крытыка, у тым ліку адносна колькасці памерлых пасля працэдур Генры. Толькі афіцыйна ўзровень смяротнасці ў выніку аперацый доктара складаў уражлівыя 30%. Гэта значыць, паміраў кожны трэці пацыент. На гэта Коттан адказваў, што памерлыя хворыя ўжо да аперацыі знаходзіліся ў дрэнным фізічным стане і памерлі б нават без хірургічнага ўмяшання.
У 1919 годзе ў клініку прывялі Маргарэт Фішэр, дачку вельмі багатага, вядомага і ўплывовага эканаміста з Ельскага ўніверсітэта Ірвінга Фішара. Дзяўчыне паставілі дыягназ «шызафрэнія». У заключэнні Коттана ў якасці прычыны захворвання ўказвалася «сур'ёзная затрымка фекалій у сляпой кішцы з прыкметным пашырэннем тоўстай кішкі». Вынік? Маргарэт часткова выдалілі тоўстую кішку, пасля чаго яна неўзабаве памерла ад стрэптакокавай інфекцыі.
Вінавацілі Коттана і ў жорсткім абыходжанні з пацыентамі. У шматлікіх хворых развіўся страх перад аперацыйнай. Многія не згаджаліся на працэдуры, крычалі і супраціўляліся, аднак іх сілай адводзілі на аперацыю. Нейкім чынам у Генры атрымлівалася супакоіць тых, хто выказваў сумневы ў яго методыцы лячэння. У New York Times з гонарам пісалі, што Коттан замяніў медбратоў на медсясцёр, якія нібыта заспакаяльна дзейнічалі на хворых.
І ўсё ж проста так усё гэта прайсці не магло. Нават афіцыйная смяротнасць пацыентаў Генры Коттана расла. У 1924 годзе бальніцу ў Трэнтане наведаў сам Адольф Мэер. Па выніках наведвання яго занепакоілі статыстычныя справаздачы, якія прымяняліся для ацэнкі працы Коттана. У выніку Мэер папрасіў яшчэ адну сваю вучаніцу, Філіс Грынакр, расследаваць, што ж робіцца ў бальніцы.
Персанал шпіталя, вядома, не дапамагаў Філіс у яе расследаванні. Дабіцца чаго-небудзь ад пацыентаў таксама было праблематычна — у іх не было зубоў. Поўная рашучасці, Грынакр наўздагад выбрала для вывучэння справы 62 пацыентаў, якія сталі ахвярамі аперацый Коттана. Тое, што яна выявіла, шакавала яе.
Аказалася, што 17 пацыентаў памерлі непасрэдна падчас аперацыі або адразу пасля яе. Яшчэ некалькі чалавек прамучыліся некалькі месяцаў, перш чым памерці. Мяркуючы па запісах, з 62 пацыентаў цалкам паправіліся пяцёра, яшчэ ў траіх стан нібыта палепшыўся. Філіс звязалася з выпісанымі экс-хворымі. Аказалася, што на самой справе ў іх захаваліся праблемы з псіхікай. Гэта значыць, што «лячэбная хірургія» не дапамагла нікому ўвогуле.
Праз год скаргі на Коттана дайшлі да сената штата Нью-Джэрсі. Падцягнуліся абураныя члены сем'яў хворых і былыя супрацоўнікі бальніцы. Пачалося расследаванне, падчас якога Генры раптам… звар'яцеў. На жаль, на гэты раз доктару ўдалося сысці ад адказнасці.
У Коттана былі вельмі ўплывовыя заступнікі. Багатыя папячыцелі бальніцы заявілі, што цалкам давяраюць персаналу, а «славутыя лекары і хірургі засведчылі, што метады Коттана з'яўляюцца прагрэсіўнымі». Месяцы, якія патраціла на працу Філіс, таксама ні да чаго не прывялі. Прачытаўшы яе даклад, Адольф Мэер быў у шоку, але, імкнучыся захаваць кар'еру Коттана, адмовіўся публікаваць вынікі.
Увогуле, з часам сенат страціў цікавасць да справы Коттана і яго лякарні. У выніку Генры цудам «вылечыўся» ад вар'яцтва. Здаецца, ён адчуў сябе шмат лепш пасля таго, як выдаліў сабе некалькі зубоў. Заадно ён вырваў некалькі «падазроных» зубоў у жонкі і дваіх сыноў.
Коттан не толькі застаўся на чале Трэнтанскай бальніцы, але пачаў актыўна падарожнічаць па ЗША і Еўропе з лекцыямі. Ён таксама адкрыў прыватную клініку, дзе прымаў багатых кліентаў, якія не шкадавалі грошай на лячэнне «звар’яцелых» сваякоў.
У пачатку 1930-х ва ўзросце 54 гадоў Генры з пашанай выйшаў на пенсію і стаў ганаровым дырэктарам шпіталя. Гэта не перашкодзіла яму прыйсці да новай ідэі. Коттан выступіў за прэвентыўнае выдаленне тоўстай кішкі ў дзяцей, каб прадухіліць вар'яцтва і адвучыць ад «шкодных звычак» накшталт мастурбацыі. Ён таксама актыўна крытыкаваў стаматолагаў, якія лячылі зубы замест таго, каб выдаляць іх.
Дзякуючы гэтым абуральным прапановам супраць Генры Коттана ініцыявалі новае расследаванне. На гэты раз Адольф Мэер не змог абараніць свайго вучня. Аказалася, што смяротнасць сярод прааперыраваных доктарам пацыентаў дасягала 45%. Больш за тое, хворыя, якіх ён не «лячыў», ішлі на папраўку значна хутчэй.
Коттан і яго прыхільнікі абараняліся ад абвінавачванняў. Аднак вынікаў расследавання Генры не дачакаўся. Доктар памёр ад сардэчнага прыступу 8 траўня 1933 года. Мэер напісаў хвалебны некралог, нягледзячы на тое, што добра ведаў пра сотні фактычна забітых Коттанам пацыентаў. «Усе мы павінны аплакваць страту вялікага піянера, чый уплыў на псіхіятрыю меў і будзе мець манументальныя наступствы», — гаварылася ў некралогу.
Усяго Генры з памочнікамі выдаліў больш за 11 тысяч зубоў і правёў 645 складаных аперацый. Больш за 300 пацыентаў памерлі, многія засталіся калекамі. Мяркуючы па ўсім, да самай смерці Коттан так і не ўсвядоміў сваіх памылак. Больш за тое, хоць з распаўсюджваннем антыбіётыкаў у Трэнтанскай псіхіятрычнай бальніцы і перасталі праводзіць жудасныя аперацыі, але да канца 1950-х гадоў з задавальненнем выдалялі пацыентам зубы па запаветах легендарнага галоўнага ўрача.
Да ахвяр Коттана можна аднесці і яго сыноў. Абодва яны ў сталым узросце пакончылі з сабой.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове
Перепечатка текста и фотографий Onlíner запрещена без разрешения редакции. ng@onliner.by