11 972
12 октября 2022 в 8:00
Источник: Зміцер Адашкевіч

Самая дарагая кніга ў свеце. Як Біл Гейтс патраціў $56 мільёнаў на рэдкі рукапіс

Источник: Зміцер Адашкевіч

Якую кнігу Біл Гейтс мог бы зрабіць самай дарагой у свеце? Можа, «Біблію»? Не, неяк гэта не вяжацца з асобай заснавальніка Microsoft. А вось адзіны захаваны манускрыпт, уласнаручна напісаны Леанарда да Вінчы, ужо іншая справа. Навошта ж Гейтсу спатрэбілася самая дарагая ў свеце кніга? Што ў ёй напісана і чым яна каштоўная?

«Трактат пра ваду, зямлю і нябесныя целы»

Рукапіс уяўляе сабой нататнік з 18 падвойных лістоў паперы, укладзеных адзін у другі. Атрымліваецца 72 старонкі памерам па 29×22 см. На кожнай старонцы змяшчаецца каля тысячы слоў. Тэкст разбаўляюць розныя ілюстрацыі, схемы, дыяграмы і тлумачэнні.

Лічыцца, што першапачаткова вокладка нататніка была скураной, аднак у нейкі момант яе замянілі на папяровыя лісты. Тэкст напісаны на італьянскай мове, але так званым «люстраным шыфрам», вынайдзеным самім да Вінчы. Прачытаць яго можна толькі з выкарыстаннем люстэрка.

Усе запісы зроблены на працягу прыкладна шасці гадоў, у перыяд з 1504 па 1510 год. Леанарда да Вінчы працаваў над тэкстам у Мілане ці ў Фларэнцыі, а можа, і там, і там. Што ж напісана ў сшытку, які лічыцца самай значнай навуковай працай вучонага і мастака?

У пачатку XVI стагоддзя да Вінчы быў захоплены вывучэннем навакольнага свету. Леанарда разважаў на тэмы паходжання вады, паветра, мінералаў, нябесных целаў (асабліва Месяца). Яго развагі аб прыродзе гэтых і іншых рэчаў ляглі ў аснову рукапісу. Нездарма трактат так і названы — «Пра ваду, зямлю і нябесныя целы».

Сёння працы да Вінчы могуць здацца наіўнымі і шмат у чым памылковымі. Аднак для свайго часу гэта былі смелыя разважанні, многія з якіх апярэдзілі навуковыя адкрыцці, якія пазней пацвердзілі іх. Увогуле, гэта была мэтанакіраваная спроба разумнага чалавека спазнаць навакольны свет з дапамогай абмежаваных інструментаў таго часу.

У сшытку ледзь не на кожнай старонцы Леанарда да Вінчы прасоўваў ідэю Зямлі як адзінага арганізма. Паветра ён называў душой свету, глебу — яго целам, а рэкі — крывёй. З гэтай цэнтральнай ідэі зыходзілі астатнія разважанні аб планеце як велізарным жывым арганізме, усе «органы» якога цесна ўзаемазвязаныя.

Паколькі, як лічыў да Вінчы, любы арганізм — гэта механізм, які можна палепшыць, то і навакольны свет можна палепшыць з дапамогай розных вынаходстваў. Адгэтуль — шмат тэксту пра неабходнасць і асаблівасці ўладкавання штучных каналаў, пра будаўніцтва мастоў і плацін. У цэлым вадзе ў трактаце аддадзена больш за ўсё ўвагі. Навуковец пісаў пра рэкі, цячэнні, пра ўплыў на іх перашкод і пра асаблівасці паводзін вады ў розных умовах — у вадаёмах, басейнах і г. д.

Таксама да Вінчы першым выказаў здагадку, што горы раней утваралі марское дно. Толькі паступова паднімаючыся, яны ў выніку і ўтварылі тое, што стала горнымі масівамі. Да такой высновы навуковец прыйшоў дзякуючы таму, што ў гарах часта можна было знайсці скамянелыя рэшткі марскіх істот.

А вось разважаючы пра Месяц, да Вінчы дапусціў звыклую для яго часу памылку. Ён лічыў, што калі Зямля спярэшчаная рэкамі, пакрытая морамі і акіянамі, то і Месяц павінен мець аналагічную будову. Леанарда выказаў меркаванне, што натуральны спадарожнік Зямлі пакрыты вадой. Яна адлюстроўвае сонечнае святло, і таму Месяц так свеціцца. Праўда, па гіганцкім месяцавым акіяне ўвесь час рухаюцца хвалі, з-за чаго святло рассейваецца і Месяц свеціць не так ярка, як Сонца.

Затое да Вінчы за сотню гадоў да Кеплера выказаў здагадку, што цёмная частка Месяца адлюстроўвае святло не ад Сонца, а ад Зямлі. Гэтым ён тлумачыў больш цьмянае свячэнне часткі спадарожніка. Дарэчы, тут жа навуковец зрабіў пазнаку на палях, у якой сам сабе нагадваў аб неабходнасці «зрабіць шкло, каб разгледзець Месяц бліжэй». Гэта было амаль за сотню гадоў да вынаходства тэлескопа.

Апошні запіс у блакноце да Вінчы зрабіў у 1510 годзе. Пасля гэтага ён практычна ўвесь свой час прысвячаў вывучэнню анатоміі чалавека, якой, зразумела, не было месца ў «Трактаце пра ваду, зямлю і нябесныя целы». Неўзабаве вучоны пераехаў у Францыю, дзе займаўся арганізацыяй прыдворных свят і планаваннем будаўніцтва новага палаца. У 1519 годзе вялікі італьянец памёр, а яго манускрыпт знік.

Лёс рукапісу

Хутчэй за ўсё, нататнік дастаўся Франчэска Мельцы, вучню і сябру да Вінчы. Справа ў тым, што менавіта Мельцы атрымаў практычна ўсю спадчыну Леанарда і ў наступныя паўстагоддзя заставаўся распарадчыкам яго маёмасці. Як мяркуецца, нейкім чынам потым нататнік апынуўся ў руках Джавані дэла Порта, вучня Мікеланджэла.

Дакладная рэпліка рукапісу

Зрэшты, гэта ўсе здагадкі, аднак дакладна аб лёсе манускрыпта на працягу паўтара стагоддзя нічога не было вядома. Затое дакладна вядома, што рукапіс знайшоўся ў 1690 годзе. Яго адшукаў мастак і першы сакратар Акадэміі Святога Лукі Джузэпэ Геццы. Сшытак апынуўся ў Рыме ў куфры нейкага міланскага скульптара (выказваюцца здагадкі, што гэта якраз і быў дэла Порта, вучань Мікеланджэла).

Геццы валодаў запісамі да Вінчы да 1717 года, пакуль не вырашыў прадаць іх англічаніну Томасу Коку, графу Лестэр. Ад яго тытула «Трактат пра ваду, зямлю і нябесныя целы» атрымаў новую назву, пад якой быў вядомы наступныя больш за 200 гадоў — «Лестэрскі кодэкс». Да канца 1970-х гадоў нататнікам валодалі нашчадкі Кока. Увесь гэты час рукапіс знаходзіўся ў замку Холкхэм-Хол у паўночным Норфалку.

Томас Кок

Бліжэй да XXI стагоддзя сталася так, што спадчыннікі Томаса загразлі ў даўгах. Рукапіс да Вінчы бачыўся ім выратаваннем і магчымасцю разлічыцца. Сшытак выставілі на продаж. Лотам зацікавіўся спецыяліст па аднаўленні старажытных рукапісаў Карл Перэцці. Праўда, у яго не было такіх грошай, таму ён звярнуўся да свайго знаёмага, багатага прамыслоўца і калекцыянера Армана Хамера. Ён і выкупіў блакнот у 1980 годзе за $5,1 мільёна, што сёння з улікам інфляцыі складае каля $17 мільёнаў.

За больш чым 400 гадоў не самага беражлівага захоўвання рукапіс моцна струхлеў. Перэцці ўзяўся за карпатлівую працу па аднаўленні нататніка, а заадно і за пераклад тэксту на англійскую мову. Для гэтай працы спатрэбілася сем гадоў. А яшчэ праз тры гады Арман Хамер памёр.

Спадчыннікі ставіліся да рукапісу да Вінчы з большага абыякава, а таму яго зноў вырашылі прадаць. На гэты раз пакупніком выступіў Каліфарнійскі ўніверсітэт. Праўда, сума здзелкі не выдаецца. Зрэшты, доўга ў сценах установы блакнот не прабыў. Праз некалькі гадоў яго выставілі на аўкцыён Christie's. Менавіта там падчас таргоў у 1994 годзе рукапіс і купіў заснавальнік Microsoft.

У руках «айцішніка»

На момант таргоў Біл Гейтс быў зусім маладым 39-гадовым бізнесменам. Ён нядаўна ажаніўся, у яго яшчэ не было дзяцей. Аднак ужо тады поспехаў Microsoft было дастаткова для таго, каб траціць мільёны долараў на што захочацца. І добра, што Білу захацелася стаць уладальнікам працы Леанарда да Вінчы.

За сшытак вучонага Гейтс заплаціў $30,8 мільёна. Сёння з улікам інфляцыі гэта больш за $56 мільёнаў. Улічваючы гэта, да сённяшняга часу, амаль праз 30 гадоў, «Трактат пра ваду, зямлю і нябесныя целы» застаецца самай дарагой кнігай у свеце. Для параўнання, на другім месцы знаходзіцца Канстытуцыя ЗША, якая ацэньваецца ў $45 мільёнаў.

Добра, што Біл Гейтс купляў рукапіс не для таго, каб замкнуць яго ў сейфе і забыцца, здавольваючыся самім фактам валодання найкаштоўнейшым нататнікам. Па яго замове сшытак пастаронкава адсканавалі. Пазней некаторыя са сканаў распаўсюджваліся ў выглядзе шпалер для працоўнага стала ў Windows 95 і Windows 98. Акрамя таго, усе старонкі працы да Вінчы былі выпушчаныя на асобным CD у 1997 годзе.

Таксама Біл Гейтс аб'явіў пра запуск праекта Codescope. Гаворка пра віртуальную копію працы да Вінчы з элементамі інтэрактыўнасці. Такі віртуальны блакнот можна гартаць, можна перакладаць асобныя ўрыўкі тэксту, прайграваць аніміраваныя малюнкі і глядзець відэа з рэканструкцыяй апісаных вялікім навукоўцам доследаў (у асноўным з вадой). Пра праект было абвешчана чатыры гады таму, аднак дагэтуль нічога новага пра яго не чуваць.

Сам сшытак Леанарда да Вінчы быў развязаны, а кожная старонка асобна ўстаўлена паміж дзвюма панэлямі са шкла. Штогод гэтыя старонкі выстаўляюцца ў розных гарадах свету. У перапынках паміж паездкамі шэдэўр выстаўляецца ў Мастацкім музеі Сіэтла.

Onlíner рекомендует
экран 6" E-Ink Carta, 758 x 1024, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти, Wi-Fi
Onlíner рекомендует
11-го поколения, экран 6.8" E-Ink Carta, 1236 x 1648, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, Wi-Fi

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by