Вучоны або шарлатан? Брытанец выпадкова стварыў у прабірцы «жыццё з электрычнасці»

9042
06 октября 2022 в 8:00
Источник: Зміцер Адашкевіч

Вучоны або шарлатан? Брытанец выпадкова стварыў у прабірцы «жыццё з электрычнасці»

Источник: Зміцер Адашкевіч

Вы наўрад ці чулі пра вучонага Эндру Кроса. У падручніках пра яго нічога не пішуць, у школах-універсітэтах не вывучаюць. Аднак у свой час (у першай палове XIX стагоддзя) пра яго казалі ўсе, хто хоць трохі цікавіўся навукай. А ёй тады цікавіліся ўсе, бо навука здавалася новым відам магіі. Таму мала хто сумняваўся, калі папаўзлі чуткі аб тым, што Эндру Крос зрабіў дагэтуль немагчымае — стварыў штучнае жыццё ў прабірцы. Без моднай у той час электрычнасці, вядома, не абышлося.

Магія электрычнасці

Да 1830-х гадоў пра Эндру Кроса як вучонага мала хто што ведаў. Яго дзяцінства прайшло на паўднёвым захадзе Англіі. Жыў ён у сям'і заможных арыстакратаў, з дзяцінства падарожнічаў з бацькамі па Францыі, прыстойна вучыўся. У 1796-м, калі Эндру было 12 гадоў, ён угаварыў свайго настаўніка ўзяць яго з сабой на лекцыю па прыродазнаўчых навуках, прысвечаную электрычнасці.

Другая палова XVIII стагоддзя — час, калі пачынаўся росквіт цікавасці да загадкавай прыроднай сілы, якую назвалі «электрычнасцю». Многія ўспрымалі праявы электрычнага току як магію. Магію, магчымасці якой здаваліся дзіўнымі і бязмежнымі. Юны Крос таксама зацікавіўся малавядомай з'явай і з галавой акунуўся ў яе вывучэнне.

Найбуйнейшы фізік тых часоў, Майкл Фарадэй, чытае лекцыю і дэманструе эксперыменты с электрычнасцю

У шостым класе Эндру пачаў эксперыментаваць з электрычнасцю і самастойна пабудаваў свой варыянт першага электрычнага кандэнсатара — лейдэнскую банку. Пасля школы Крос паспеў пару гадоў павучыцца ў Оксфардзе на адваката, аднак неўзабаве пакінуў нялюбую справу. У пачатку XIX стагоддзя памерлі яго бацькі, таму 21-гадовы хлопец вырашыў вярнуцца ў радавы маёнтак Файн Корт. Там ён цалкам аддаўся любімай справе — эксперыментам з электрычнасцю.

У адным з мноства пакояў Эндру ўладкаваў лабараторыю, якую ён назваў «Электрычны пакой». Менавіта там у наступныя некалькі дзясяткаў гадоў ён і праводзіў свае эксперыменты. З гэтай мэтай ён пабудаваў вялізны апарат для даследавання атмасфернай электрычнасці, да якога падвёў ізаляваны кабель даўжынёй больш за два кіламетры.

Эндру Крос

Таксама Эндру Крос адным з першых у Англіі пабудаваў вялізныя гальванічныя батарэі, якія мог зараджаць і разраджаць каля 20 разоў у хвіліну. Дзеянне суправаджалася гучным гукам, параўнальным са стрэлам з гарматы. Кажуць, за час эксперыментаў у сваім маёнтку Крос пабудаваў каля 2500 гальванічных слупоў. Не дзіўна, што ў акрузе вучонага-самавучку называлі «чалавекам грому і маланак».

Эндру не абмяжоўваўся эксперыментамі і спрабаваў прыстасаваць свае доследы да чаго-небудзь практычнага. Так, з дапамогай электролізу ён навучыўся аддзяляць медзь ад руды, чысціць віно і брэндзі (пагадзіцеся, вельмі карысны навык!), нават крыху працаваў над стварэннем гучнагаварыцеля.

Зараз на месцы Файн Корт

Апроч электрычнасці, Кроса цікавіла мінералогія, а менавіта стварэнне крышталічных адкладаў у пячорах. Аб'яднаўшы абодва захапленні, навуковец эксперыментаваў з электракрышталізацыяй. Напрыклад, вылучаў карбанат кальцыю з вады, узятай з размешчанай непадалёк ад маёнтка пячоры. Менавіта з электракрышталізацыяй звязана шуміха, якая паднялася ў выніку аднаго з доследаў Эндру.

Жыццё з прабіркі і электрычнасці

Надзеямі на стварэнне штучнага жыцця прасякнута ўся навука Сярэднявечча і часткова Новага часу. Самыя магутныя навукоўцы свайго часу раз-пораз разыходзіліся на ўсю, спрабуючы вывесці гамункулуса — маленькага чалавечка, створанага штучным шляхам у лабараторыі.

Праўда, да XIX стагоддзя акадэмічная супольнасць ужо саспела для таго, каб абвінаваціць усякага роду алхімікаў у невуцтве і навуковай няздольнасці. Тым больш дзіўна, што Эндру Крос, які вырас у гэтым асяроддзі, стаў адным з тых, хто вярнуўся да пытання вырошчвання штучнага жыцця.

Усё пачалося ў 1837 годзе, калі Эндру Кросу было 53 гады. Нягледзячы на тое, што ён не заканчваў профільных універсітэтаў, а быў самым што ні на ёсць вучоным-аматарам, яго працы да таго часу ўжо прызнаваліся навуковай супольнасцю. Незадоўга да скандальнай заявы мужчыну нават запрасілі выступіць у прэстыжнай Брытанскай асацыяцыі садзейнічання развіццю навукі. Там ён паказаў удасканаленую гальванічную батарэю з уласнымі дапрацоўкамі, а таксама распавёў пра атмасферныя эксперыменты і доследы па электракрышталізацыі.

Праз некалькі месяцаў пасля вяртання ў Файн Корт навуковец задумаў новы эксперымент з электракрышталізацыяй. Ён узяў порыстую вулканічную пароду, якую ўвесь час арашаў сумессю з вады, сілікату калію і салянай кіслаты. Праз два правады, падлучаныя да гальванічнай батарэі, прапускаўся ток. У ходзе доследаў Эндру разлічваў атрымаць крышталі крэменязёму.

Аднак замест крышталёў крэменязёму праз два тыдні пасля пачатку доследаў Крос выявіў на вулканічнай пародзе маленькія белыя нарасты. На 18-ты дзень вучоны адзначыў павелічэнне нарастаў і заўважыў, што з іх тырчаць доўгія ніткі. Стала відавочна, што гэта не сінтэтычныя матэрыялы, якія спрабаваў атрымаць Эндру, а нешта такое, што не паддаецца разуменню.

«На 26-ты дзень з нарастаў сталі з'яўляцца насякомыя. Яны стаяць прама на некалькіх шчацінках, якія ўтвараюць хвост. На 28-мы дзень гэтыя маленькія істоты заварушылі нагамі. Павінен сказаць, што я нямала здзіўлены. Праз яшчэ некалькі дзён казуркі канчаткова аддзяліліся ад каменя і сталі з задавальненнем бегаць», — пісаў пазней навуковец.

На працягу некалькіх наступных тыдняў на камені з'явілася каля сотні дзіўных жукоў. Вывучыўшы іх пад мікраскопам, Крос даведаўся, што ў некаторых з іх было па шэсць ног, а ў іншых — па восем.

Збянтэжаны ўбачаным, навуковец распавёў пра тое, што адбылося, пары сяброў. Неўзабаве аб эксперыменце даведаліся журналісты, мясцовая газета апублікавала артыкул пра «незвычайны досвед». Артыкул падхапілі газеты спачатку па ўсёй краіне, а потым і па ўсёй Еўропе. Крос стаў атрымліваць лісты з пагрозамі забойствам і абвінавачваннямі ў тым, што ён спрабуе выставіць сябе Творцам.

Многія навукоўцы паспрабавалі паўтарыць эксперыменты Кроса. Тады пагаворвалі, што ў некаторых з іх атрымаліся такія ж вынікі — з насякомымі, якія ўзніклі з ніадкуль. Праўда, ніякіх навуковых публікацый на гэты конт не было. Хутчэй за ўсё, чуткі запускалі ўсё тыя ж газеты, якія падагравалі цікавасць чытачоў. Казалі нават, быццам Майкл Фарадэй, які карыстаўся безумоўным навуковым аўтарытэтам, паўтарыў доследы Кроса з аналагічнымі вынікамі. Насамрэч Фарадэй і не спрабаваў праводзіць такіх эксперыментаў.

Дакладна вядома толькі тое, што аналагічныя доследы зрабілі члены Лонданскага электрычнага таварыства. І ў іх не атрымалася вывесці ніякіх жукоў ці нават падабенства жыцця.

А ці былі казуркі?

Як ні дзіўна, але, хутчэй за ўсё, былі. Па-першае, да свайго скандальнага эксперымента Эндру Крос ні разу не быў заўважаны ў імкненні «хайпануць». Гэта быў тыповы вучоны-арыстакрат, якому было дастаткова дзіўных навуковых адкрыццяў і які не імкнуўся зарабіць сабе сумнеўную рэпутацыю за кошт дурных выдумак. Па-другое, у Файн Корт прыязджалі многія калегі Эндру і сваімі вачамі бачылі насякомых.

Дык няўжо Крос стаў першым у гісторыі чалавецтва навукоўцам, які знайшоў сакрэт стварэння штучнага жыцця? Хай не гамункулуса, але цалкам жывых жукоў. Вядома ж, не. Больш за тое, сам Эндру ніколі не сцвярджаў, што стварыў жыццё ў прабірцы з дапамогай электрычнасці. Пра гэта пісалі газеты, але не Крос.

«У 1837 годзе містар Крос праводзіў некаторыя эксперыменты па электракрышталізацыі. У ходзе доследаў у асяроддзі, звычайна пагібельнай для жыцця, з'явіліся казуркі. Містар Крос усяго толькі канстатаваў факт гэтай з'явы, якая была для яго зусім нечаканая і адносна якой ён ніколі не вылучаў ніякіх тэорый», — пісала пазней у сваіх мемуарах жонка Эндру Кроса.

Сам вучоны лічыў, што стаў сведкам з'яўлення нейкага падвіду кляшчоў, які ён назваў Acarus Electricus. Зрэшты, Крос тут жа адзначаў, што не разбіраецца ў «пародах» кляшчоў і ў цэлым не адважваецца выказаць нават здагадак аб прыродзе іх з'яўлення.

Прыгожы пылавы клешч

І ўсё ж як сапраўдны вучоны Эндру Крос не мог не паспрабаваць разабрацца ва ўсёй гэтай загадкавай гісторыі. Ён паўтарыў эксперымент яшчэ шмат разоў, увесь час мяняючы набор матэрыялаў. Вынікі, аднак, заўсёды былі падобныя — з’яўленне нарастаў, з якіх нараджаліся Acarus Electricus. Больш за ўсё вучонага здзіўляла тое, што жукі выжываюць у такім неспрыяльным для жыцця асяроддзі. Аднойчы ён нават выкарыстоўваў у доследах хлор. Пры гэтым казуркі ўсё яшчэ фарміраваліся, аднак заставаліся нерухомымі, не праяўляючы аніякіх прыкмет жыццядзейнасці.

Крос меркаваў, што ў яго ўзорах утрымліваліся яйкі насякомых, якія «саспелі» пад дзеяннем электрычнага току. Праўда, Эндру бянтэжыла, што ён не знаходзіў рэшткаў шкарлупіны, а жукі фактычна вырасталі з белых нарастаў на камені. Дык што ж гэта ўсё ж было? Сёння прынята лічыць, што насякомыя Эндру Кроса — гэта звычайныя сырныя (ёсць і такія), або пылавыя, кляшчы, якія забрудзілі лабараторыю і прылады навукоўца.

Пасля свайго дзіўнага адкрыцця Крос пражыў яшчэ 18 гадоў, у тым ці іншым выглядзе паўтараючы эксперымент з электракрышталізацыяй і жукамі. На жаль, шматлікія працы навукоўца згарэлі разам з маёнткам Файн Корт у 1894 годзе.

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. dm@onliner.by