Шпіён з цыянідам. Як бейсбаліст-інтэлектуал паляваў на нацысцкіх вучоных

10 729
09 сентября 2022 в 8:00
Источник: Зміцер Адашкевіч

Шпіён з цыянідам. Як бейсбаліст-інтэлектуал паляваў на нацысцкіх вучоных

Источник: Зміцер Адашкевіч

Морыс Берг — унікальны чалавек. Бліскучы бейсбаліст, выбітны інтэлектуал, а яшчэ — шпіён і паляўнічы на нацысцкіх навукоўцаў. Менавіта ён зрабіў усё, каб ядзерная праграма нацыстаў не ўвасобілася ў рэальнасці. Морыс высачыў нямецкага ядзершчыка Вернера Гейзенберга з намерам застрэліць яго падчас лекцыі. Але нешта пайшло не так.

Як вялікі бейсбаліст стаў шпіёнам

Мо нарадзіўся ў 1902 годзе ў сям'і заможных яўрэяў, якія калісьці перабраліся з Украіны ў Амерыку. Яго бацька быў паспяховым фармацэўтам і ўладальнікам некалькіх аптэк, маці — хатняй гаспадыняй.

У дзяцінстве сям'я даволі часта пераязджала, шукаючы прыстойныя раёны з добрымі школамі і суседзямі. Дзесьці паміж гэтымі пераездамі хлопец знайшоў сваё прызванне. У сем гадоў ён пад псеўданімам Рант Вульф стаў гуляць у дзіцячай бейсбольнай камандзе епіскапальнай царквы Ньюарка.

Цікава, што спорт не перашкаджаў вучобе. Морыс выдатна скончыў школу і пры гэтым у 16 гадоў увайшоў у так званую «каманду мары» — спіс самых шматабяцаючых маладых бейсбалістаў. Удала сумяшчаць вучобу і спорт Берг працягнуў ва ўніверсітэце. Хлопец спасцігаў прамудрасці сучаснай лінгвістыкі, адначасова паказваючы цуды рэзультатыўнасці ў бейсбольнай камандзе Прынстанскага ўніверсітэта.


Выбор покупателей
Onlíner рекомендует
фитнес-браслет, поддержка Android/iOS, экран AMOLED 1.62" (192x490, сенсорный), шагомер, пульсометр, время работы: 2 недели, корпус: пластик, браслет: силикон
умные часы, поддержка Android/iOS, экран AMOLED 1.39" (454x454, сенсорный), шагомер, пульсометр, время работы: 5 недель 3 суток, корпус: сталь, браслет: кожа

Больш за тое, Морыс нават здолеў сумясціць спорт з лінгвістыкай. Мо дасканала ведаў сем замежных моў, а таксама мёртвыя санскрыт і латынь. Дык вось, у камандзе з Бергам гуляў яшчэ адзін лінгвіст. Хлопцы ўвесь час абмяркоўвалі тактыку, размаўляючы на латыні. Ні калегі, ні супернікі іх не разумелі, затое яны вольна ажыццяўлялі любыя ідэі, гучна перагаворваючыся проста на полі.

Бацька спартыўныя захапленні сына не ўхваляў. Фармацэўт выдаткоўваў велізарныя грошы на навучанне ва ўніверсітэце, а будучыні ў бейсболе не бачыў. Сталы Берг нават адмовіўся размаўляць з сынам, калі той у 1923 годзе атрымаў прапанову на ўдзел у прафесійнай лізе ў складзе каманды «Бруклін Робінз». За кантракт яшчэ зусім маладому хлопцу заплацілі $5 тысяч (сёння гэта каля $90 тысяч). Бацька сцвярджаў, што бейсбол — стварэнне букмекераў, у якім на пацеху публіцы ўдзельнічаюць «надзьмутыя» атлеты, лёс якіх — стаць інвалідамі задоўга да старасці.

Морыс так не лічыў. Яму падабалася гуляць у бейсбол, і ён вырашыў скарыстацца шанцам. Ён правёў нядрэнны, але далёка не бліскучы першы сезон. Звыклы ва ўсім быць першым, Берг задумаўся аб перапынку і махнуў у Парыж. Там ён запісаўся адразу на 32 курсы ў Сарбону. У Францыі ў яго з'явілася звычка, якую ён захоўваў да канца жыцця. Морыс прачытваў дзясятак газет у дзень і лічыў іх «жывымі», пакуль не заканчваў чытаць цалкам. Пакуль газета была «жывой», да яе нікому нельга было дакранацца. Калі газета станавілася «мёртвай» (гэта значыць, Мо яе дачытваў), яе мог забіраць хто заўгодна.

Неўзабаве Берг растраціў усе грошы і вярнуўся ў Нью-Йорк. Аднак форму ён ужо паспеў страціць і пару гадоў нічога талковага ў бейсболе не паказваў. Толькі з дапамогай спартыўнай злосці Морысу ўдалося павысіць свой рэйтынг і вярнуцца ў прафесійную лігу.

Наступны дзясятак гадоў узвёў Морыса Берга на пік бейсбольнай славы. Ён стаў адным з лепшых кетчараў таго часу. Славе не перашкодзіла нават сур'ёзная траўма калена. Галоўнае — у Мо была гіганцкая база фанатаў, якія шанавалі не толькі яго спартыўныя якасці, але таксама харызму, эрудыцыю і выдатны розум.

Аднойчы Берг удзельнічаў у віктарыне, дзе адказаў на ўсе пытанні вядучага. А ў 1934 годзе ён у складзе іншых амерыканскіх зорак бейсбола наведаў Японію. Там 32-гадовы спартсмен зноў здзівіў усіх, выступіўшы з прывітальнай прамовай на японскай мове. А яшчэ гэта, магчыма, было першае шпіёнскае падарожжа Мо.

Дакладных звестак пра тое, хто і калі завербаваў вялікага бейсбаліста, няма. Лічыцца, што ўсё адбылося напярэдадні знакамітай паездкі ў Японію. Вядома, што Морыс не ўдзельнічаў у сяброўскім матчы з японцамі. Спаслаўшыся на дрэннае самаадчуванне, ён неўзабаве паехаў у лякарню да дачкі амерыканскага амбасадара ў Японіі. Бальніца гэтая была адным з самых высокіх будынкаў у Токіа. Да палаты Мо так і не дайшоў, затое забраўся на дах будынка і на кішэнную кінакамеру зняў панараму горада і порта. Падчас Другой сусветнай вайны гэтыя кадры выкарыстоўваліся амерыканскай разведкай для планавання паветраных нападаў на Токіа.

Пасля Японіі каманда амерыканскіх зорак адправілася дадому, а ў Берга раптам зноў з'явілася цяга да падарожжаў. Захапіўшы сваю кінакамеру, ён выправіўся на Філіпіны, у Карэю і нават Маскву. Што ён там рабіў, да гэтага часу дакладна невядома, аднак у 1935 годзе Мо вярнуўся дадому.

Пасля вяртання справы з бейсболам не пайшлі. Морыс гуляў рэдка, добрых вынікаў больш не паказваў. У 1939 годзе ён завяршыў кар'еру, але яшчэ тое-сёе паспеў зрабіць для бейсбола. Берг актыўна ўдзельнічаў у радыёвіктарынах і як раз там паказваў бліскучыя вынікі. Па словах трэнераў, сваёй эрудыцыяй ён зрабіў для папулярызацыі бейсбола больш, чым многія вялікія спартсмены. А потым пачалася вайна…

Паляўнічы на вучоных

Паводле афіцыйнай біяграфіі, запісы Токіа, якія Берг зрабіў падчас візіту ў тады яшчэ мірную Японію, пасля пачатку вайны заўважылі ва Упраўленні стратэгічных службаў (пазней гэтую арганізацыю перайменавалі ў ЦРУ). У пачатку 1942 года яго выклікалі ў галоўны офіс упраўлення і прапанавалі папрацаваць на радзіму ў якасці шпіёна/разведчыка. Морыс пагадзіўся адразу.

Спачатку 40-гадовага бейсбаліста-інтэлектуала адправілі ў Лацінскую Амерыку. Аднак не прайшло і года, як Берг разам з некалькімі іншымі агентамі папрасіў у кіраўніцтва пераводу ў больш «гарачыя месцы». Краіны Паўднёвай Амерыкі пагрозы для ЗША не ўяўлялі, знаходзіцца там было сумна і бескарысна.

Просьбу Морыса задаволілі — яго прызначылі куратарам супраціву нацыстам у Югаславіі. Кажуць, менавіта Берг вызначыў Іосіпа Броз Ціта ў якасці самага перспектыўнага лідара югаслаўскага супраціву.

А ўжо ў канцы 1943 года Мо прызначаюць вядучым агентам у праекце AZUSA. Мэтаў было некалькі. Па-першае, трэба было выйсці на вядомых італьянскіх і нямецкіх фізікаў, каб угаварыць іх пераехаць у ЗША. Роля самая прыдатная для харызматычнага і эрудзіраванага Берга. Але было і яшчэ нешта: трэба было выведаць як мага больш інфармацыі пра вядучага тэарэтыка нямецкага ядзернага праекта — Вернера Гейзенберга.

Нямецкі эксперыментальны атамны рэактар

На працягу практычна ўсяго 1944 года Морыс Берг калясіў па Еўропе, шукаў фізікаў-ракетчыкаў і размаўляў з імі. Некаторых удалося пераканаць пакінуць Еўропу і перабрацца ў ЗША. А вось з Гейзенбергам сітуацыя заставалася складанай. Нямецкая ядзерная праграма, вядомая як «Уранавы праект», — асобная гісторыя. Досыць сказаць, што Вернер выконваў у ёй ключавую ролю і на працягу апошніх пяці гадоў пад яго кіраўніцтвам ставіліся розныя эксперыменты, як удалыя, так і правальныя.

Нягледзячы на тое, што ў праграме ўдзельнічала больш за два дзясяткі кампаній, усё было максімальна засакрэчана. Навукоўцаў ахоўвалі, кола іх зносін было моцна абмежавана, а кантакты з навакольным светам па сутнасці зведзены да нуля. Ніводны навуковец, з якімі гутарыў Берг, нічога талковага не змог распавесці ні пра Гейзенберга, ні пра тое, як далёка ён зайшоў у стварэнні ядзернай зброі.

Вернер Гейзенберг

Раптам — нечаканы поспех! У самым канцы снежня 1944 года Вернеру дазволілі паехаць у Швейцарыю на канферэнцыю, прысвечаную квантавай фізіцы. Там ён павінен быў прачытаць лекцыю пра матрычную механіку і суадносіны нявызначанасцей. На гэтую ж лекцыю неймавернымі намаганнямі патрапіў і Морыс Берг. У яго было заданне, пісталет і зашытая ў каўнер капсула з цыянідам.

У рамках задання Бергу даручылі ўважліва праслухаць лекцыю Гейзенберга і на яе падставе зрабіць высновы аб гатоўнасці нямецкага ядзернага праекта. Калі Морыс вырашыць, што нацысты блізкія да стварэння атамнай зброі, ён павінен быў застрэліць Гейзенберга і, калі не атрымаецца схавацца, раскусіць ампулу з атрутай.

Ёсць розныя версіі, што адбылося далей. Усе яны адрозніваюцца ў дробязях і нюансах, але сыходзяцца ў цэлым. Морыс патрапіў на лекцыю нацысцкага навукоўца. Але вось бяда — ні слова пра ядзерную праграму немцаў, толькі квантавая фізіка, нічога карыснага. Зразумела, Берг не змог зрабіць высновы аб ступені гатоўнасці праекта. Дык што ж — заданне правалена? Не.

Морыс пракраўся на вячэру, дзе сабраліся ўдзельнікі канферэнцыі ў Цюрыху. Там амерыканец на максімум выкруціў сваё абаянне і змог убіцца ў ласку да Гейзенберга, прадставіўшыся турыстам, які цікавіцца квантавай фізікай. Уявіце, наколькі трэба быць пераканаўчым, каб прымусіць кагосьці паверыць у гэта.

Берг прапанаваў праводзіць Гейзенберга да гатэля. Падчас шпацыру ўдалося адвязацца ад дакучлівых калег Вернера і нарэшце пагаварыць з вучоным па душах. Аказалася, што для стварэння ядзернай зброі немцам трэба было яшчэ не менш за пяць гадоў, а сам Гейзенберг прызнаўся ў непрыманні нацысцкага рэжыму і быў рады непазбежнай паразе роднай краіны-агрэсара. Берг з палёгкай выдыхнуў, напрыканцы выпіў з Вернерам і сышоў. Навуковец так і не даведаўся, што знаходзіўся на валасінку ад гібелі.

Незадоўга да перамогі саюзнікаў Морыс Берг вярнуўся дадому і звольніўся са службы. Праз некалькі гадоў яго паспрабавалі зноў прыцягнуць да працы агента, і Мо нават пагадзіўся. Ён павінен быў падняць старыя сувязі і высветліць падрабязнасці савецкага атамнага праекта. Хітры Берг узяў за працу $10 тысяч (каля $120 тысяч на цяперашні час) плюс сродкі на выдаткі. Аднак у выніку ЦРУ не атрымала нічога, акрамя некалькіх паперак, якія не ўяўлялі ніякай каштоўнасці.

Наступныя 20 гадоў жыцця ў Мо не было працы. Ён жыў у сяброў і сваякоў, якія цярпелі яго праз харызму. Калі ўзнікала пытанне, чым жа ён зарабляе на жыццё, Берг шматзначна прыкладваў да вуснаў указальны палец, намякаючы на сваё дачыненне да спецслужбаў. Ён так і не завёў сям'ю, а жыў цягам 17 гадоў у брата. Таму гэта ў рэшце рэшт надакучыла, і ён выселіў сваяка, які да таго ж стаў занадта панурым і грубым.

Апошнія некалькі гадоў жыцця Берг пражыў у сваёй сястры ў Нью-Джэрсі. Увесну 1972 года ён зваліўся з лесвіцы і неўзабаве ад атрыманых траўмаў памёр ва ўзросце 70 гадоў. Па просьбе Морыса яго крэміравалі, а прах развеялі ў Іерусаліме.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by