26 871
09 мая 2022 в 8:00
Источник: Зміцер Адашкевіч

Бурбалка лопаецца? Што адбываецца з біткоінам і іншай крыптавалютай

Источник: Зміцер Адашкевіч
Ослепительные скидки в Каталоге Onlíner

У крыптатрэйдараў за апошнія тыдні зноў дадалося сівізны. Біткоін, курс якога яшчэ ў лістападзе мінулага года набліжаўся да $70 тысяч, сёння каштуе амаль удвая менш. Асабліва моцнае падзенне было на мінулым тыдні, калі крыптавалюта за лічаныя дні страціла больш за 10%. Падобным чынам ідуць справы і ў іншых манет накшталт Ethereum. Няўжо назіраем пачатак канца?

Ва ўсім вінаваты Байдэн?

Можна колькі заўгодна казаць, што дэцэнтралізаваная крыптавалюта не залежыць ад знешніх абставін, а яе курс вызначаецца толькі дзеяннямі крыптасупольнасці. Насамрэч курс біткоіна сапраўды гэтак жа залежыць ад эканамічных і палітычных падзей, як і курс фіятнай валюты.

Не выклікае сумнення, што сёння больш за ўсё на курс крыптавалюты ўплывае тое, што адбываецца ў ЗША. Самая вялікая эканоміка свету мае вырашальнае значэнне ва ўстанаўленні курса біткоіна ды іншых крыптаманет. Па словах эканамістаў, неспрыяльна на курсе крыпты адбіваецца інфляцыя, а таксама непрадказальнасць у працяглай барацьбе краіны з COVID-19. Не так даўно колькасць ахвяр каранавіруса ў ЗША перавысіла мільён чалавек — гэта самы высокі паказчык у свеце.

Акрамя таго, у красавіку амерыканскія ўлады зноў загаварылі аб узмацненні рэгулявання крыптарынку. Мэты заяўляюцца добрыя — спыненне незаконнай дзейнасці, якая адмывае капіталы праз крыпту, рэгуляванне стэйблкоінаў, абарона крыптаінвестараў і барацьба з ухіленнем ад выплаты падаткаў. Аднак сам факт рэгулявання вельмі занепакоіў энтузіястаў, якія актыўна топяць за дэцэнтралізаваны характар лічбавых валют.

У такой новай галіне, як крыптавалюта, дастаткова любых, нават не самых лёсавызначальных рашэнняў, каб значна паўплываць на бягучы курс. Так і адбылося з заканадаўчымі ініцыятывамі адміністрацыі Джо Байдэна. Да таго ж акумулюючы эфект аказалі іншыя фактары. Гэта, напрыклад, пастаянны рост колькасці розных «смеццевых» крыптавалют, леташні крыптавалютны бан у Кітаі і паўжартаўлівыя пасты Ілана Маска ў Twitter, якімі ён з лёгкасцю расхіствае рынак.

Цяперашняе становішча крыптавалют аналітыкі параўноўваюць з крахам фондавага рынку ў 1987 годзе. Тады кошт шматлікіх акцый абваліўся ўдвая, а на іх аднаўленне спатрэбіліся гады. Сёння многія лічаць, што крыптарынак яшчэ не поўнасцю асеў і некаторы час будзе працягваць рухацца ўніз. Але што потым?

«Не панікуйце і не блюйце»

Крыптавалютны рынак ужо не раз даказваў, што любыя прагнозы любых эканамістаў у дачыненні да будучыні крыптавалют нічога не вартыя. Тым не менш нехта ж павінен выступіць у якасці вострава стабільнасці, які нібыта дакладна ведае, што будзе з біткоінам.

І такія людзі знаходзяцца. Так, крыптаэксперт Кіяна Даніял упэўнена, што ў сярэднетэрміновай перспектыве курс біткоіна будзе вагацца ў раёне $31—37 тысяч. Больш песімістычна настроеныя аналітыкі не выключаюць, што падзенне будзе яшчэ больш істотным. Аптымісты ж заклікаюць узгадаць 2017 год, калі крыптавалюты пацярпелі так званы крыптакрах, а многія з іх страцілі да 80% кошту.

Пры гэтым усе па-ранейшаму любяць паўтараць, што крыптавалюта — рэч надзвычайнай валацільнасці. «У вас ёсць велізарныя шанцы ўсё страціць і зусім невялікая верагоднасць выйграць па-буйному», — трапна заўважыў фінансавы дырэктар Modern Money Management Нэйт Ньеры.

Ён жа дае яшчэ адну параду, вынесеную ў падзагаловак гэтай часткі. Нэйт верыць, што нават калі падзенне крыптарынку і будзе нагадваць крах фондавага рынку 1987 года, то адновіцца ён значна хутчэй. Галоўнае — не паддавацца эмоцыям і не рабіць неабдуманых учынкаў з купляй-продажам «бітка».

Прыхільнікі самай галоўнай крыптавалюты нагадваюць, што нават з улікам сённяшняга падзення біткоін усё яшчэ каштуе ў пяць разоў даражэй, чым пару гадоў таму. Праўда, некаторыя лічаць за лепшае не ўспамінаць, што год таму курс манеты быў удвая вышэйшы, чым зараз. У цэлым для крыптарынку няма нічога дзіўнага і ў рэзкіх падзеннях, і ў такім жа рэзкім росце.

Нягледзячы на гіганцкую валацільнасць, многія эксперты па-ранейшаму ўпэўнены, што біткоін знаходзіцца на шляху да адзнакі ў $100 тысяч. Меркаванні разыходзяцца толькі наконт таго, калі гэта адбудзецца. Нядаўняе даследаванне, праведзенае Deutsche Bank, паказвае, што каля чвэрці крыптаінвестараў лічаць, што запаветнага курсу манета дасягне праз пяць гадоў. Сёй-той не выключае, што пераадолець планку ў $100 тысяч у «бітка» атрымаецца нават да канца 2022 года.

Чаму большасць крыптааналітыкаў упэўнена, што курс манеты будзе расці (некаторыя наогул называюць фантастычную лічбу ў $12 мільёнаў за біткоін да 2031 года)? Адказ — дэфіцыт і закон попыту-прапановы, які тычыцца крыптавалютнага рынку гэтак жа, як і любога іншага. Зараз у абарачэнні знаходзіцца каля 19 мільёнаў біткоінаў, а ўсяго іх 21 мільён. Гэта значыць, што існуюць фіксаваная прапанова і попыт, які пастаянна расце. Пры такім раскладзе рост курса практычна непазбежны. Калі, вядома, у адзін момант «біток» не стане ўсім нецікавы.

«Крыпта выкарыстоўвае нашыя слабасці ў дачыненні да дэфіцыту. Глыбока ў чалавечай псіхіцы ёсць нейкая сіла, якая прымушае асабліва моцна шанаваць рэдкія рэчы. Гэта рухальная сіла для продажу прадметаў раскошы і крыптавалюты»

Метасусвет — выратаванне для крыптавалюты?

У мінулым годзе заснавальнік Facebook абвясціў аб стварэнні на аснове сваёй сацсеткі метасусвету. Гаворка пра віртуальную прастору, у якой літаральна можна будаваць жыццё як у рэальнасці. Праз свой аватар там можна працаваць і адпачываць, падарожнічаць і проста бадзяцца па віртуальным свеце, але галоўнае — прадаваць і купляць. Апошняе — самае важнае ва ўсёй гэтай ідэі.

Уся гэтая на першы погляд млявая ідэя насамрэч утрымлівае ў сабе велізарны бізнес-патэнцыял. Услед за Цукербергам са сваімі метасусветамі падцягнуліся іншыя кампаніі. А ўжо калі ўсё гэта аб'яднаецца — беражыцеся, кашалькі! Адкрыць віртуальныя дзверы віртуальнай кватэры, прагуляцца па віртуальнай вуліцы да віртуальнага салона Mercedes, набыць віртуальны аўтамабіль і памчаць на ім у віртуальнае кафэ, каб адзначыць пакупку віртуальнай гулянкай...

Спецыялісты актыўней загаварылі пра Web3 — новую ітэрацыю сусветнага павуціння, эфект ад якой будзе падобны да сейсмічнага зруху і цалкам зменіць нашы ўяўленні аб інтэрнэце. Маўляў, праз некалькі гадоў усе мы будзем у віртуальных шлемах сядзець у метасусветах, карыстацца іх 3D-сэрвісамі і купляць, купляць, купляць. А фінансавыя аперацыі, зразумела, будуць грунтавацца на блакчэйне. Дык вось для чаго нарэшце спатрэбіцца крыптавалюта!

Надыходзіць будучыня, у якой віртуальная эканоміка можа стаць такой жа лёсавызначальнай, як яе рэальны аналаг. Ужо сёння многія буйныя карпарацыі шукаюць спосабы манетызацыі ў лічбавых метасусветах. Як вам, напрыклад, Gucci, якая стала прадаваць віртуальныя сумкі з NFT-сертыфікатамі даражэй за фізічныя аналагі? У гэтым жа напрамку актыўна працуюць Louis Vuitton, Burberry, Nike. Прадаваць намаляваныя на камп'ютары красоўкі па кошце фізічнага аб'екта — хіба гэта не мара любога бізнесмена бліжэйшай будучыні?

Што за валюта будзе хадзіць у тым ці іншым метасусвеце, не так ужо важна. Не важна, будзе Gucci прымаць толькі віртуальныя манеты ўласнага брэнда, Dogecoin ці што-небудзь яшчэ. Важна тое, што ў крыптасусветах будзе хадзіць крыптавалюта, якую карыстальнікі ў большасці сваёй будуць купляць за рэальныя грошы.

У гэтым многія спецыялісты бачаць вялікі штуршок для чарговага вітка развіцця крыпты. Рост метасусветаў, віртуальных светаў, лічбавых тавараў і сэрвісаў павялічыць папулярнасць альткоінаў, што, у сваю чаргу, немінуча падыме цікавасць і да «крыніцы» крыпты ў выглядзе біткоіна.


Наогул жа пасля знаёмства з меркаваннямі людзей, якія называюць сябе крыптаэкспертамі, складваецца ўражанне, што нават сёння мала хто выразна ўяўляе, для чаго патрэбная крыптавалюта і якая ў яе будучыня. Тое ж, зрэшты, тычыцца і праціўнікаў крыпты.

Пакуль відавочна адно — курс асноўных манет сур'ёзна падае. Тым не менш такое ў гісторыі было не раз. Крыптагуру ўпэўненыя, што «біток» сваё адыграе і ўзбагаціць сваіх уладальнікаў. Можа і так. А можа, проста бурбалка разрастаецца яшчэ больш?

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by