«Адкрыты, бясплатны, бяспечны і стабільны». Якім будзе інтэрнэт будучыні

20 203
05 мая 2022 в 8:00
Источник: Зміцер Адашкевіч

«Адкрыты, бясплатны, бяспечны і стабільны». Якім будзе інтэрнэт будучыні

Источник: Зміцер Адашкевіч

Нядаўна мы пісалі аб суверэнізацыі інтэрнэту — шляху, па якім спрабуюць ісці многія ўсходнія краіны, уключаючы Кітай, КНДР і Расію. Днямі больш за 60 дзяржаў, у тым ліку ЗША і краіны ЕС, падпісалі сваю дэкларацыю аб будучыні інтэрнэту. Яе ўжо назвалі «заходняй канцэпцыяй» развіцця сеціва і супрацьпастаўляюць «суверэннаму інтэрнэту». Мы вырашылі зазірнуць у дэкларацыю і паглядзець, якой жа бачаць будучыню сусветнай павуціны на Захадзе.

Шмат літар, мала канкрэтыкі

Для пачатку варта ўдакладніць, што дэкларацыя толькі абагульнена апісвае некаторыя правілы, паводле якіх краіны, што падпісалі дакумент, пагадзіліся развіваць сеціва. Ніякіх канкрэтных крокаў для дасягнення гэтых мэт не пазначаецца. Альбо краіны самі будуць зыходзіць са сваіх магчымасцей, альбо давядзецца чакаць тэхнічнай дакументацыі, у якой будуць выпрацаваны канкрэтныя крокі.

Акрамя таго, як і амаль усякая дэкларацыя, новы дакумент змяшчае ў сабе мноства прыгожых, але даволі агульных у кантэксце пазначаных мэт фраз. Так, аўтары канцэпцыі абяцаюць абараняць правы і свабоды чалавека, падтрымліваць інклюзіўнасць вэб-паслуг, забяспечваць давер да лічбавай экасістэмы і г. д. Усё гэта добра, але ніжэй мы будзем абапірацца на куды больш канкрэтныя заявы аб дэцэнтралізацыі, бясплатнасці, прыватнасці, сеткавым нейтралітэце і свабодным распаўсюджванні інфармацыі.

Дэцэнтралізацыя

Інтэрнэт будучыні павінен заставацца дэцэнтралізаваным і ўзаемазвязаным у рамках сусветнай інфраструктуры. Па сутнасці гаворка ідзе аб супрацьпастаўленні так званаму сплінтэрнэту, за які выступаюць, напрыклад, Расія і Кітай.

Сплінтэрнэт, які яшчэ называюць «балканізаваным інтэрнэтам», грунтуецца на прынцыпах арганізацыі сусветнай павуціны як мноства лакальных сетак, якія ўзаемадзейнічаюць адна з адной. Прычым узровень і тэмпы ўзаемадзеяння вызначае кожны ўладальнік той ці іншай сеткі, гэта значыць па сутнасці кожная дзяржава. «Балканізацыяй» такі працэс назвалі на ўзор палітычнага тэрміна, які азначае «распад».

Адэпты сплінтэрнэту сцвярджаюць, што такое сеціва прасцей абараняць. Прыхільнікі ж дэцэнтралізацыі ўпэўненыя, што пад тэрмінам «абараняць» насамрэч хаваецца жаданне кантраляваць. Па іх словах, у выніку гэта можа прывесці да канфліктаў паміж рознымі ўмоўна лакальнымі сеткамі на ідэалагічнай і/або палітычнай глебе. У такім выпадку інтэрнэт становіцца зброяй у барацьбе з «вонкавым ворагам». Пры дэцэнтралізаваным інтэрнэце выкарыстоўваць сетку ў якасці зброі складаней і вельмі затратна фінансава.

Варта адзначыць, што нават сярод краін, якія падпісалі дэкларацыю, дастаткова прыкладаў адыходу ад прынцыпаў дэцэнтралізацыі. Напрыклад, у Еўропе каля дзесяці гадоў таму сур'ёзна абмяркоўвалі неабходнасць «суверэнізацыі» інтэрнэту, каб яго можна было абараняць гэтак жа, як тэрыторыю той ці іншай краіны.

Канфідэнцыяльнасць

Па-ранейшаму вялікую ўвагу аўтары дакумента заклікаюць надаваць прыватнасці карыстальнікаў інтэрнэту. У дадзеным кірунку палітыка Захаду паслядоўная, прынцыповая і максімальна супрацьпастаўлена «алгарытмам і інструментам для назірання за грамадзянамі». Размова ў першую чаргу пра кітайскую сістэму сацыяльнага крэдыту, калі грамадзяне ацэньваюцца шляхам адсочвання іх дзеянняў у розных галінах сацыяльнага жыцця.

У выпадку з Еўропай і ЗША, наадварот, аб'яўлены курс на максімальную абарону персанальных звестак. У наш час асабліва яскрава ў гэтым сэнсе выглядае «Агульны рэгламент па абароне дадзеных», больш вядомы па абрэвіятуры GDPR. Ён пачаў працаваць у Еўропе чатыры гады таму.

Калі сцісла, то GDPR уводзіць адказнасць для кампаній, якія захоўваюць і апрацоўваюць персанальную інфармацыю аб карыстальніках. Напрыклад, пры запаўненні профілю ў сацыяльнай сетцы вы пазначылі свае рэлігійныя перакананні — адміністрацыя сацсеткі абавязваецца старанна абараняць гэтыя дадзеныя, таму што яны лічацца прыватнымі. Калі гэтыя дадзеныя кудысьці «сплылі» і апынуліся ў агульным доступе — тады штраф да 20 мільёнаў еўра або 6% гадавога абароту за папярэдні фінансавы год. Усё гэта не жарты, і некаторыя гіганты ўжо атрымалі вялізныя штрафы за парушэнне (прычым ненаўмыснае) нормаў GDPR. Так, British Airways і Marriott у свой час былі выстаўлены рахункі на $230 і $123 мільёна адпаведна.

Няма сумнення, што адказнасць за захаванасць і бяспеку персанальнай інфармацыі будзе толькі павялічвацца. Кампаніі пры гэтым будуць расходаваць усё больш сродкаў на абарону такой інфармацыі. Зрэшты, тычыцца гэта будзе толькі жыхароў краін, якія падпісалі дэкларацыю. Тая ж Apple, вядомая сваёй паслядоўнасцю ў абароне асабістых дадзеных, для Кітая зрабіла выключэнне, размясціўшы там дата-цэнтр і фактычна перадаўшы мясцоваму ўраду доступ да любой інфармацыі пра кітайскіх карыстальнікаў інтэрнэту.

Сеткавы нейтралітэт

Асаблівую ўвагу ў інтэрнэце будучыні будуць надаваць прынцыпам сеткавага нейтралітэту. Гаворка пра тое, што краіны і правайдары не будуць аддаваць перавагу аднаму тыпу сеткавых паслуг перад іншымі. Напрыклад, анлайн-гульні не будуць ушчамляць на карысць вэб-сёрфінгу. Увогуле, трафік не дзеліцца на катэгорыі, і ставяцца да яго распаўсюджвання аднолькава.

Здавалася б, ідэя зразумелая і натуральная. Навошта ж яе ўвогуле дэклараваць? Сакрэт, як гэта часта бывае, крыецца ў вялікіх грошах. Буйныя тэлекамунікацыйныя кампаніі могуць запавольваць працу тых ці іншых рэсурсаў, стымулюючы іх уладальнікаў аплачваць магчымасць хутчэйшага доступу. Або, напрыклад, які-небудзь буйны аператар, у якога ёсць свой відэасэрвіс, можа запавольваць доступ да YouTube.

Сеткавы нейтралітэт прасоўваюць буйныя інтэрнэт-кампаніі, такія як Google. Супраць яго часта выступаюць правайдары. У Расіі, напрыклад, аператары сувязі прасілі ўлады не забараняць ім запавольваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў. Ніхто, праўда, забараняць гэта і не збіраўся.

У вас можа ўзнікнуць пытанне: маўляў, як гэта Google прытрымліваецца сеткавага нейтралітэту, калі нават у пошукавай выдачы доступ да тых ці іншых рэсурсаў можа абмяжоўвацца? На гэты конт ёсць агаворка — палітыка сеткавага нейтралітэту тычыцца любога ЗАКОННАГА трафіку. Так што на заканадаўчым узроўні па-ранейшаму можна запаволіць ці абмежаваць доступ да якіх-небудзь сэрвісаў. Напрыклад, гэта тычыцца пірацкіх торэнт-трэкераў.

Зрэшты, трэба будзе вырашыць куды больш тонкія супярэчнасці. У Вялікабрытаніі, напрыклад, існуе пастанова аб бяспецы ў сеціве, якая патрабуе ад карпарацый прыбіраць з пошукавай выдачы «законны, але шкодны» кантэнт, што б гэта ні значыла. Паглядзім, як яно будзе насамрэч.

Бясплатнасць

О, гэтае салодкае слова «халява». На жаль, няма ніякіх падрабязнасцей наконт таго, хто, як і калі будзе арганізоўваць бясплатны інтэрнэт. У дэкларацыі свабодны доступ у сеціва згадваецца зусім мімаходам, літаральна адзін раз і адным словам. Магчыма, увагу на бясплатнасці не сталі завастраць таму, што пакуль усе маштабныя спробы арганізаваць доступ у інтэрнэт без спагнання платы былі беспаспяховымі.

Нават буйныя сусветныя карпарацыі не раз цярпелі крах на шляху да бясплатнага вэбу. Асабліва ў гэтым напрамку старалася Google. У 2015 годзе яна запусціла праект Station па развіцці сеткі Wi-Fi для бясплатнага доступу ў інтэрнэт. Такія сеткі паспелі разгарнуць у Індыі, Інданезіі, Мексіцы і шэрагу іншых краін. Аднак пару гадоў таму праект закрылі з-за цяжкасцей з манетызацыяй. У Google разлічвалі, што пакрываць выдаткі на «бясплатны» інтэрнэт будуць спонсары і рэкламадаўцы, аднак надзеі не апраўдаліся.

Таксама фантастычным і пры гэтым перспектыўным выглядаў Project Loon ад усё той жа Google. Кампанія хацела даць інтэрнэт жыхарам вясковых рэгіёнаў з дапамогай аэрастатаў, якія дрэйфуюць у стратасферы на вышыні 18—25 км. На жаль, год таму быў зачынены і гэты праект.

У наш час бясплатнасць доступу ў інтэрнэт забяспечваецца лакальна бізнэсам у грамадскіх месцах. Напрыклад, праз Wi-Fi у кафэ. Акрамя таго, кошт доступу ў сеціва ўвесь час зніжаецца дзякуючы развіццю інтэрнэт-сферы. Магчыма, пад бясплатнасцю аўтары дэкларацыі мелі на ўвазе «халяўны» інтэрнэт у выглядзе бонусу да нейкага пакета паслуг.

Вольнае распаўсюджванне інфармацыі

Мабыць, самае складанае і дыскусійнае палажэнне дэкларацыі. Аўтары дакумента прызнаюць, што «лічбавыя інструменты ўсё часцей выкарыстоўваюцца для падаўлення свабоды выказвання меркаванняў», а распаўсюджванне інфармацыі «абмяжоўваецца некаторымі анлайн-платформамі і аўтарытарнымі ўладамі».

Пакуль не зразумела, як плануецца забяспечваць свабоднае распаўсюджванне інфармацыі. Нагадаем, нядаўна Ілан Маск, абмяркоўваючы магчымую пакупку Twitter, заявіў, што мае намер забяспечыць максімальную свабоду слова на платформе. У адказ адпаведныя органы ЕС папярэдзілі бізнесмена, што яму давядзецца выконваць прынятыя ў Еўропе правілы. У адваротным выпадку Twitter чакае штраф, а то і забарона.

Што з гэтым рабіць і як быць — пакуль няясна. Застаецца назіраць за сітуацыяй.


Выбор покупателей
Onlíner рекомендует
Smart TV, Wi-Fi, 1080p
Выбор покупателей
Onlíner рекомендует
USB, Smart TV, Wi-Fi, 4K, поддержка HDR
Onlíner рекомендует
Smart TV, Wi-Fi, 4K, поддержка HDR

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by