21 909
26 апреля 2022 в 8:00
Источник: Зміцер Адашкевіч

Топ-5 псеўданавуковых міфаў, у якія ўсе чамусьці вераць

Няхай не ўсе, але вельмі многія людзі жывуць у палоне скажоных уяўленняў аб свеце. Не так ужо важна, склаліся яны пад уплывам тэлевізара, кіно ці не вельмі прадуманых кніг, але факт застаецца фактам — некаторыя псеўданавуковыя «факты» так моцна заселі ў галаве, што паверыць у іх безгрунтоўнасць няпроста. Сёння развянчаем пяць самых адыёзных і ўкаранелых міфаў.

У адкрытым космасе чалавек без скафандра ператворыцца ў лядаш/лопне/узарвецца і г. д.

Аб паводзінах чалавечага цела пры «прамым кантакце» з адкрытым космасам існуе асабліва шмат легенд. На працягу доўгіх гадоў фільмы і шматлікія фантастычныя раманы запэўнівалі нас, што калі чалавек апынецца ў космасе без скафандра, то ён імгненна ператворыцца ў лядаш. Або ўзарвецца ад перападу ціску. Або ў яго закіпіць кроў. Як мінімум — лопнуць вочы. Апынуцца ў такой сітуацыі сапраўды не вельмі хочацца, але ўсё ж смерць будзе не настолькі жудасна-драматычнай.

Што да ператварэння ў лядаш, то гэта, вядома, здарыцца, але ве-е-ельмі няскора. У космасе няма паветра, без якога немагчымы канвектыўны цеплаабмен. Гэта азначае, што цела практычна не будзе губляць цяпло (будзе, але вельмі і вельмі павольна). Адзінае, з паверхні скуры імгненна выпарыцца вадкасць — пот, слёзы, сліна. У гэтых месцах магчымае мясцовае астуджэнне, пры якім рот, вочы і нос сапраўды астудзяцца да тэмпературы замарожвання.

Лопацца ў космасе таксама практычна няма чаму. Хіба што могуць разарвацца лёгкія, калі чалавек захоча затрымаць дыханне — дыхальныя шляхі не разлічаны на стрымліванне атмасфернага ціску ў вакууме. Затое астатняе цела застанецца больш-менш цэлым. Яно можа толькі трохі распухнуць з-за ўтварэння вадзяной пары ў мяккіх тканках і вянознай крыві. Аднак скура ўтрымае ўсе органы на месцы.

Закіпання крыві таксама можна не баяцца. Усё дзякуючы эластычнасці сасудаў, якія змогуць утрымаць крывяны ціск на даволі высокім узроўні. Так што тэмпература цела будзе ніжэй за тэмпературу кіпення да таго часу, пакуль будзе працаваць сэрца.

Самае небяспечнае для чалавека ў адкрытым космасе — банальная адсутнасць кіслароду. Кроў без доступу да кіслароду прывядзе да кіслароднага галадання мозгу. Так што праз 10—15 секунд чалавек страціць прытомнасць. Хутчэй за ўсё, нават праз пару секунд. Таму што апынуцца ў космасе без скафандра — той яшчэ стрэс, а стрэс — гэта выбух адрэналіну, які яшчэ больш паскарае тэмпы спальвання кіслароду.

Увогуле, праз некалькі секунд адключыцца мозг, а яшчэ праз хвіліну-дзве ў выніку недахопу кіслароду ён увогуле перастане працаваць разам з астатнімі органамі.

У Месяца ёсць цёмны бок, які ніхто ніколі не бачыў

Раз ужо з космасу пачалі, то ім і працягнем. Дзякуючы старым добрым кніжкам старых добрых фантастаў многія да гэтага часу ўпэўнены, што ў натуральнага спадарожніка Зямлі ёсць так званы цёмны бок. Гэта загадкавая вобласць, якая не асвятляецца Сонцам, не бачная з нашай планеты і ўвогуле не вывучана. І хто яго ведае, што можа хавацца там у цяні...

Ніякага цёмнага боку ў Месяца няма. Ёсць так званы адваротны бок, які сапраўды не бачны з Зямлі з-за вельмі падобных перыядаў вярчэння спадарожніка вакол планеты і вакол сваёй восі. Да сярэдзіны мінулага стагоддзя ўсё гэта сапраўды выглядала дзіўна і загадкава. Аднак у канцы 1950-х заслона таямнічасці з цёмнага боку Месяца спала.

У кастрычніку 1959 года адваротны бок спадарожніка сфатаграфавала міжпланетная станцыя «Луна-3». Ужо праз год з'явілася дэталізаваная карта гэтай месяцовай вобласці. Пазней той бок Месяца неаднаразова даследавалі самыя розныя касмічныя апараты.

Так што ў наш час пра адваротны бок вядома не менш, чым пра бок, бачны з Зямлі. Вось проста сёння там знаходзіцца кітайскі месяцаход, які старанна даследуе гэтую вобласць спадарожніка. Цікавага там хапае, але ніякіх рэптылоідаў усё ж няма.

Чалавек выкарыстоўвае толькі 10% (1, 3, 5, 15% і г. д.) мозгу

У адносінах да некаторых гэта, магчыма, і так. Аднак у цэлым сцвярджэнне аб тым, што чалавек выкарыстоўвае толькі невялікую частку магчымасцей свайго мозгу, вельмі спрэчнае. Міф актыўна эксплуатуюць не толькі ў кіно, але і ў літаратуры. Байкі аб звышлюдзях, якія прапампавалі мазгі на 100%, даволі папулярныя, асабліва сярод падлеткавай аўдыторыі.

Пры гэтым ніхто не ведае каранёў гэтай памылкі. Часцей за ўсё спасылаюцца на якога-небудзь вучонага. Напрыклад, доўгі час «тэорыю аб 10%» прыпісвалі Альберту Эйнштэйну.

Зрэшты, усё гэта не вельмі важна, бо непраўдзіва. Найперш некарэктна сфармулявана само сцвярджэнне. Што ўвогуле азначае «мозг працуе на 10%»? Гаворка пра аддзелы мозгу ці да ўвагі прымаецца агульная колькасць клетак у мозгу? Першае абвяргаецца прасцей за ўсё. Дастаткова змясціць чалавека ў апарат МРТ, каб убачыць, што нават падчас найпростых дзеянняў (гутарка, дробныя рухі) у мозгу задзейнічана значна больш дзясятай часткі аддзелаў.

Няма ніводнага мазгавога ўчастка, які б у здаровага чалавека застаўся без працы на працягу сутак. Але, зразумела, у залежнасці ад характару гэтай працы ў адзін час актыўней адны аддзелы, а ў іншы — другія. За зрок, слых, маўленне і г. д. адказваюць розныя ўчасткі мозгу, таму пры пэўных абставінах адны з іх больш актыўныя, чым іншыя. Аднак нават у сне функцыянуе куды больш за дзясятую частку аддзелаў, бо трэба кантраляваць дыханне, сэрцабіцце ды іншыя функцыі арганізма.

Калі ж маюцца на ўвазе 10% ад агульнай колькасці мазгавых клетак, то і тут усё проста. Калі нервовыя клеткі не задзейнічаны, то яны выраджаюцца і паміраюць. На сілкаванне мозгу, маса якога складае ўсяго 2% ад масы цела, ідзе 20% кіслароду. Гэта вельмі дарагое задавальненне, якое не змагла б дапусціць эвалюцыя: навошта аддаваць вялізную частку энергіі на сілкаванне органа, які працуе на нейкія нікчэмныя 10%? У такім разе куды мэтазгодней «вывесці» людзей з такімі ж прадуктыўнымі, але ў 10 разоў драбнейшымі і куды больш энергаэфектыўнымі мазгамі. Гэтага, аднак, не адбылося. Наадварот, падчас эвалюцыі гэты орган станавіўся толькі большым.

Чаму ж міф пра 10% такі жывучы, калі ў яго няма навуковага абгрунтавання? Магчыма, справа ў непаразуменні: 90% мазгавых клетак (белае рэчыва) — гэта так званыя гліяльныя клеткі, якія наўпрост не ўдзельнічаюць у правядзенні нервовых імпульсаў, аднак сілкуюць астатнія 10% нейронных клетак (шэрае рэчыва), якія ў першую чаргу і адказваюць за працэс мыслення.

Аднак лічыць на гэтай падставе, што мозг задзейнічаны толькі часткова, усё роўна няправільна. Белае і шэрае рэчывы надта розныя па сваіх функцыях, і гліяльныя клеткі не могуць перарадзіцца ў нейроны.

Нервовыя клеткі не аднаўляюцца

Працягнем тэму мозгу і нейронаў. Гаворка ўжо пра сапраўдны навуковы міф. Доўгі час навука лічыла, што чалавек нараджаецца з пэўным наборам нервовых клетак, якія на працягу жыцця паступова страчваюцца.

Даўным-даўно даказана, што гэта не так. Існуе нейрагенез — працэс утварэння новых нервовых клетак з клетак-папярэдніц. Адбываецца гэта ў пэўных зонах — нейрагенных нішах. Іх няшмат, і адна, напрыклад, знаходзіцца ў гіпакампе. Штодня ўтвараецца каля 700 нервовых клетак, якія ўбудоўваюцца ў наяўныя нервовыя сеткі і адпраўляюцца ў аддзелы мозгу, якія маюць патрэбу ў іх.

І ўсё ж некаторая праўда ў выразе «нервовыя клеткі не аднаўляюцца» ёсць. Звычайна такую фразу прамаўляюць пры наяўнасці стрэсавай або патэнцыйна стрэсавай сітуацыі. І ў гэтым выпадку яна набывае сэнс. Рэч у тым, што пры стрэсе арганізм выпрацоўвае так званыя стрэсавыя гармоны — глюкакартыкоіды. Яны дазваляюць імгненна прымаць рашэнне ў небяспечнай сітуацыі. Яны ж, аднак, спыняюць нейрагенез і знішчаюць наяўныя нейроны.

Так што калі мы гаворым аб стане стрэсу, то сапраўды нервовыя клеткі менавіта ў гэты час не аднаўляюцца. Аднак як толькі дзеянне глюкакартыкоідаў спыняецца, неадкладна аднаўляецца і нейрагенез. Такім чынам, небяспеку ўяўляе зацяжны стрэс, які сапраўды здольны парушыць нервовыя сувязі і, як вынік, кагнітыўныя функцыі.

Маланка не б'е двойчы ў адно і тое ж месца

Нарэшце, трывалы прыродны міф. Цікава, што выраз, падобны па сэнсе на «маланка не б'е двойчы ў адно і тое ж месца», існуе ў шматлікіх мовах. Ён павінен ілюстраваць вельмі нізкую верагоднасць паўтарэння адной падзеі два разы запар.

Галоўнае — не кіравацца гэтай прымаўкай у рэальнасці, таму што гаворка ідзе пра жыццё і здароўе. Тым больш што насамрэч усё адбываецца наадварот.

Маланка не толькі можа, але і вельмі часта б'е ў адно і тое ж месца двойчы (а то і тройчы). Напрыклад, падчас навальніцы яна трапляе ў будынкі вышынёй больш за 300 метраў некалькі разоў. Зрэшты, маланкі, як вядома, любяць такія аб'екты. А што наконт умоў без уліку вялізных пабудоў?

Навукоўцы з Інстытута атмасфернай фізікі пры Універсітэце Арызоны прааналізавалі ўсе маланкі, якія «наведвалі» мясцовы горад Туксон летам 1997 года. Аказалася, што з 386 выбліскаў 136 разоў маланка трапіла ў адно і тое ж месца два і больш разоў. Па словах даследчыкаў, з верагоднасцю 67% маланка ўдарыць на адлегласці да 100 метраў ад першага ўдару.

У цэлым з улікам усіх абставін фізікі прыйшлі да высновы, што верагоднасць паўторнага ўдару маланкі ў адно і тое ж месца складае 45%. Пагадзіцеся, гэта куды больш, чым міфічныя 0%.


«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by

Источник: Зміцер Адашкевіч