7003
07 апреля 2018 в 11:12
Автор: Константин Сидорович

Фотасюжэт «Уік-энд у вясновым Стамбуле»

Автор: Константин Сидорович

У рэдакцыю Onliner.by напісаў жыхар Мінска Павел. Хлопец працуе фатографам і некалькі тыдняў таму трапіў у Стамбул. Горад так яго ўразіў, што Павел не выпускаў з рук камеру. Прапануем вам цікавы і, як нам падалося, вельмі атмасферны фотарасказ. Слова аўтару.


У Стамбул мы трапілі напрыканцы сакавіка ў час турыстычнай перазменкі: горад толькі рыхтаваўся прыняць турыстаў новага сезона. Асноўныя архетыктурныя цікавосткі хаваліся ў рыштаваннях, гандляры-рамеснікі спяшаліся напоўніць паліцы новымі вырабамі, а цюльпаны толькі-толькі набывалі колеры. Здавалася б, самы актыўны час для горада наперадзе. Але, як высветлілася, актыўны стан для Стамбула — перманентны. І не дзіва: па афіцыйных звестках, у горадзе, які знаходзіцца ў дзвюх частках свету, жыве каля 14 мільёнаў чалавек.

Натуральна, што такая колькасць людзей спараджае раёны-шпакоўні з шчыльна наторканымі дамамі, вузкімі вуліцамі і перакінутымі праз іх вяроўкамі з бялізнай. У горадзе пастаянна нешта адбываецца: тут ціснуць свежы сок з гранатаў, там прадаюць бублікі-сіміты ды каштаны, на шляху з кожнага падвала вызіраюць смуглявыя дзядзечкі і клічуць набыць недарагі кажушок, а на пераходзе «п-с-с-с!» — азіраючыся па баках, хлопец дэманструе ў чорным пакеце элітную парфуму (па прымальным кошце!).

Самі стамбульцы ва ўсёй гэтай мітусні знаходзяць час пад гульню ў нарды выпіць аскомістай гарбаты, абмеркаваць апошнія навіны і пачухаць коцікаў, да якіх у горадзе асаблівае стаўленне. Наогул, у Стамбуле няма паняцця «бяздомная жывёла» — тут пад апекай гараджан і каты, і сабакі: ім робяць дамкі, кормяць і, калі трэба, лякуюць. Дарэчы, большая частка сабак — з чыпамі, гэта значыць, яны стэрылізаваныя, прышчэпленыя і гатовыя да жыцця сярод людзей у горадзе.

На першы погляд можа здацца, што ў Стамбуле пануе суцэльны хаос. Але праз некалькі дзён асэнсоўваеш: гэта ўпарадкаваны хаос, у якім заключаецца сама сутнасць Стамбула.

Фотаапараты ў каталозе Onliner.by

Нейкае шаленства ў нашым Telegram-канале

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by